Вы тут

Вечарына «Румынскія старонкі» адбылася ў галерэі Міхася Савіцкага


Супрацоўнікі “Выдавецкага дома “Звязда” прынялі ўдзел у вечарыне “Румынскія старонкі”. На мове паэзіі, жывапісу, музыкі адбыўся дыялог, які яднае.


Гэта вечарына ладзілася ў мінскай мастацкай галерэі Міхася Савіцкага, арганізатарамі цікавай сустрэчы прадстаўнікоў розных муз сталі Пасольства Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Музей гісторыі горада Мінска.

Вітаючы прысутных, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віарэл Машану паведаміў, што вечарына прысвечана далейшаму ўмацаванню сувязяў у галіне літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва. У апошнія гады стасункі паміж Беларуссю і Румыніяй значна пашырыліся за кошт культурных і адукацыйных кантактаў. Гэта вельмі важна сёння, калі ў свеце стала больш праяў недаверу і варожасці. Ужо працуючыя і толькі што заснаваныя праекты прыносяць добрыя вынікі: да супрацоўніцтва далучыліся аўтарытэтныя ўстановы культуры і асветы, прадстаўнікі розных творчых саюзаў. 

Адзін з прыкладаў сумесных праектаў – супрацоўніцтва Пасольства Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь з найстарэйшым літаратурна-мастацкім часопісам “Полымя”. На старонках гэтага выдання беларускія чытачы знаёмяцца не толькі з творамі класікаў румынскай літаратуры, але і даведваюцца, што хвалюе сучасных румынскіх пісьменнікаў. Пра ўсё гэта распавяла ўдзельнікам вечарыны галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Алена Мальчэўская.

З публікацыямі у часопісе “Полымя” знаёміць яго галоўны рэдактар  Алена Мальчэўская.

Пераклад паэмы Міхая Эмінэску чытае Юлія Алейчанка.

 

Журналіст і перакладчык Вераніка Бандаровіч расказала пра сваё спасціжэнне літаратурнага свету сучасных румынскіх празаікаў Мірчы Кэртэрэску і Крысціяна Тэадарэску. Урывак са свайго перакладу сусветна вядомай паэмы Міхая Эмінэску прачытала Юлія Алейчанка.

З цікавасцю праслухалі прысутныя расповед аб творчым праекце першага намесніка Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка, які атрымаў магчымасць убачыць лепшыя ўзоры румынскага культавага жывапісу і натхніцца імі для сваёй працы.

Імя нацыянальнага класіка скрыпача і кампазітара Джорджэ Энэску носіць румынская філармонія. Дзякуючы сумеснаму праекту, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі значна пашырылі свае веды пра музычныя скарбы румынскай музыкі. Дарэчы, адзін з самых вядомых твораў гэтага славутага кампазітара прагучаў на вечарыне ў выкананні выкладчыкаў каледжа.

Урачысты момант падпісання двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве.

Галоўны ўрачысты момант вечарыны настаў, калі да дзяржаўных сцягаў Беларусі і Румыніі выйшлі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Віарэл Машану, дырэктар Музея гісторыі Мінска Галіна Ладзісава, дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Воранава. Пад апладысменты прысутных яны падпісалі двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.