Вы тут

Масавыя вучэнні МНС прайшлі ў Стаўбцоўскім раёне


Нязменны «атрыбут» пачатку вясны — рызыка «вялікай вады». Калі загадзя да яе не падрыхтавацца, то гэта «адгукнецца» не толькі раптоўным затапленнем прыватных домаўладанняў, але і значным эканамічным уронам для гаспадаркі раёна. Менавіта таму ў Стаўбцоўскім раёне адбылося вялікае камандна-штабное вучэнне з органамі кіравання, сіламі Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый (ДСНС) і грамадзянскай абароны.


З практыкі ратавальнікаў, на тэрыторыі Мінскай вобласці вада часцей за ўсё гуляе ўвесну ў 18 населеных пунктах у Стаўбцоўскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім і Барысаўскім раёнах. Адным словам — там, дзе працякаюць асноўныя рачныя артэрыі.

— Дзякуючы таму, што напрыканцы мінулага тыдня ўсталявалася марознае надвор'е, абстаноўка стабілізавалася, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Яна і не была крытычная. Хоць ужо больш за сто разоў ратавальнікі выязджалі, каб адпампаваць ваду. Маніторынг ажыццяўляецца пастаянна, у выпадку неабходнасці людзям акажуць патрэбную дапамогу. Ва ўсіх раёнах працуюць камісіі па надзвычайных сітуацыях.

Месца, дзе разгортваліся падзеі вучэнняў, было абрана не выпадкова. Нёман — рака, «свавольствы» якой не раз ускладнялі жыццё вёсак, што знаходзяцца побач з ёй. Па адной з уводных вучэнняў, вада падышла ўшчыльную да будынка склада мясцовага райаграсэрвіса, дзе захоўваюцца 500 тон мінеральных угнаенняў. Каля гэтай гары ўжо шчыраваў пагрузчык. А праз заднюю браму адзін за адным заязджалі самазвалы...

— Мы праінфармавалі раённыя службы МНС, МУС, санстанцыю, вышэйстаячыя ведамствы, — кажа дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргей Мельнік. — На месцы прысутнічаюць начальнік службы аўтатранспарту і начальнік механізаванага атрада. Каб вывезці ўгнаенні, прыбыло 7 адзінак тэхнікі і два пагрузчыкі. Небяспечны груз будзе вывезены ў найбліжэйшыя гаспадаркі Стаўбцоўскага раёна. У нас ёсць рэзервовы склад у вёсцы Ператокі, там вольнага месца для захоўвання каля тысячы тон. Так што мы мусім аператыўна сямю машынамі вывезці ўгнаенні прыкладна за тры гадзіны. Непадалёк ад нас знаходзіцца возера, вада ў якім можа быць атручана з-за таго, што туды трапілі ўгнаенні. Ды і матэрыяльны ўрон у такім разе будзе таксама велізарны.

Далей мы кіруемся ў вёску Новы Свержань, якая знаходзіцца за тры кіламетры ад Стоўбцаў. Мясцовыя жыхары, што сабраліся каля сельвыканкама, ужо не раз сутыкаліся з «вялікай вадой» і ахвотна дзеляцца ўспамінамі.

— Тое, што адбываецца сёлета, — гэта не моцная паводка, — лічыць Аляксандр Атрушкевіч. — Вось у 1961 годзе — то была вада! Я тады ў сябе плаваў у агародзе на ночвах. На ўездзе ў Новы Свержань вада пераходзіла ажно праз дарогу. Дома дарослыя рабілі спецыяльны насціл, заганялі туды парсюкоў і сядзелі, чакалі, пакуль вада не сыдзе.

