Вы тут

Тэлевядучая Наталля Немагай: Марыла стаць актрысай


Наталля Немагай — адна з самых вядомых беларускіх тэлевядучых. На канале АНТ яна працуе ледзь не з самага яго ўтварэння, прычым трапіла туды пасля «народнага» кастынгу, калі вядучых выбіралі гледачы. Пра выпадковасць, якая стала прафесіяй, і тое, як захаваць прыгажосць, а таксама навошта шмат чытаць, вучыць замежныя мовы і асвойваць музычныя інструменты, Наталля расказала, гасцінна запрасіўшы да сябе дадому на каву.


— Наталля, паколькі жывяце ў самым цэнтры Мінска, адносіцеся да тых, каго не раздражняе гарадскі шум і мітусня?

— Так, я цалкам гарадскі жыхар. У цэнтр мы з бацькамі пераехалі, калі мне было 13, таму я тут амаль з дзяцінства. Хоць у нас ёсць дача, быў домік у вёсцы, дзе жылі мае бабуля і дзядуля, але з дзяцінства я не любіла праводзіць лета за горадам. Дзіця асфальту — гэта пра мяне. Вельмі люблю цэнтр Мінска, бо ты заўсёды ў віры падзей. Можна нават нікуды не выходзіць, ты і так усё бачыш. Летам з кубкам кавы выходзіш на балкон, і адчуваеш, як прачынаецца Мінск. Гарадскі рытм вельмі пасуе майму жыццю. Ці напружвае шум на праспекце? Ніколькі! У мяне няма кандыцыянераў, летам сплю з адчыненымі вокнамі. Куды горш, мне здаецца, адчувала б сябе ў цішыні. Ёсць нават такое даследаванне вучоных, што ні ад чаго чалавек так не вар'яцее, як ад цішыні. Калі цалкам прыбраць усе гукі, страціць розум можна за сем хвілін...

— А калі ўсё ж неабходна адпачыць?

— У мяне звычайна няма часу кудысьці паехаць, скажам, на выхадныя, таму калі трэба адпачыць, аднавіць сілы, я кажу блізкім: не чапайце мяне 20 хвілін, і зачыняюся ў пакоі з кніжкай. Гэта найлепшы для мяне сродак, каб апрытомнець. Кнігу заўсёды нашу з сабой і чытаю: у грымёрцы, калі робяць прычоску, калі чакаю сына ў паліклініцы, калі даводзіцца ездзіць у транспарце — усюды, дзе ёсць вольныя хвіліны.

— І што чытаеце?

— Пераважна класіку. На мой погляд, у прафесіі журналіста, тэлевядучага гэта неабходна, бо нішто іншае так не ўзбагачае мову. Аддаю перавагу ў асноўным рускім аўтарам — Чэхаву, Дастаеўскаму, Талстому. Часам чытаю казкі на італьянскай, паколькі вывучаю гэту мову. Узровень у мяне, канешне, пакуль не такі, каб чытаць Дантэ Аліг'еры ў арыгінале, а вось у казках вельмі прыгожая і зразумелая мова.

Класічную літаратуру я, дарэчы, люблю чытаць услых. Нават калі сын зусім маленькі ляжаў у калысцы, я чытала Талстога, Дастаеўскага. Некаторыя называюць Дастаеўскага складаным аўтарам, а я зачытвалася яго творамі яшчэ ў школе.

Люблю і родную мову. Вось зараз чытаю Івана Шамякіна, напрыклад. Гэта і сыну карысна. Добра, што ў школе больш увагі сталі ўдзяляць вывучэнню беларускай мовы. Наведваем з сынам і спектаклі, любім, напрыклад, тэатр беларускай драматургіі. Важна ж не проста сказаць, што трэба чытаць, а зацікавіць, каб у дзіцяці ўзнікла адчуванне, што сапраўды гэта вялікі пісьменнік ці твор. І каб у яго самога з'явілася жаданне пачытаць гэту літаратуру.

— Ці атрымалася далучыць да чытання сына?

— Пакуль не зусім. Ён не столькі любіць чытаць сам, як слухаць, калі чытаю я. Мы дамаўляемся: некалькі старонак чытае ён, і астатняе — я. Валодзя загружаны разнастайнымі заняткамі, таму я пакуль дапускаю гэта. Вельмі хутка пройдзе час, калі ён просіць, каб я пачытала. Таму я карыстаюся момантам і атрымліваю ад яго асалоду.

— Чым вас зацікавіла італьянская мова?

