75 гадоў назад на Лагойшчыне была знішчана вёска, чыя назва стала сімвалам агульнага болю для беларусаў.
Кнігу «Хатынь. Трагедыі беларускіх вёсак» прэзентавала выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» якраз напярэдадні сумнай даты. Навукова-папулярнае выданне расказвае гісторыю вёскі ад часоў яе ўзнікнення да гібелі 22 сакавіка 1943 года. Акрамя таго, у кнізе ўзгаданы і іншыя знішчаныя карнікамі населеныя пункты.
— На наступны год мы плануем выпусціць яшчэ адно ілюстраванае энцыклапедычнае выданне па спаленых вёсках. 186 населеных пунктаў былі знішчаны без вяртання, але ж багата прыкладаў вёсак, што аднавіліся пасля вайны. Іх гісторыя таксама вартая даследавання, — сказаў дырэктар РУП «Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч падчас прэзентацыі кнігі.
Пакуль што ў навуковым асяроддзі не існуе ні адной шматфарматнай, манументальнай працы па тэме спаленых вёсак. Складальнікі кнігі пра Хатынь спадзяюцца, што іх даследаванне, напісанае навукова-папулярным стылем, зможа эмацыянальна расказаць чытачам пра тыя далёкія для многіх падзеі. Аўтар працаваў не толькі з дакументальнымі сведчаннямі па матэрыялах нацыянальнага архіва, але і сустрэўся са сведкам і ахвярай тых падзей Віктарам Жалабковічам.
Ад даваеннай вёскі, што калісьці існавала на месцы мемарыяльнага помніка, не захавалася ні фотаздымкаў, ні малюнкаў. Яшчэ ў 60-я гады большасць картаў мясцовасці былі засакрэчаны. Сёння многія абмежаванні знятыя, частка дакументаў знаходзіцца ў адкрытым доступе. Дзякуючы ім можна даведацца, што побач з вёскай праходзіла вузкакалейная чыгунка, па якой перавозілі камень. Сёння кожны, хто паварочвае на Хатынь, праязджае па гэтай былой чыгунцы, а 75 гадоў назад па тым жа насыпе да вёскі ішлі карнікі...
— Часцей за ўсё да мемарыяла прыязджаюць экскурсіямі — цэлы аўтобус студэнтаў, школьнікаў, — кажа аўтар кнігі Артур Зельскі, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». — Дзеці не заўсёды асэнсоўваюць, куды яны трапілі, бо перад наведваннем такіх месцаў патрэбна папярэдняя падрыхтоўка. А вось калі прыязджае сям'я, асабліва маладыя маці з немаўлятамі, — яны здольныя ўсвядоміць увесь жах забітых людзей, бо тут загінулі не салдаты, а звычайныя сем'і з маленькімі дзецьмі. Таму я не магу зразумець, калі нехта пачынае параўноўваць трагедыі розных знішчаных вёсак, казаць, што вось у гэтым месцы забітых было менш, а там — больш. Смерць і жорсткасць немагчыма вымераць, яны аднолькавыя для ўсіх.
Пра пасыл кнігі да чытача паразважаў і Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі:
— Калі мы ўспамінаем падзеі Другой сусветнай вайны, то найперш звяртаемся да маштабных аперацый. У тым, што здарылася, абвінавачваем тагачасную сістэму, ідэалогію. Аднак кожная сістэма складаецца з падсістэм, тыя — з элементаў, і так ажно да самых дробных шрубак, якія і рухаюць махіну. На прыкладзе Хатыні ўзнікае пытанне да чалавецтва: як здарылася, што людзі, здольныя па прыродзе сваёй суперажываць, быць добрымі і міласэрнымі, становяцца пачварамі? У кожнага хатынскага карніка была сям'я, праца, мары... Аднак нешта прымусіла яго лічыць сябе вышэйшым за іншых. Я думаю, што ў гэтай страце чалавечага аблічча галоўная перасцярога Хатыні сучаснаму свету, у якім зноў з'яўляецца нецярпімасць паміж людзьмі.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.