Летась грамадскасць краіны шырока адзначыла 135-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Нягледзячы на тое, што прайшло шмат розных мерапрыемстваў, прысвечаных Якубу Коласу, тэму нельга лічыць вычарпанай. Штодзённую працу па захаванні спадчыны вялікага пісьменніка вядуць члены яго сям'і: запісваюць і захоўваюць успаміны, даследуюць архівы, рыхтуюць выстаўкі, даклады і артыкулы, удзельнічаюць у сустрэчах у краіне і за мяжой. Як захоўваецца спадчына класіка ў яго сям'і, у памяці новых пакаленняў, мы распыталі ў яго сына Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча і ўнучкі, Марыі Міхайлаўны.
Міхаіл Міцкевіч: «Я — «віноўнік» напісання трох паэм»
92-гадовы Міхаіл Канстанцінавіч, нягледзячы на паважны ўзрост, мае надзвычайную памяць — падзеі і даты з уласнага і бацькавага жыцця памятае яскрава, пра што і расказвае з бліскучым пачуццём гумару. Вядомы навуковец, ён 55 гадоў адпрацаваў у фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук, распрацаваў навуковыя асновы тэхналогіі вырабу такіх складаных дэталяў, як штампы, пасля — арыгінальную тэхналогію вырабу фасоннага дрэваапрацоўчага інструменту і іншыя.
— У 1949 годзе я скончыў політэхнічны інстытут і мяне накіравалі ў фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі навук. А там толькі сталы, крэслы, выпрамнік і некалькі вымяральных прыбораў. Ні станкоў, ні якога іншага абсталявання, — успамінае Міхаіл Канстанцінавіч. — Акадэміі было забаронена набываць станкі, а як без іх тэхналогію распрацоўваць? У такіх умовах мы і пачыналі сваю працу. Тым не менш на заводзе БАТЭ выпусцілі больш за 70 станкоў, якія мы распрацавалі разам з канструктарамі прадпрыемства. Пяць гадоў я быў сакратаром камісіі па абароне доктарскіх дысертацый. Восем гадоў адпрацаваў у экспертным савеце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Праз мае рукі прайшло шмат работ. Некалі ў юнацтве здзівіў бацькаў водгук. Я яму сказаў, што прачытаў цікавую кнігу Дзюма, а ён кажа: «Сынок, гэта пустая літаратура, там няма нічога для душы!». Калі ён быў у складзе камітэта па сталінскіх прэміях, яму дасылалі вялікі стос твораў, я назіраў, як ён прагартае ўсё, штосьці прачытае цалкам, а на іншую рэч скажа: гэта фальш, чытаць не буду. Я здзіўляўся, па якіх прыкметах ён ацэньвае такія работы. А яму дапамагаў велізарны вопыт! І вось калі я сам сотні рэфератаў перачытаў, ужо было проста вызначыць, што каштоўнае, а што — не. Прыходзілася рабіць заўвагі і па два-тры разы адпраўляць дысертантаў дапрацоўваць высновы. Затое пасля гэтага дысертацыя была як цукерачка.
— На заслужаным адпачынку вы ажыццявілі шэраг праектаў па захаванні спадчыны бацькі, у прыватнасці надрукавалі некалькі кніг...
— Так, калі пакінуў Акадэмію навук, мяне запрасілі на працу ў музей Якуба Коласа. Я зрабіў больш за сотню выступленняў у школах, гімназіях, універсітэтах, ваенных часцях, часта браў з сабой паэта і літаратуразнаўцу, аўтара выдатнай кніжкі «Запрашэнне ў музей» Івана Курбеку. Сваю кнігу «Пад бацькоўскім дахам» я выпусціў крыху раней. І ўключыў у яе ліст аб стане беларускай мовы, які Колас пісаў у ЦК партыі. Да гэтага ён толькі аднойчы быў надрукаваны ў «ЛіМе» — у 60-х гадах. Пазней я сустрэў Генадзя Бураўкіна. Ён кнігу пахваліў, а з-за таго, што я апублікаваў гэты ліст, стварыў цудоўную паэму «Развітанне». Пасля я напісаў успаміны пра свайго брата Юрку пад назвай «Слова пра Юрку, Коласава сына». Друкаваліся яны ў часопісе «Полымя», калі яго рэдагаваў Мікола Мятліцкі. Яму так спадабаліся ўспаміны, што ён з гэтай нагоды напісаў паэму «Апалены золак», мы разам выпусцілі гэту кнігу. Вось так я стаў «віноўнікам» трох паэм: «Міхасёвы прыгоды», якую напісаў бацька, а таксама «Развітанне» Генадзя Бураўкіна і «Апалены золак» Міколы Мятліцкага.
Пасля я падрыхтаваў кнігу «Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песнях», дзе сабраў і змясціў успаміны, якія змог знайсці. Там, дарэчы, шмат маіх фотаздымкаў: фатаграфія — адно з маіх вялікіх захапленняў.
