Вы тут

Сурыкаў: Пагаршэння беларуска-расійскіх адносін чакаць не варта


Аляксандр Сурыкаў адзначыў, што сур'ёзных змен у адносінах краін пасля выбараў не адбудзецца.


«Узаемаадносіны Расіі і Беларусі даўно склаліся як брацкія ў поўным сэнсе гэтага слова, зыходзячы з агульных гістарычных і культурных каранёў. І сур'ёзных змен у нашых узаемаадносінах у бок пагаршэння, чакаць немагчыма. А вось у бок паглыблення інтэграцыі чакаць трэба і рабіць гэта вельмі патрэбна», — падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі.

З раніцы каля Пасольства Расіі ў Мінску — чарга. Да вялікай колькасці выбаршчыкаў  рыхтаваліся, але такая яўка стала прыемным сюрпрызам.  На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для галасавання арганізаваны 13 выбарчых участкаў, у 2012 годзе іх было толькі 9. Выбарчыя пункты ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах, буйных гарадах, на месцы будаўніцтва АЭС у Астраўцы і пунктах базіравання кантынгенту, які абслугоўвае ваенныя аб'екты.

На консульскім уліку зарэгістравана каля 60 тыс. грамадзян Расіі. Але гэта не дакладная колькасць расіян, якія знаходзяцца ў Беларусі. На выбарчым участку ў Пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску прагаласаваў кіраўнік дыпламатычнай місіі Аляксандр Сурыкаў.

— Вы бачыце, што абстаноўка ў свеце турбулентная. І расійскія грамадзяне ў першую чаргу чакаюць ўмацавання ролі Расіі на міжнароднай арэне ў знешняй палітыцы, што адбываецца. І вялікія чаканні звязваюць з паляпшэннем жыцця расійскіх грамадзян унутры Расіі і не толькі, — сказаў Пасол.

Датэрмінова ў Беларусі прагаласавала каля 2800 чалавек. Па словах Аляксандра Сурыкава, сёлетняя яўка на выбары на 20-25 % перавысіць колькасць прагаласаваўшых у 2012 годзе.

Каб  выканаць свой грамадзянскі абавязак, на выбарчы пункт у Мінску з жонкай і сынамі прыйшоў расіянін Дзмітрый Дробышаў. У Беларусі ён жыве ўжо 10 год.

— На мой погляд, будучаму Прэзідэнту Расіі трэба надаваць увагу сацыяльным пытанням. Сёння досыць актуальна і міжнародная палітыка, — адзначыў выбаршчык.

Свае чаканні да будучага Прэзідэнта выказала і выбаршчыца Алена, якая завітала ў Мінска да сяброў:

— Трэба вырашаць праблемы з карупцыяй, медыцынай. Наш народ павінен ганарыцца сваёй краінай.

Выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі Беларусі будуць працаваць да 8 гадзін вечару. За званне кіраўніка дзяржавы, акрамя прэтэндуючага на чацвёрты тэрмін Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, змагаюцца яшчэ 7 кандыдатаў. У іх ліку — кіраўнік партыі ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, адзін з заснавальнікаў партыі «Яблык» Георгій Яўлінскі, упаўнаважаны па абароне правоў прадпрымальнікаў Расіі Барыс Цітоў. «Камуністы Расіі» вылучылі на выбары свайго 39-гадовага лідара Максіма Сурайкіна. «Расійскі агульнанародны саюз» прадстаўляе Сяргей Бабурын, а КПРФ — дырэктар калгасу Павел Грудзінін. Адзіная дама сярод кандыдатаў — вядомая тэлевядучая Ксенія Сабчак.     

Магчымасць паставіць галачку насупраць аднаго прозвішча ў такім шырокім спісе кандыдатаў ёсць больш чым у 108 мільёнаў чалавек у Расіі і ў 1,8 мільёна грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой. Для апошніх адкрыты больш за 400 участкаў у 145 краінах свету.

Селетняя выбарчая кампанія ў Расіі не пазбаўлена новаўвядзенняў. Выбаршчыкі  могуць галасаваць не па месцы сваёй рэгістрацыі. Калі раней для гэтага яны абавязаны былі ехаць па адмацавальнае пасведчанне, цяпер было дастаткова напісаць заяву з просьбай галасаваць па месцы знаходжання або падаць заяўку з дапамогай сістэмы «Мабільны выбаршчык».

Больш актыўна выкарыстоўваюць электронныя комплексы апрацоўкі выбарчых бюлетэняў, якія паскораць падлік галасоў. Друкаваць пратаколы ўчастковых выбарчых камісій вырашылі, выкарыстоўваючы машыначытальны код (QR-код). Гэта паменшыць колькасць памылак, звязаных з «чалавечым фактарам».

Марыя ДАДАЛКА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.