— У інстытуце вывучала латынь, а італьянская цалкам на ёй пабудаваная. Ды і ў нашай мове шмат з латыні, мне яе вывучаць было вельмі цікава. Займаюся ў вучэбным цэнтры пры пасольстве. У нас шмат сустрэч з італьянцамі, семінараў, фільмаў, я заўсёды з радасцю іду на заняткі. Вельмі люблю Італію, мы з сынам там праводзім адпачынак: ездзім і на лыжах катацца, і летам на мора. Італьянцы на англійскай мове не вельмі любяць размаўляць, лічаць, што іх мова таксама вялікая. Каб добра іх разумець, адкрываць для сябе гэту краіну, лепш ведаць мову. Таму такое ў мяне хобі. Дарэчы, лічыцца, што ў чалавека дамінуе адно паўшар'е мозга, а развіццю другога спрыяе ігра на музычным інструменце і вывучэнне замежных моў. Паколькі музычны інструмент, фартэпіяна, я асвоіла ў дзяцінстве, то застаецца ўдасканальваць замежную мову. Сын, дарэчы, таксама наведвае музычную школу, іграе на ксілафоне.

— Вы 14 гадоў таму прыйшлі на тэлебачанне. У кастынгу на АНТ тады сапраўды ўдзельнічала пяць тысяч ахвотных?

— Так, і гэта першы выпадак у гісторыі нашага тэлеканала, калі быў так званы народны кастынг: ва ўсіх рэгіёнах, у розных гарадах праводзілі апытанні і выбіралі вядучых. Спачатку абралі мужчын. А потым шукалі жаночы твар, у выніку ўзялі шэсць або сем вядучых, і я была ў іх ліку. На першым этапе нас адбіралі па фотаздымках, потым запрашалі на гутарку, пасля мы прыходзілі пачытаць штосьці ў студыі... І кожны раз я не ведала, ці паклічуць мяне на наступны этап. І заўсёды была вялізная колькасць дзяўчат. Памятаю, каб пакінуць сваю анкету, я стаяла ў доўгай чарзе — яе хвост цягнуўся ад будынка тэлеканала да набярэжнай Свіслачы.

— Пабачыўшы такую канкурэнцыю, не хацелася ўсё кінуць?

— Я ніколі не марыла быць тэлевядучай, таму, напэўна, і не расстроілася б моцна, калі б мяне не ўзялі. Хоць бачыла я сябе ўсё ж у творчай прафесіі — актрысай, спявачкай, музыкантам. З дзяцінства была вельмі актыўная — іграла на фартэпіяна, займалася ў гуртку пры рускім драматычным тэатры імя Горкага, спявала ў хоры, іграла ў ансамблі. Калі мне было 17, мама адвезла мяне ў Маскву да Клары Лучко, нашы сем'і тады сябравалі. Яна сказала, што шанцы трапіць у тэатральны ёсць і трэба спрабаваць. Я была прыгожая, высокая, з экзатычнай знешнасцю. Мяне запрашалі мадэльныя агенцтвы. Здымалася ў рэкламных роліках, была тварам ювелірнага магазіна. Але гэта былі разавыя акцыі.

З сынам Валодзем.

— Самі ўсё ж чаго хацелі?

— Паступіць ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі і стаць актрысай. Засынала і ўяўляла сябе ў розных вобразах — Наташы Растовай напрыклад. Хоць і ў душы я была Наташа Растова. Але дзіцячыя мары так і засталіся дзіцячымі марамі. Бо бацькі не рызыкнулі ў «ліхія» 90-я мяне адну адпусціць у Маскву. Разам з імі вырашылі выбраць больш зямную прафесію. І я паступіла на гістфак БДУ, атрымала добрую, фундаментальную адукацыю.

А потым убачыла аб'яву пра кастынг і падумала: чаму б і не? У тым, што трапіла на тэлебачанне, ёсць і выпадковасць, і дзесьці шанцаванне, і мой характар, безумоўна. Бо я ведала: калі мяне возьмуць, прыйдзецца шмат вучыцца. Так і атрымалася.

Працаваць у кадры, чытаць з суфлёра — для мяне ўсё аказалася новым і няпростым. Вельмі пашчасціла, што спачатку мяне ўзялі ў праграму «Наша раніца». Другім вядучым быў Валерый Кашчэеў. Ён прафесійны акцёр і вельмі мне дапамагаў. Прызнаюся, я вучыла свой тэкст на памяць, бо мне было складана чытаць з суфлёра. Рэагаваць трэба было і на яго, і на вядучага, і на рэплікі рэжысёра... Запіс нашай праграмы ішоў да дзвюх-трох гадзін ночы. Вось так удзень пачынала і сядзела да ночы. А раніцай праграма выходзіла ў эфір. Было няпроста, але вельмі цікава! Я жыла толькі працай. У нас на тэлеканале выдатны калектыў. Усе адзін аднаму дапамагаюць. Не сорамна прыйсці і сказаць, што ты нешта не ўмееш. Таму мне ўдалося атрымаць выдатны вопыт.

