Вы тут

У Расіі праходзяць прэзідэнцкія выбары


Грамадзяне выбіраюць кіраўніка дзяржавы з васьмі кандыдатаў: Сяргея Бабурына (партыя "Расійскі агульнанародны саюз"), Паўла Грудзініна (КПРФ), Уладзіміра Жырыноўскага (ЛДПР), дзеючага прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна (самавылучэнец), Ксеніі Сабчак ("Грамадзянская ініцыятыва"), Максіма Сурайкіна ("Камуністы Расіі"), Барыса Цітова (Партыя росту) і Рыгора Яўлінскага ("Яблоко").


Фота: tass.ru

Па дадзеных на 1 студзеня 2018 года, Цэнтрвыбаркам Расіі зарэгістраваў 110 млн 858 тыс. 228 выбаршчыкаў, у тым ліку ў Расіі 108 млн 968 тыс. 869 чалавек, а за яе межамі - 1 млн 889 тыс. 359. На выбарах 2012 года былі зарэгістраваныя 109 млн 860 тыс. 331 выбаршчык.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама Расіі, для галасавання ў краіне адкрыта каля 97 тыс. участкаў. Акрамя таго, створана амаль 400 выбарчых участкаў у іншых дзяржавах для расіян, якія па тых ці іншых прычынах апынуліся за межамі краіны.

Нагадаем, галасаванне на выбарах прэзідэнта Расіі 18 сакавіка пройдзе ў 13 гарадах Беларусі.

Першыя вынікі галасавання, а таксама дадзеныя exit poll будуць абвешчаныя ў 21 гадзіну па маскоўскім часе, пасля таго як зачыняцца выбарчыя ўчасткі ў самым заходнім расійскім рэгіёне - у Калінінградскай вобласці. Да гэтага часу ўжо плануецца апрацаваць бюлетэні на Далёкім Усходзе. А ў цэлым па краіне папярэднія вынікі галасавання ЦВК Расіі апублікуе раніцай 19 сакавіка.

Фота: tass.ru

Згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнт у Расіі абіраецца ўсенародным галасаваннем, тэрмін яго паўнамоцтваў складае 6 гадоў (да 2012 года - 4 гады). У адпаведнасці з законам, для перамогі на выбарах зарэгістраванаму кандыдату неабходна атрымаць больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Калі ж ні адзін з кандыдатаў не набярэ такой колькасці галасоў, будзе праведзены другі тур выбараў. У ім будуць удзельнічаць два кандыдаты, якія атрымалі найлепшы вынік, а пераможца вызначыцца простай большасцю галасоў.

З чэрвеня 1991 года вышэйшую дзяржаўную пасаду ў Расіі займаў Барыс Ельцын. 26 сакавіка 2000 году на датэрміновых выбарах прэзідэнтам стаў Уладзімір Пуцін. У 2008 годзе кіраўніком краіны быў абраны Дзмітрый Мядзведзеў. У 2012 годзе прэзідэнтам Расіі зноў стаў Уладзімір Пуцін.

tass.ru, БЕЛТА


Уладзімір Пуцін прагаласаваў на выбарах прэзідэнта Расіі

Фота: tass.ru

Кандыдат у прэзідэнты РФ, дзеючы кіраўнік дзяржавы Уладзімір Пуцін прагаласаваў на выбарчым участку №2151 у Расійскай акадэміі навук.

На гэтым участку Пуцін галасаваў ужо неаднаразова. Менавіта тут ён зрабіў свой выбар падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў 4 сакавіка 2012 года.

Паводле яго слоў, паспяховым для сябе ён палічыць любы адсотак галасоў, які дазволіць працягваць выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы.

tass.ruria.ru


Расіяне актыўна галасуюць на выбарчых участках у Беларусі

Грамадзяне Расійскай Федэрацыі ў Беларусі актыўна галасуюць на выбарах прэзідэнта РФ, паведаміў ТАСС прэс-сакратар пасольства Расіі ў Беларусі Аляксей Маскалёў.

У Беларусі 13 выбарчых участкаў для галасавання на выбарах прэзідэнта РФ адкрыліся ў 08.00. "Па нашай інфармацыі, у Віцебску і Полацку расійскія грамадзяне сталі прыходзіць да месца галасавання яшчэ да адкрыцця выбарчых участкаў", - адзначыў Аляксей Маскалёў. Паводле яго слоў, у некаторых беларускіх гарадах за гадзіну з невялікім пасля адкрыцця участкаў ужо прагаласавалі дзясяткі расіян.

