Вы тут

Афрадыта і Станюта — у экспазіцыі твораў Уладзіміра Слабодчыкава


Што галоўнае ў скульптуры? Пластычнасць, вобразнасць альбо, магчыма, філасофскі пасыл? У творчасці знакамітага беларускага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава глядач сутыкаецца з усімі гэтымі складнікамі. Майстар, безумоўна, з'яўляецца адным з самых паспяховых скульптараў краіны. Яго работы вядомыя не толькі на радзіме, але і далёка за межамі. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі творца прадставіў рэтраспектыўны праект «Сублімацыя формы», якім дэманструе асноўны прынцып сваёй творчасці.


...Вясковы хлопец паехаў паступаць у Акадэмію мастацтваў. У яго не было спецыяльнай падрыхтоўкі, тым больш пэўных навыкаў, аднак ён меў самае галоўнае — імкненне да скульптуры. Цяпер узначальвае адпаведную кафедру ў Акадэміі мастацтваў і дапамагае маладым людзям пракладваць шлях наперад. Уладзімір Слабодчыкаў адзначае, што, калі прыйшоў кіраваць кафедрай, яму давялося перажыць складаны перыяд: трэба было не парушыць традыцыю, захаваць спадчыну Бембеля і Анікейчыка і ў той жа час знайсці свой падыход.

Больш за сорак гадоў Уладзімір дэманструе ў мастацтве сваю індывідуальную пазіцыю. Займаўся самымі разнастайнымі відамі і жанрамі скульптуры, пражыў перыяд нацыянальна-арыентаваных пошукаў і фармальных эксперыментаў. Дыяпазон яго праектаў уражвае: ад камернай пластыкі да маштабных манументальных помнікаў на радзіме і за мяжой.

Уладзімір Слабодчыкаў падбірае неабходную пластычную мову, каб паказаць шматграннасць і глыбіню аб'екта. Многія яго героі — жанчыны — моцныя, упэўненыя, нават ваяўнічыя. У экспазіцыі выстаўкі можна ўбачыць як Афрадыту з грэчаскай міфалогіі, так і вобраз, што нагадвае Стэфанію Станюту.

— Жаночыя вобразы і жаночая фігура ў творчасці Уладзіміра Іванавіча раскрыты неверагодна шырока, — расказвае куратар выстаўкі вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава. — Мы не бачым у іх анатамічных падрабязнасцяў, ідэалу жаночай прыгажосці, а бачым менавіта знак, што ўвасабляе вобраз. Фігура кожнай са скульптур — гэта перш за ўсё сублімацыя ідэі, яе перанос у статычную форму.

Уладзімір Слабодчыкаў — мастак-даследчык. Здолеў распрацаваць свой пазнавальны знак у скульптуры. У яго творчасці спалучаюцца такія прыёмы, як экспрэсіўная лепка з геаметрызмам контураў і адкрытай прасторай. Матэрыялу творца надае асаблівы сэнс. Апошнім часам манументальныя бронзавыя статуі яго ўжо не так цікавяць — на першы план выйшлі алюмініевыя рэльефы. Адна з найстарэйшых работ мастака ў экспазіцыі — «Гукі», створаная ў 1980-я гады.

— У свой час мне вельмі спадабалася працаваць з алюмініем. Калі ён паліруецца, атрымліваецца эфект серабра, мельхіёру — каштоўнага матэрыялу, — расказвае Уладзімір Слабодчыкаў. — Ён дастаткова дэкаратыўны, сучасны і па колеры, і па пластыцы. Таму цяпер больш працую з гэтым матэрыялам. У нашым асяроддзі яго называюць сілумінам, таму што сплавы атрымліваюцца неаднародныя, гэта не чысты алюміній.

Часта ў кампазіцыях майстар выкарыстоўвае структуры рашоткі, якія пачынаючы з ХХ стагоддзя сталі сімвалам авангардных эксперыментаў у мастацтве. У работах Уладзіміра Слабодчыкава яны набываюць новае прачытанне: замест жорсткіх абмежаваных структур становяцца паветранымі і лёгкімі, перадаюць імкненне, стан палёту. Сам мастак называе такі стан алегорыяй ваганняў паміж матэрыяльным і духоўным.

Бывае, майстар працуе на заказ, але выбірае: яму цікава не столькі задавольваць заказчыка, колькі зрабіць так, каб у творы жыла душа.

Усё сваё жыццё аўтар вагаецца паміж выкладчыцкай дзейнасцю і мастацтвам. Адзначае, што яму заўсёды складана сумяшчаць гэтыя два кірункі. Былі моманты, калі хацеў усё кінуць і займацца толькі скульптурай, аднак гэтага не дазволіла адказнасць за вучняў. Студэнты Уладзіміра Слабодчыкава часта запрашаюць настаўніка на сустрэчы і з цеплынёй успамінаюць моманты вучобы. Ён кажа, што такія размовы дапамагаюць быць маладзейшым і больш актуальным.

Усё ж такі галоўны лейтматыў творчасці майстра — чалавек: няма нічога больш каштоўнага за дабрыню, якая жыве ў душы людзей, і цеплыню, якая можа саграваць нават на адлегласці, — упэўніцца ў гэтым можна да 25 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Вікторыя АСКЕРА 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.