— А ваша дзіцячая мара ў пэўным сэнсе спраўдзілася: вы здымаліся ў кіно, нават у Алега Янкоўскага ў фільме «Ідэальная жонка»...

— Там у мяне была эпізадычная роля вядучай. У іншых фільмах таксама эпізадычныя ролі. А ў кіно трапіла наступным чынам: да нас на праграму прыходзіў рэжысёр Дзмітрый Астрахан. І папрасіў мае фотаздымкі, сказаў, што, магчыма, мы вас і запросім. Вось так перыядычна і дагэтуль запрашаюць. Але я не прафесійная актрыса, і рабіць стаўку на кіно было б няправільна.

— Пасля нараджэння Валодзі вы вельмі хутка вярнуліся да работы...

— Так, яму было 10 месяцаў, калі я вярнулася ў эфір. У дэкрэтны адпачынак я пайшла з праграмы «Наша раніца». І на маё месца ўзялі Люсю Лушчык. Таму я не ведала, што мне прапануюць на АНТ, калі вярнуся. І тут якраз шукалі яшчэ адну вядучую для «Нашых навін». Рыгор Леанідавіч Кісель (на той момант кіраўнік канала АНТ. — Аўт.) даў мне шанц паспрабаваць сябе ў ролі вядучай інфармацыйнай праграмы, за што я яму вельмі ўдзячная. І вось ужо 10 гадоў я вяду праграму «Нашы навіны».

— Хто дапамагаў вам, калі сын быў маленькі і даводзілася працаваць?

— Мае бацькі. Яны і цяпер мне дапамагаюць.

— Якія ў вас адносіны з бацькам Валодзі?

— Мы рассталіся, калі сыну было паўгода. Было вялікае каханне, але мы не здолелі яго захаваць. Ён паехаў у Расію, у яго там свой бізнес. Я была не гатовая пакінуць усё тут і паехаць да яго. Зараз мы з ім добрыя сябры, нам з Валодзем ён вельмі дапамагае. Праўда, лічыць, што сына я надта пешчу (усміхаецца).

— Наколькі важна для вядучай захоўваць маладосць, не мяняцца шмат гадоў, як, скажам, вядучая з першага расійскага канала Кацярына Андрэева?

— Яна, дарэчы, наведвае і трэнажорную залу, і басейн. Спорт ёсць і ў маім жыцці. Апошнім часам займаюся ў Наталлі Наважылавай па індывідуальнай праграме. Яна і сама прыклад для многіх і для мяне — у 63 гады ў выдатнай фізічнай форме: стаіць на галаве, садзіцца на шпагат, робіць мосцік... Вельмі люблю раніцай хадзіць на аква-аэробіку. Часам магу і на прабежку ў парку выйсці, пакатацца на веласіпедзе, у басейн схадзіць. Летам нават у футбол гулялі з сынам.

— Што трэба рабіць, каб твар заставаўся малады і прыгожы, як у вас?

— Лічу, што мне пашчасціла з генетыкай: мая бабуля ў 90 гадоў добра выглядала. Важныя і нашы эмоцыі: калі чалавек свеціцца дабрынёй і любоўю, гэта і на твары адбіваецца. Я люблю і ўсялякія касметычныя працэдуры, наведваю касметолага. Не адмаўляюся і ад хатніх сродкаў: раблю маскі з маладой бульбы, клубніц з градкі, агуркоў. Я за любы догляд, у тым ліку і за народныя рэцэпты. Таксама для жанчыны важна высыпацца. У мяне, праўда, гэта не заўсёды атрымліваецца. Тады на дапамогу прыходзяць замарожаныя лядовыя кубікі з рамонкам ці чыстацелам.

— Дапускаеце магчымасць з узростам больш сур'ёзнага ўмяшальніцтва?

— Уколы з комплексам вітамінаў і калагенам, які з узростам не выпрацоўваецца, я і цяпер раблю. Гэта догляд глыбокага ўздзеяння, так званая мезатэрапія. Пра хірургічнае ўмяшальніцтва пакуль не гатовая адказаць, з маёй прафесіяй яно, канешне, можа спатрэбіцца. Але важна захоўваць меру. Усё ж я за прыгожае натуральнае старэнне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС.