Вы тут

Жыццё падкажа надзённыя праблемы


У Брэсцкай вобласці пасля апошніх выбараў у значнай меры памяняўся склад старшынь раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў. Прадстаўнічыя органы раённага звяна ўзначалілі людзі самых розных прафесій і сфер дзейнасці. Сярод іх — работнікі банка і жыллёва-камунальнай сферы, намеснікі старшынь выканкамаў і кіраўнікі сацыяльных службаў, начальнік МНС і старшыня сельскага Савета. У некаторых сфера цяперашняй дзейнасці пераклікаецца з ранейшай работай, у іншых прафесійныя інтарэсы да гэтага адносіліся да больш вузкай галіны. «МС» пацікавілася, на што маюць намер звярнуць першачарговую ўвагу новыя старшыні, з чаго пачнуць сваю работу?


Рыгор КАСАБУЦКІ, старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Шмат гадоў я працаваў у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, апошняе дзесяцігоддзе — дырэктарам ЖКГ. Практычна штодня даводзілася сустракацца з людзьмі, вырашаць іх праблемы, а таксама праблемы вялікай гарадской гаспадаркі. Так што ў многім мая цяперашняя работа пераклікаецца з ранейшай. Добраўпарадкаванне двароў і вуліц, паляпшэнне якасці жыцця грамадзян — у ліку прыярытэтных задач дэпутацкага корпуса. Над гэтым і будзем працаваць. У нашым горадзе ёсць добры вопыт дзейнасці камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. На іх узор, думаю, трэба арганізоўваць новыя фарміраванні, усяляк прыцягваць людзей да стварэння прыгажосці, утульнасці, зручнасці ў дварах і пад'ездах. А для гэтага варта паказваць вопыт суседзяў іншым гараджанам на семінарах, выязных нарадах, хай сабе і зусім невялікіх.

Алег ЯКУБЧЫК, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Мая ранейшая працоўная дзейнасць у меншай ступені была звязана з праблемамі, якія паўстаюць на парадак дня сёння. Апошнія 22 гады я працаваў у банкаўскай сферы, больш за дзясятак гадоў кіраваў раённым аддзяленнем «Беларусбанка» і дэпутатам райсавета сёлета абраны ўпершыню. І паколькі мая акруга ўключае ў сябе прыватны сектар райцэнтра, просьбы людзей датычыліся паляпшэння стану дарог, вулічнага асвятлення. Вось гэта і будзе пунктам прыкладання нашых сіл.

Ведаю, што ёсць нараканні ў вясковых жыхароў на арганізацыю закупу малака ў насельніцтва. Яно і зразумела: раней, калі вёскі былі густанаселеныя, кароў на падворках трымалі многа і пытання не ўзнікала, бо ўсё было адладжана. А цяпер, калі адна прыватная карова ўтрымліваецца за пяць кіламетраў ад другой, не проста бывае ахапіць усіх гаспадароў зборам малака. Вось і давядзецца са старшынямі сельскіх Саветаў унікаць у сутнасць праблемы, глядзець, чым можна дапамагчы. Думаю, жыццё падкажа надзённыя пытанні, якія трэба вырашаць.

Уладзімір ХВАЦІК, старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Да раённага Савета я шмат гадоў узначальваў Дамачаўскі сельскі Савет. Пасёлак Дамачава — былы райцэнтр і сёння ўяўляе сабой немалы населены пункт з разнастайнай інфраструктурай. Акрамя таго, у склад сельсавета ўваходзіць шэраг іншых вёсак, у тым ліку маленькіх, аддаленых. Увесь час даводзілася вырашаць праблемы транспартнага абслугоўвання, дарог ды іншыя. Так што работай прыйдзецца займацца такой жа, як раней, толькі ў раённым маштабе. Зыходзячы з ранейшага вопыту, упор думаю рабіць на добраўпарадкаванне, паляпшэнне якасці жыцця нашых сельскіх жыхароў. Гэта азначае медыцынскае, гандлёвае, культурнае абслугоўванне. Добра, што ў нас дэпутацкі корпус складаецца з людзей самых розных прафесій. Так што разам з калегамі будзем выпрацоўваць план работы і прыкладаць намаганні для яго выканання.

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў:

— Мне работа ўяўляецца зусім не новай, яна шчыльна пераклікаецца з маімі ранейшымі заняткамі. На пасаду старшыні райсавета я прыйшоў з пасады начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Значыць, клопат пра адзінокіх, тых, хто пражывае адзінока, інвалідаў раней ажыццяўлялі праз сацыяльных работнікаў, а цяпер будзем рабіць гэта праз сельскія Саветы. Пэўны адрэзак маёй працоўнай біяграфіі быў звязаны з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, а пытанні добраўпарадкавання прыярытэтныя для мясцовай улады. Што датычыцца працы з людзьмі, то я атрымаў гэты вопыт падчас работы ў парламенце. Гэта і прыёмы выбаршчыкаў, і вырашэнне іх пытанняў. Так што справа ў многім знаёмая, проста цяпер яна набывае крыху іншыя формы. Варта адзначыць, што раён у нас вялікі, тэрыторыя падзеленая на 20 сельсаветаў. Думаю, разам са старшынямі мясцовых органаў улады, дэпутатамі будзем працаваць на карысць выбаршчыкаў.

Мікалай КУДРАВЕЦ, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:

—У райвыканкаме, дзе я працаваў намеснікам старшыні, курыраваў пытанні сацыяльна-культурнай сферы. Цяпер іх таксама не намераны ўпускаць з поля зроку. У нашым раёне шмат цікавых у гістарычным і культурным плане мясцін. Зараз, у Год малой радзімы, асабліва важна звярнуць увагу на кожную аддаленую вёску — гэта ж нечая малая радзіма! А работы сельскім Саветам, дэпутацкаму корпусу раёна хопіць. Сёлетняя позняя вясна прыспешвае заняцца навядзеннем парадку. Зрабіць гэта трэба хутка і арганізавана.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці.