Вы тут

Як працуецца моладзі ў палескай глыбінцы


Размеркаванне ў вёску большасць маладых спецыялістаў (калі іх праца не звязана з сельскай гаспадаркай) успрымаюць як часовую «высылку» за горад. Маўляў, адпрацую і ўсё роўна назад збягу. Аднак ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія вясковы парадак жыцця, наадварот, лічаць лепшым за гарадскі і спецыяльна адмаўляюцца ад шумных мегаполісаў. Маладыя педагогі Лобчанскай яслі-сад — базавай школы Лунінецкага раёна якраз з такіх.


Чаму трэба «трымаць марку»?

...Дваццацішасцігадовага Дзмітрыя Радчанку застаю ў пустым класе. Урокаў у яго сёння няма, затое ёсць кіпа незапоўненых дакументаў, якія патрабуюць не менш сіл і часу, чым заняткі па гісторыі.

— Ва ўніверсітэце шмат чаму вучылі, а вось пра паперы гэтыя, — Дзіма паказвае на стол, — ні слова не казалі. Але як-небудзь разбяромся: праз некаторы час абавязкова стане прасцей.

У Лобчанскую школу хлопец прыйшоў у бягучым навучальным годзе. Дагэтуль скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка, а пасля працаваў па размеркаванні ў Дзяржынскім раёне.

— Калі даведаўся, што на адпрацоўку пайду ў вёску, то нават узрадаваўся. Падчас практыкі ў сталічных навучальных установах зразумеў: не ляжыць у мяне душа да гарадскіх школ. На мой погляд, там зусім інакш выбудоўваюцца адносіны паміж вучнямі і іх педагогамі. У вёсцы настаўнік — гэта чалавек, якога ўсе паважаюць, да якога прыслухоўваюцца не толькі дзеці, але і іх бацькі. У горадзе такога няма, — дзеліцца Дзіма. — Да таго ж амаль што ва ўсіх гарадскіх школах мова навучання руская. І нават гісторыю Беларусі там выкладаюць на ёй. Мы ж працуем з імёнамі і назвамі, якія па-руску часам гучаць зусім інакш, чым на беларускай мове. Важна, каб дзеці ў першую чаргу ведалі арыгінальны варыянт, а то пасля здараецца, што Жыгімонт і Сігізмунд у іх — розныя людзі.

У Томкавічах, дзе хлопец рабіў свае першыя крокі ў прафесіі, яму было няпроста. У адносінах да моладзі, якая прыходзіць у вёску па размеркаванні, існуе шмат стэрэатыпаў, маўляў, яны абыякава ставяцца да працы і мараць, як бы хутчэй уцячы ў іншае месца. Старэйшыя калегі загадзя вырашылі, што і Дзіма з такіх.

— Іх можна зразумець. Колькі разоў было, калі яны дзяліліся досведам з маладым спецыялістам, дапамагалі яму, уводзілі ў курс справы, а праз два гады той звальняўся, — разважае настаўнік. — Я і сам сышоў адтуль, але з іншай прычыны. Па-першае, не хапала працоўных гадзін на стаўку. Па-другое, з жыллём праблемы былі: кватэру здымаў у адной вёсцы, а школа знаходзілася ў іншай. Таму і вярнуўся ў Лунінецкі раён, дзе жывуць бацькі.

Тут для маладога гісторыка работа знайшлася адразу. Праўда, не ў роднай вёсцы Велута, а ў Лобчы. Дзіма, калі ехаў сюды, вельмі хваляваўся. Хутка зразумеў, што дарма: добразычлівы калектыў, калі што трэба, старэйшыя калегі дапамагаюць без праблем. Ды і сама вёска жывая: чыгунка праз яе праходзіць, гаспадарка адна з найлепшых у раёне, нават аддзяленне банка маецца. Але самае галоўнае, што ў Лобчы Дзіма можа займацца тым, да чаго ў яго ляжыць душа.

— Школа беларускамоўная, аднак маецца адзін нюанс. У вёсках, асабліва на Палессі, людзі размаўляюць на сваім дыялекце. Лобча — не выключэнне. Я стараюся весці ўрокі на літаратурнай беларускай мове, а дзеці ўсё адно адказваюць на лобчанскай гаворцы са сваімі фанетычнымі і граматычнымі асаблівасцямі. Але гэта не дрэнна, а, наадварот, вельмі добра, калі захоўваецца аўтэнтычнасць!

Магчымасцяў у маладога вясковага настаўніка не менш, чым у яго гарадскіх калег. Ледзь не ў кожным класе стаіць камп'ютар, пры неабходнасці на ўроках можна карыстацца інтэрактыўнай дошкай.