У 20-томным зборы твораў Якуба Коласа ёсць і паэма «На шляхах волі». Раней яна ні разу не выходзіла асобна. Гэта вельмі цікавая паэма памерам з «Новую зямлю». Колас пісаў яе на працягу ўсяго жыцця з вялікімі перапынкамі і хацеў скончыць яшчэ трыма раздзеламі. Аднак фактычна яна скончаная. І гучыць як магутны антываенны твор. Яе можна разглядаць як раман: там і гісторыя кахання, і вялікі ахоп герояў. І я ажыццявіў сваю задуму: у выдавецтве «Мастацкая літаратура» паэма «На шляхах волі» надрукаваная асобна. Спадзяюся, што будзе выдадзена кніга «Сымон-музыка», гэта мая даўняя мара, у наступнай рэдакцыі: чатыры раздзелы з трэцяга варыянта, больш распрацаванага, чым папярэднія. А фінал — з першага. Для тэатральнай пастаноўкі гэта цуд! У фінале там фантастычная сцэна на могілках! Таксама мяркуецца ўключыць туды фрагменты, выкінутыя пад ціскам цэнзуры. Дарэчы, неяк да нас прыязджалі пісьменнікі з Санкт-Пецярбурга, мы падарылі «Сымона-музыку», яны вельмі зацікавіліся і пераклалі паэму на рускую мову.
Акрамя гэтага, я рэкамендаваў Віктару Шніпу (галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». — Аўт.) выдаць кнігу Адама Міцкевіча і Канстанціна Міцкевіча «Пан Тадэуш» і «Новая зямля» ў адным томе. У Адама Міцкевіча размова ідзе таксама пра Беларусь, пра тую ж зямлю, толькі на паўтара стагоддзя раней, чым у «Новай зямлі». Гэта вельмі каштоўнае спалучэнне для таго, каб уяўляць, што было ў Беларусі. Тым больш што паэмы пераклікаюцца па многіх пытаннях... Вось тое асноўнае ў літаратурным плане, што мне ўдалося здзейсніць. Напэўна, можна было зрабіць трошкі больш. Але ў мяне было шмат і сваіх захапленняў: акрамя фатаграфіі, я заўзяты паляўнічы, рыбак, грыбнік.
— Міхаіл Канстанцінавіч, акрамя маштабнай літаратурнай працы, вы займаліся і захаваннем памяці бацькі ў музеі Якуба Коласа, перадалі шмат яго ўласных фотаздымкаў і рэчаў...
— Так, перадаў не толькі ўласныя, але і тыя фотаздымкі, што знайшоў у сваякоў, іншых людзей, яны зробленыя ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя. У Мар'інай Горцы, напрыклад, Аляксандр Прановіч неяк вырашыў зрабіць пры мастацкім музеі, дзе сабраныя карціны пухавічан, экспазіцыю «Колас на Пухавіччыне». Я аддаў туды шмат фотаздымкаў, рэчаў Коласа. А мастакі аформілі малюнкамі. Атрымаўся вельмі прыгожы пакойчык. Напісаў і тэкст экскурсаводу. Усім раіў бы пры зручным выпадку наведаць гэты музей.
Марыя Міцкевіч: ад Якуба Коласа да Янкі Маўра
Працягвае справу бацькі па захаванні спадчыны дзеда і старэйшая ўнучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Яна шмат гадоў працавала выкладчыкам вышэйшай матэматыкі, а на заслужаным адпачынку вядзе даследчую работу па творчасці Якуба Коласа, а таксама свайго другога дзядулі, пісьменніка Янкі Маўра.
— Амаль штогод я бяру ўдзел у канферэнцыях «Каласавіны». Калі рыхтую даклад, стараюся знайсці нешта новае, невядомыя раней цікавыя факты пра Коласа. Напрыклад, пару гадоў таму ў Латвіі мне ўдалося знайсці невядомы аўтограф Коласа ў музеі Андрэя Упіта. Калісьці Колас павіншаваў яго з юбілеем, падарыў кніжку і пакінуў у ёй аўтограф. І калі іншыя былі надрукаваныя, а гэты дасюль заставаўся невядомым. Такое маленькае адкрыццё. Увогуле даводзіцца часам бываць у Латвіі, неаднойчы я выступала ў знакамітай Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы. Зусім нядаўна дырэктарку гімназіі прымалі ў Мінску. Я некалькі разоў выступала перад школьнікамі з лекцыямі як па творчасці Якуба Коласа, так і Янкі Маўра. Бо Маўр нарадзіўся ў Латвіі, і мне самой было цікава наладзіць такую сувязь з беларусамі, што жывуць там, а таксама з культурна-асветніцкімі ўстановамі. Я правяла вялікую працу, падабрала шмат цікавых дакументаў і склала выстаўку «Колас і Маўр: па жыцці разам». Спачатку яна экспанавалася ў акадэмічнай бібліятэцы латвійскага ўніверсітэта, потым — у Рыжскай беларускай асноўнай школе. І па дамоўленасці з амбасадай я вырашыла гэту выстаўку падарыць школе.
Аднойчы мне патэлефанавалі са згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і расказалі пра жанчыну з Грузіі, у якой захавалася кніга з аўтографам Коласа. Мы сустрэліся, высветлілася, што яе дзед вучыўся разам з Коласам у настаўніцкай семінарыі. Яна, дарэчы, падарыла гэтую кнігу музею. Васіліна, мая дачка, напісала артыкул пра гэтую сям'ю, нашу сустрэчу, кнігу і знойдзены аўтограф.
Паколькі я цесна сябрую з беларускай эміграцыяй, некалькі гадоў працую над тэмай даследавання «Колас у эміграцыйным друку». Збіраю тыя матэрыялы, якія друкаваліся пра Коласа, каб з'явілася ўяўленне, якім ён быў для тых, хто пакінуў бацькаўшчыну, але сэрцам застаўся беларусам. У музеі Якуба Коласа ўжо праводзілася выстаўка «Колас у эміграцыйным друку», якую я падрыхтавала, дзе было шмат цікавых матэрыялаў з газет, часопісаў, што выходзілі за межамі Беларусі. Працягваю збіраць іх і дагэтуль.
— Частка вашых даследаванняў прысвечана брату Якуба Коласа Міхасю Міцкевічу...
— Летась споўнілася 120 гадоў з дня яго нараджэння. Гэта малодшы брат, які пасля выехаў у эміграцыю, жыў у ЗША. Пра яго я напісала некалькі артыкулаў, зрабіла выстаўку. Асоба Міхася Міцкевіча цікавая тым, што Колас з дзяцінства яго выхоўваў. У Якуба Коласа было чатыры браты, чатыры сястры, але толькі Міхась скончыў настаўніцкую семінарыю, спрабаваў свае сілы ў літаратурнай творчасці, ён вядомы пад псеўданімам Антось Галіна. Калі памёр бацька, Якуб Колас працаваў у Пінкавічах на Палессі. І забраў да сябе двух малодшых братоў, Юзіка і Міхася, каб маці было лягчэй. Сам іх вучыў, выхоўваў.
— У коле вашых даследчых інтарэсаў і другі ваш дзядуля, пісьменнік Янка Маўр...
— Сапраўды, зараз актыўна гэтым займаюся. Хутка будзе 135 гадоў з дня яго нараджэння. Я была ўкладальнікам кнігі «Янка Маўр», якая выйшла ў 2016 годзе ў «Беларускім кнігазборы». А прадмову да яе напісала мая дачка Васіліна. Першую кнігу ўспамінаў пра Янку Маўра я аддала ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», яна хутка ўбачыць свет. Працуючы ў архівах, знайшла шмат неапублікаваных матэрыялаў. Таму рыхтую другую кнігу, якая будзе называцца «Недзіцячы Маўр». Яго ўсе ведаюць як дзіцячага пісьменніка, але ж ён працаваў у «ЛіМе», яго публіцыстыка друкавалася ў «Вожыку». У архіве я знайшла неапублікаваны раман «Дзяўчына-маці» пра мінскае гета. Гісторыя пра дзяўчыну, якая выратавала дзіця з гета і расціла, як сваё. У часопісе «Полымя» да 135-годдзя Янкі Маўра выйдзе гэты раман. Ёсць і яго байкі, артыкулы пра літаратуру, літаратурную крытыку, пра дзіцячую літаратуру — усё гэта ўвойдзе ў кнігу «Недзіцячы Маўр».
— У выдавецкім доме «Звязда» выходзіла кніга ўспамінаў «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа»...
— Гэта ўспаміны маёй мамы Наталлі Іванаўны. Яна ўжо цяжка хварэла, калі напісала гэту кнігу. Калі пра Якуба Коласа нямала ўспамінаў, то пра Янку Маўра іх амаль не было. Гэтым і каштоўная маміна праца. Я, дарэчы, летась падала яе на конкурс non-fiction літаратуры, і яна ўвайшла у шасцёрку найлепшых.
— Якія ў вас найбліжэйшыя планы?
— Пазалетась рабіла даклад у бібліятэцы Францыска Скарыны ў Лондане і там адсканавала рукапісы Коласа, яго аўтографы, і вось у мяне ёсць задума выдаць альбом гэтых рукапісаў. Дарэчы, менавіта там захоўваецца і верш «Антону Луцкевічу», які доўга не друкаваўся. Таксама збіраюся выдаць кнігу твораў малодшага брата Якуба Коласа, Міхася Міцкевіча.
Алена КРАВЕЦ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».