Вы тут

Чым можа быць цікавай для Беларусі Грузія


Незалежная Беларусь — дзяржава маладая. У 1990-я нам давялося наноў устанаўліваць адносіны з краінамі, якія таксама нядаўна набылі незалежнасць і з якімі да таго моманту мы знаходзіліся ў адной дзяржаве. Да іх адносіцца і Грузія, якую 22—23 сакавіка з афіцыйным візітам наведае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Нашым стасункам не адно дзесяцігоддзе, але ў актыўную фазу яны ўвайшлі толькі некалькі гадоў таму. У 2015-м адбыўся першы афіцыйны візіт беларускага лідара ў Грузію, які стаў пунктам адліку, пасля якога тавараабарот паміж нашымі краінамі рэзка пайшоў угору. У 2016-м адкрылася пасольства Беларусі ў Тбілісі, адбыліся ўзаемныя візіты на ўзроўні прэм'ер-міністраў. А далей, як грыбы пасля жыватворнага дажджу, — візіты ў Беларусь Прэзідэнта, віцэ-прэм'ера, спікера парламента Грузіі.

Крывая тавараабароту, як паказвае статыстыка, прапарцыянальна залежыць ад увагі ўлад да гэтага пытання. Яна паднялася пасля візіту Прэзідэнта Беларусі ў 2015-м і дасягнула $93,5 млн у 2017-м, дэманструючы больш чым двайны рост. Да таго моманту паказчык штогод зніжаўся. У лепшы для нас бок змянілася і сальда: калі ў 2013 годзе мы імпартавалі амаль удвая больш, чым адпраўлялі прадукцыі ў Грузію, то ўжо ў 2017-м прадавалі ў гэту краіну амаль у чатыры разы больш, чым куплялі ў ёй.

Восенню мінулага года Аляксандр Лукашэнка назваў лічбу беларуска-грузінскага тавараабароту ў $200 млн рэальнай. Эксперты пагаджаюцца, што гэта магчыма, бо эканомікі Беларусі і Грузіі ўзаемадапаўняльныя. Як адзначае палітолаг, кіраўнік Інстытута Еўразіі (Грузія) Гулбаат Рцхіладзэ, грузінскі спажывец у апошнія гады стаў больш разборлівым і гатовы плаціць даражэй, але за якасныя прадукты, да якіх адносяцца і беларускія. «Наогул трэба мець на ўвазе, што Беларусь шмат вырабляе, і вельмі якасна, Грузія, на жаль, амаль нічога сама не вырабляе, затое шмат імпартуе», — канстатуе палітолаг.

Грузія для Беларусі — перспектыўны рынак у Закаўказзі, гатовы прымаць нашу прадукцыю. Напрыклад, Грузія з'яўляецца самым буйным пакупніком сярод краін дальняй дугі беларускага сухога малака. «Сёння кожны пяты пакет малака, які выпускаецца ў Грузіі, вырабляецца з сухога абястлушчанага беларускага малака», — пацвярджае гэты факт пасол Беларусі ў Грузіі Міхаіл Мятлікаў. За час работы пасольства з 2016 года з'явіліся і іншыя новыя таварныя пазіцыі: хімічныя сродкі, касметыка, солад. Ідзе работа па стварэнні сумеснай вытворчасці ліфтоў. Раней падобныя ідэі выказваліся і па трактарах, але пакуль не знайшлося зацікаўленых у гэтым кампаній на тэрыторыі Грузіі.

Асноўная стаўка робіцца на харчовыя прадукты, але пакуль найбольшая складанасць — у маршруце дастаўкі. Галоўны транспартны калідор — Ваенна-грузінская дарога праз Каўказскі хрыбет, хуткасць руху па якой залежыць ад сезона. Аўтамабілі часам вымушаныя прастойваць тыднямі, што перашкаджае рэгулярнасці паставак. У якасці альтэрнатыўнага маршруту сёння разглядаецца транзіт праз Украіну: цягнікамі да Адэсы, а потым па моры ў парты Поці або Батумі. «Тут неабходна сумесна транспартным камісіям у Грузіі і Беларусі з падключэннем Украіны вырашаць гэтае пытанне па тарыфах», — казаў у пачатку лютага Міхаіл Мятлікаў.

Колькасць турыстаў-беларусаў, якія наведалі Грузію ў 2013-2017 гг.

Беларускі пасол лічыць, што Беларусь і Грузія дапаўняюць адна адну не толькі эканамічна, але і турыстычна. Беларусаў цікавяць грузінскія мора і горы, грузін у Беларусі — паляванне і санаторыі. І калі нашай дзяржаве стратэгічна больш важны экспарт, то Грузіі — менавіта турысты (паміж краінамі, дарэчы, дзейнічае бязвізавы рэжым). Ужо тры гады запар грузіны прывабліваюць мінчан фестывалем нацыянальнай культуры «Тбілісоба Баржомі». І ў тым ліку дзякуючы яму беларускіх турыстаў у Грузіі становіцца ўсё больш. Па даных Нацыянальнай турыстычнай адміністрацыі Грузіі, у 2013-м у гэту краіну прыехала 12 915 беларускіх турыстаў, 2015-м — ужо 28 959, 2017-м — 47 984. А калі параўнаць звесткі толькі па студзені—лютым, то ў 2014-м у Грузію завітала 1130 беларускіх турыстаў, 2016-м — 2037, 2018-м — 3455. І тут статыстыка без скачкоў: штогод колькасць турыстаў з Беларусі стабільна расце.

Колькасць турыстаў-беларусаў, якія наведалі Грузію ў студзені-лютым 2014-2018 гг.

Як адзначаюць у турыстычнай кампаніі «Валерыя Тур», галоўнае, што спыняе людзей падчас выбару тура ў Грузію — гэта кошт пералёту, а таксама доўгая дарога. Але Кацярына Піхцэвіч, спецыяліст турыстычнай кампаніі «Экатур-6», запэўніла ў адваротным: пералёт не такі ўжо дарагі, дарога — не такая далёкая, а за апошні час пералёт нават патаннеў. Гэту інфармацыю нам пацвердзілі ў «Белавія». Сапраўды, цэны былі зніжаны, бо зараз кампанія праводзіць палітыку змяншэння коштаў на пералёты па ўсіх напрамках, у тым ліку ў Грузію.

Пераканацца ў прыгажосці славутасцяў і краявідаў грузінскай сталіцы змогуць і ўдзельнікі шматлікай беларускай дэлегацыі ў гэтыя дні. Хаця зразумела, што перад імі стаіць іншая задача: заключыць як мага больш кантрактаў на пастаўкі. У межах візіту адбудзецца і бізнес-форум, у якім возьмуць удзел каля 50 кіраўнікоў прадпрыемстваў, паведамілі карэспандэнту «Звязды» ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. Большасць — з харчовай сферы: малочнай, мясаперапрацоўчай, кандытарскай, хлебабулачнай і іншых. Таксама шырока будуць прадстаўлены прадпрыемствы машына- і трактарабудавання, іншых сфер прамысловасці.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Сакрэт — ва ўзаемадапаўняльнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.