— Мы ж фактычна жывём на вадзе, — гаворыць Валянціна Камёнка. — Вялікая паводка была і ў 1959 годзе. І ў 1996-м мы яшчэ рабілі кладку, каб увесну проста зайсці ў дом. А вось пуня была ўжо часова адрэзана. Сёлета, калі б не мароз, які нечакана ўдарыў, то вада, пэўна, прасунулася б ужо да ганка. А калі ўзровень працягне расці, то ў мяне ёсць шмат радні, сяброў, якія на гэтыя дні прытуляць. Мне прасцей тым, што не трымаю ні курэй, ні свінняў... З усёй гаспадаркі — толькі два каты.

— Мы жывём на самым беразе Нёмана, — кажа Наталля Жак. — Рака цячэ адразу за агародам. Вось учора бераг быў роўны з ім. Сёння раніцай вада крыху спала. Паводкі мы не баімся. Вада прыходзіць і сыходзіць, а жыццё працягваецца. У нас ва ўсіх ёсць гумавыя боты. Ратавальнікі дзяжураць, прыходзяць да нас, цікавяцца абстаноўкай. Калі прыязджаюць унукі, то ім нават весела. А мы неяк прывыклі...

Эвакуацыя людзей адбываецца вельмі проста. Перад паходам да сельвыканкама трэба ўзяць дакументы і грошы і чакаць, пакуль загудзе сірэна. Гэта і будзе сігнал збору. Пасля рэгістрацыі яны садзяцца ў аўтобус і едуць у пункт часовага размяшчэння.

— Па Стаўбцоўскім раёне такіх месцаў некалькі дзясяткаў, — кажуць супрацоўнікі МНС. — Перш за ўсё — гэта санаторыі і базы адпачынку, дзе ўжо загадзя прадугледжаны сталовыя і спальныя месцы, а таксама школы.

Шмат у каго з вяскоўцаў маецца свойская жывёла. Баючыся за яе, многія людзі пры паводцы адмаўляюцца перасяляцца. Іх страх зразумець можна. Але выйсце з гэтай сітуацыі ёсць.

Калі маецца ў гаспадарцы, напрыклад, карова, то яе могуць часова адправіць у якую-небудзь сельскагаспадарчую арганізацыю, дзе яна будзе знаходзіцца, пакуль сітуацыя не палепшыцца. Пазнаць рагулю можна будзе вельмі лёгка — яе прамаркіруюць.

«Вялікая вада» зносіць і пераправы цераз рэкі. Шмат дзе яны арганізаваны па вельмі простым прынцыпе — вада цячэ па бетоннай трубе, закапанай пад масай пяску, які і ўяўляе сабой імправізаваны масток. Яно і зразумела — мастоў цераз кожную рачулку шырынёй у тры-чатыры метры не набудуеш.
А вось падчас «вялікай вады» дарогу размывае, і праехаць па ёй ужо немагчыма.

Мы заспелі пераправу цераз раку Жацераўку ў «разабраным» стане. Паабапал — горы пяску і папераджальныя знакі. Неўзабаве прыехалі пагрузчыкі, самазвалы і экскаватар. Літаральна праз паўгадзіны пераправа была адноўлена.

— У нас падтапленні адбываюцца раз на чатыры-пяць гадоў, — кажа намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Аляксандр Цывака. — Сёлета ўжо «паплылі» падворкі ў Новым Свержані, Заямным... Зрэшты, знаходзячыся ў пойме ракі, трэба быць гатовымі не толькі да прыгожых краявідаў, але і да таго, што ўвесну падворак можа падтапіць. Праезд гэты быў разабраны для таго, каб скінуць ваду з Жацераўкі ў Нёман і не дапусціць яшчэ большага падтаплення прыбярэжных дамоў.

У тэму

У панядзелак стала вядома, што Нёман падтапіў 9 падворкаў у Стоўбцах і 27 — у Новым Свержані. Узровень вады там склаў 15—20 сантыметраў. Як паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС, жыццядзейнасць людзей не парушана.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Анастасіі ШВАЙБОВІЧ

Загаловак у газеце: Да «вялікай вады» гатовы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».