— Усё залежыць ад самога педагога і яго жадання працаваць. Я толькі пасля ўніверсітэта зразумеў, што любіць прадмет і выкладаць яго — розныя рэчы. Добра, калі настаўнік спалучае і першае, і другое, — кажа Дзіма. — У любым выпадку прытрымліваюся думкі: нават калі ты толькі на адпрацоўку прыйшоў, павінен выкладвацца па максімуме. Які сэнс чакаць лепшых часоў і ўмоў? Жыццё ідзе, і назад яго не вернеш. Якуб Колас калісьці таксама пачынаў працаваць у невялічкай вясковай школе на Палессі, а пасля прысвяціў гэтаму часу яшчэ і адзін з самых сваіх знакамітых твораў... — галоўны герой трылогіі «На ростанях» Андрэй Лабановіч працуе настаўнікам менавіта на Палессі.

У Лобчанскай школе ўсяго 42 вучні. Але, па словах хлопца, гэта не робіць яго працу лягчэйшай. Чым менш у класе дзяцей, тым больш часу на кожнага. Гэта значыць, што і вынікі навучання павінны быць лепшыя. Таму адказнасць даволі высокая, трэба «трымаць марку».

— Калі прыходжу са школы, адразу зноў саджуся за працу — пішу планы ўрокаў. Вольнага часу практычна не застаецца. Не паверыце, але я нават інтэрнэт сабе не падключаў! Бывае, кнігу якую пачытаю, музыку паслухаю... Часам, канешне, сумна. Сяброў у мяне тут пакуль зусім няма. Напэўна, таму што на выхадныя, калі студэнты і моладзь прыязджаюць у Лобчу да бацькоў, я еду ў сваю вёску.

«Тут даўно не было псіхолага»

Акрамя «гісторыка», мінулым летам калектыў Лобчанскай школы папоўніўся яшчэ адным маладым спецыялістам — педагогам-псіхолагам. Дваццацідвухгадовая Вікторыя Макейчык толькі скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна і вырашыла паспрабаваць свае сілы ў рабоце па спецыяльнасці.

— Размеркавання ў мяне не было, таму магла паехаць працаваць куды заўгодна, толькі б месца знайшлося. Дадому, калі шчыра, не хацела. Думала, у Мінск рвануць і ўжо нават на гутаркі з работадаўцамі ездзіла, але па сямейных абставінах ад уласных планаў прыйшлося адмовіцца і вярнуцца да бацькоў, — кажа суразмоўніца.

Увогуле, вёску Віка любіць «за спакой і няспешнасць». На думку дзяўчыны, адзінае, што прымушае моладзь яе пакідаць, — адсутнасць выбару і магчымасцяў у плане працаўладкавання.

— У мяне ўсяго паўстаўкі. Зарплата зусім невялікая, большая частка яе сыходзіць на аплату праезду ад дома да работы. Для мяне гэта не стала сюрпрызам, я ведала, на што іду. А калі заплюшчыць вочы на фінансавы бок, то ў цэлым усё нядрэнна, трэба набірацца досведу, — аптымістычна кажа дзяўчына. — Ведаю, што да мяне ў школе псіхолага доўга не было. Магчыма, з-за гэтага дзеці пакуль не да канца разумеюць, навошта ён патрэбен і ў якіх сітуацыях да яго звяртацца, але гэтая праблема з часам вырашыцца.

Тым не менш без справы Віка не сядзіць і не чакае, пакуль да яе самі пачнуць падыходзіць. Рыхтуе і праводзіць для дзяцей псіхалагічна-педагагічныя тэсты і гутаркі. А для таго, каб выклікаць дзяцей на дыялог, узялася весці гурток «Асновы сцэнічнага майстэрства».

— Псіхалагічная дапамога не можа быць навязаная. Трэба даць дзецям магчымасць прызвычаіцца да мяне, і тады яны змогуць раскрыцца. Памятаю, як я сама ў іх узросце скептычна ставілася да маладзенькага псіхолага, якая прыйшла ў нашу школу. Дарэчы, да яе цяпер звяртаюся па дапамогу ў афармленні папер па рабоце.

На думку Вікі, школа ў вёсцы — гэта не толькі навучальная ўстанова, але яшчэ і паўнавартасны культурны цэнтр. Дзеці прыходзяць сюды нават у суботу. Вядома, не на ўрокі, а проста, каб правесці час цікава і з карысцю.

— Я гэтых дзетак разумею, як ніхто іншы. У вёсках магчымасцяў не так ужо і шмат. Калісьці і я, дзякуючы настаўніцы рускай мовы і літаратуры, пачала пісаць вершы і прозу. І цяпер творчасць — гэта тое, што сапраўды мяне захапляе. Увечары і ў выхадныя дні звычайна застаюся дома. Пішу, іграю на сінтэзатары і гітары. Пакуль што толькі для сябе, але, хто ведае, можа аднойчы захачу падзяліцца з кімсьці. Час ад часу наведваю сваіх сяброў у вялікіх гарадах. Хоць і на наш райцэнтр няма чаго наракаць, магчымасцяў для больш-менш добрага адпачынку хапае. Ёсць і кінатэатр (паказваюць тыя ж фільмы, што і ў сталіцы, а білет каштуе ў некалькі разоў танней). Тая ж лядовая арэна працуе, некалькі кавярняў. Было б толькі жаданне і грошы!

Ганна КУРАК

Мінск — Лунінецкі раён — Мінск

Загаловак у газеце: Шляхам Лабановіча

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.