У пасольстве чакаюць, што на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах яўка па Беларусі будзе вышэй, чым на папярэдніх, калі яна склала больш за 13,5 тыс. чалавек. Гэта звязана з арганізацыяй датэрміновага выязнога галасавання, а таксама з павелічэннем колькасці выбарчых участкаў. Датэрмінова ў Беларусі прагаласавала амаль 3 тыс. расіян, у тым ліку больш за 1,7 тыс. чалавек, занятых на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць). Паводле звестак МУС Беларусі, усяго зарэгістраваных грамадзян РФ у рэспубліцы каля 110 тыс.

БЕЛТА


Каля 205 тыс. выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова

Магчымасцю датэрміновага галасавання скарысталіся 205 тыс. выбаршчыкаў, заявіла кіраўнік ЦВК РФ Эла Памфілава.

"На выбарчых участках, арганізаваных у цяжкадаступных і аддаленых мясцовасцях, на судах, якія знаходзяцца ў плаванні, на палярных станцыях і за межамі РФ на сёння датэрмінова прагаласавалі 205 тыс. выбаршчыкаў", - сказала Памфілава ў ЦВК у нядзелю.

Паводле яе слоў, папярэдне ў спісы былі ўнесены 175 тыс. чалавек. "Відаць, паявіліся яшчэ тыя, хто былі не ўнесеныя ў спісы. У агульнай складанасці гэта склала 0,18% ад агульнай колькасці тых, хто галасуе ў РФ", - адзначыла яна.

tass.ru


За выбарамі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі назірае 291 каманда назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ

Фота: tass.ru

Назіранне за выбарамі прэзідэнта РФ вядзе 291 каманда назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, што дазваляе ахапіць назіраннем усю тэрыторыю Расіі і сабраць статыстычны матэрыял для ацэнкі ходу галасавання. Пра гэта заявіў у нядзелю журналістам кіраўнік назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ Ян Пэтэрсан, які наведаў раніцай у дзень галасавання выбарчы ўчастак № 2 у Маскве.

"Мы закрываем усю тэрыторыю Расіі, таму што гэта велізарная краіна, тут 95 тыс. выбарчых участкаў, - сказаў ён. - Вядома, мы не зможам ахапіць іх усе, але мы закрываем усё ж некалькі тысяч участкаў. Даведаемся, колькі менавіта, па выніках дня".

"Але іх дастаткова для таго, каб атрымаць статыстычны матэрыял і даць справядлівую ацэнку таму, што адбылося", - дадаў Пэтэрсан.


Сурыкаў: Пагаршэння беларуска-расійскіх адносін чакаць не варта, трэба развіваць інтэграцыю

Пра гэта сёння заявіў журналістам пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Сурыкаў у расійскім пасольстве, дзе арганізаваны выбарчы ўчастак для галасавання на выбарах прэзідэнта РФ.

"Узаемаадносіны Расіі і Беларусі даўно склаліся як брацкія ў поўным сэнсе гэтага слова зыходзячы з агульных гістарычных і культурных каранёў. І сур'ёзных змяненняў у нашых узаемаадносінах, дапусцім, у бок пагаршэння, чакаць немагчыма. А вось у бок паглыблення інтэграцыі чакаць можна і рабіць гэта вельмі трэба. Таму што глыбокая эканамічная інтэграцыя - залог поспехаў развіцця нашых краін на наступныя гады", - заявіў пасол.

Дыпламат адзначыў даволі вялікую яўку на выбарчых участках, арганізаваных у Беларусі. Ён гэта звязвае ў тым ліку з турбулентным становішчам у свеце. "І расійскія грамадзяне ў першую чаргу чакаюць ўмацавання вагі Расіі на міжнароднай арэне ў знешняй палітыцы, што адбываецца. І вялікія чаканні звязваюць з паляпшэннем жыцця расійскіх грамадзян ўнутры Расіі і не толькі", - сказаў ён.

Дыпламат чакае больш высокую яўку на выбарчых участках у Беларусі. Гэтаму спрыяла і магчымасць датэрміновага галасавання. Ёй скарысталіся амаль 2,8 тыс. чалавек. У гэты раз у краіне створана і больш выбарчых участкаў. У 2012 годзе іх было 9, а цяпер 13, у тым ліку ў Астраўцы, дзе грамадзяне Расіі задзейнічаны на будаўніцтве БелАЭС.

Усяго на консульскім уліку ў Беларусі зарэгістраваныя каля 60 тыс. расіян. Аднак гэта далёка не поўная лічба тых грамадзян, якія ў дзень выбараў знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

БЕЛТА


Яўка на выбарах прэзідэнта Расіі на 14:00 па маскоўскім часе склала 34,72%

Яўка на выбарах прэзідэнта РФ на 14:00 па маскоўскім часе склала 34,72%. Пра гэта заявіў у нядзелю намеснік старшыні ЦВК Расіі Мікалай Булаеў.

tass.ru

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.