Гэта дзень, калі ўшаноўваюць не, як звычайна, чалавека ці падзею, а дакумент, які рэгламентуе жыццё ўсёй краіны. Дзень Канстытуцыі — нагода для таго, каб нагадаць пра дзяржаўнасць, пра нарматворчы працэс, пра законы, якія ўплываюць на кожнага грамадзяніна. Ёсць і тыя, хто стаіць, можна сказаць, на варце гэтага ключавога дакумента — суддзі Канстытуцыйнага суда. Менавіта з імі ўчора правёў сустрэчу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Без справядлівых законаў, дакладных і лагічных правілаў нельга развіваць дзяржаву, у якой на першым месцы знаходзяцца дабрабыт, прававая і сацыяльная абароненасць грамадзян. Па словах кіраўніка дзяржавы, з часам мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю. «Усё вельмі проста: не трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых. Трэба разумець, што заканатворчасць — гэта жывы працэс, гэта жывы арганізм, які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцця, якое пульсуе наогул у свеце», — сказаў беларускі лідар. Таму Канстытуцыя павінна быць на крок ці нават на два наперадзе змяненняў у грамадстве.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба вельмі дакладна і правільна выбраць момант для ўнясення змяненняў у Галоўны Закон краіны, бо нават самі размовы аб змяненні Канстытуцыі параджаюць у найлепшым выпадку броўнаўскі рух у грамадстве. «А некаторыя вельмі палітызаваныя і зацікаўленыя колы пачынаюць развіваць ужо вельмі бурную дзейнасць на гэтай аснове. Таму важна выбраць час, калі мы будзем падбірацца да карэкціроўкі гэтага закона», — заўважыў Прэзідэнт.
Выпрацоўваючы прапановы па ўдасканаленні Канстытуцыі, няма неабходнасці збіраць асобныя нарады і ствараць рабочыя групы. Галоўнае — прапанаваць канкрэтныя змяненні, бо суддзі здольныя і самі даць неабходныя фармулёўкі. «Канстытуцыйны суд павінен пра сябе гучна заявіць, і, напэўна, гэта будзе самая гучная заява за ўсё існаванне Канстытуцыйнага суда і нашай суверэннай і незалежнай краіны», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Кажучы пра магчымыя карэкціроўкі, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся і да тэмы паўнавартаснай шматпартыйнай сістэмы. У прыватнасці, ужо не раз гучалі прапановы стварыць партыю на базе грамадскай арганізацыі «Белая Русь». «Я катэгарычна супраць, каб гэта была праўладная партыя, каб у ёй былі ўсе начальнікі. Ідуць такія размовы. Хтосьці кажа — час, трэба нешта зняць з улады, перадаць у партыі, трэба кадравыя пытанні вырашаць. Усё гэта правільна. А хтосьці кажа, што не час», — сказаў Прэзідэнт. Калі грамадства гатова да стварэння сапраўднай шматпартыйнай сістэмы, варта дакладна прапісаць ролю партый у Канстытуцыі. Але на цяперашнім этапе, на думку беларускага лідара, у партыях не так шмат членаў, як гэта павінна быць.
Асобнае пытанне — па прававой свядомасці беларусаў, якую трэба развіваць, вядома ж, яшчэ са школы. Асноўны акцэнт варта рабіць на выкладанні ў ВНУ, асабліва — на юрыдычных спецыяльнасцях. Як прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў Акадэмію кіравання і падкрэсліў, што існуючая ў ёй сістэма выкладання патрабуе рэформаў, што студэнтаў важна вучыць таму, што ім сапраўды спатрэбіцца падчас іх будучай работы — пачынаючы з замежнай мовы і заканчваючы правасвядомасцю. І якраз з апошнім лепш за ўсё справяцца суддзі Канстытуцыйнага суда.
Вераніка ПУСТАВІТ
Фота БЕЛТА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».
Каментары