Вы тут

Карэспандэнт «МС» высвятляла, колькі каштуе калодзежная вада


Некалькі гадоў таму ў Мсціслаўскім раёне жыхары адной з вёсак абураліся, што за карыстанне калодзежамі ім увялі плату. Нават адмаўляліся заключаць з камунальнікамі дагаворы. Маўляў, навошта? Іх бацькі не плацілі, і яны не будуць. Насамрэч сітуацыя крыху заблытаная. Бо гэтую плату сёння бяруць толькі ў Мсціслаўскім і Быхаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Усе астатнія... наогул не плацяць.


Прынцып роўнасці?

Некалькі гадоў таму Міністэрства ЖКГ адобрыла рашэнне ўвесці плату за калодзежную ваду. Праз некаторы час яно было прыпынена, але некаторыя раёны паспелі перайсці на платны прынцып карыстання гэтай вадой. І Мсціслаўскі раён быў адным з першых. Гэта рашэнне дзейнічае тут па сённяшні дзень.

— Нам прыходзілі рэкамендацыі аблвыканкама адмяніць гэта рашэнне, але раённыя фінансісты спасылаюцца на тое, што нашы дзеянні не супярэчаць закону. Наадварот, такі падыход ставіць усіх спажыўцоў вады ў роўныя ўмовы. Чаму тыя, хто карыстаецца цэнтралізаванымі крыніцамі вады, павінны плаціць, а іншыя — не? На абслугоўванне калодзежаў таксама ідуць немалыя грошы, — кажа начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Дзмітрый ТКАЧОЎ.

Калодзежная вада аплачваецца жыхарамі Мсціслаўскага раёна з разліку 35 літраў на чалавека ў суткі. Атрымліваецца каля 85 капеек у месяц за куб вады. Мясцовыя камунальнікі кажуць, што гэта сума нават не пакрывае іх выдаткі па рамонце калодзежаў, бо сёння патрабаванні да ўтрымання такіх аб'ектаў не тыя, што былі ў савецкі час. Зараз усё каштуе грошай. А трэба то вядро памяняць, то ланцужок паправіць. А калі сюды прыбавіць расходы па выездзе цэлай групы работнікаў, каб пачысціць калодзеж, то сума падскочыць у разы.

Дарэчы, як паведамілі ў бухгалтэрыі Мсціслаўскага «Водаканала», насельніцтва пакрывае страты арганізацыі па абслугоўванні калодзежаў толькі на 15 %.

— Бясплатнай вада для насельніцтва можа стаць толькі ў тым выпадку, калі ў новым законе аб пітным водазабеспячэнні гэта будзе выразна прапісана, — кажуць спецыялісты.

У Глускім раёне насельніцтва за калодзежную ваду наогул не плаціць. Усе расходы на сябе бярэ мясцовы «Жылкамгас».

— Калодзежы, якія запатрабаваны, падтрымліваюцца ў належным стане, але шмат сродкаў ідзе на іх эксплуатацыю, бо нам трэба не толькі даглядаць гэтыя аб'екты, але яшчэ і плаціць за аналіз вады, які праводзіцца санстанцыяй штомесячна, — кажа дырэктар прадпрыемства Юрый ДЫМША.

І з гэтым не паспрачаешся. Ёсць пагроза, што ў калодзеж могуць трапіць арганічныя забруджванні, якія потым пераўтворацца ў нітраты. Як вядома, у высокай канцэнтрацыі яны прадстаўляюць пагрозу для здароўя чалавека. Дарэчы, зусім нядаўна ў краіне быў выпадак, калі маці накарміла дзіця сумессю, зробленай на крынічнай вадзе, пасля чаго малое ледзь выратавалі ў бальніцы.

Плаціць або не плаціць

Спецыялісты кажуць: блытаніна адбылася таму, што ў існуючым законе аб пітным водазабеспячэнні выразна агаворваецца платнасць вады, а ў паднарматыўных актах Мінжылкамгаса калодзежы адносяцца да аб'ектаў добраўпарадкавання, а значыць плата за карыстанне імі не прадугледжана. Адсюль, маўляў, і ўсе праблемы.

— На студзень у камунальнай маёмасці вобласці налічвалася 10 664 шахтавыя калодзежы, з іх цалкам адрамантаваная дзесьці 10-я частка (або 1100). На абслугоўванне аднаго калодзежа патрэбна прыкладна 330 рублёў. Але сродкаў не хапае, бо яны выдзяляюцца толькі на абслугоўванне сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння. У выніку прыкладна на 62 % нашы арганізацыі працуюць сабе на страту. Але адмовіцца ад шахтавых калодзежаў нельга, дзесьці яны выкарыстоўваюцца для тэхнічных і іншых патрэб. Калі ў новым законе будзе прапісана — лічыць калодзежную ваду бясплатнай, мы зможам абгрунтаваць свае выдаткі перад фінансавымі органамі, — паведаміў начальнік аддзела ЖКГ Магілёўскай вобласці Андрэй НЕСЦЕРАЎ.

На балансе сельвыканкамаў

Абслугоўваннем калодзежаў раней займаліся выключна сельвыканкамы, але было прынята рашэнне перадаць іх водаканалам. Асіповіцкі раён быў адным з першых.

— Асноўную частку перадавалі ў камунальную маёмасць, а там, дзе імі мала хто карыстаўся, у асабістую маёмасць грамадзян, — прыгадаў той перыяд былы старшыня Асіповіцкага райсавета дэпутатаў Аляксандр ПУЗІК. — Для Водаканала галоўная праблема ў тым, што вада застойваецца, калі яе не выбіраюць, яе трэба адпампоўваць, шмат клопатаў. Таму мы іх Водаканалу і не аддавалі. А жыхары былі не супраць такой маёмасці.

Камунальнікі лічаць такую пазіцыю правільнай. Калі на вёсцы адзін-два чалавекі, то гэта найлепшае выйсце. Чалавек будзе сам даглядаць калодзеж і прымаць меры па яго ачыстцы. Да таго ж пры перадачы гэтых аб'ектаў у камунальную маёмасць узнікалі непаразуменні, калі людзі скардзіліся, што гэта іх прыватная маёмасць, а не грамадская.

Сёння на балансе сельвыканкамаў у Магілёўскай вобласці засталіся калодзежы толькі ў Бабруйскім і часткова ў Бялыніцкім раёнах.

— У нас на балансе 65 калодзежаў, — кажа старшыня Глушанскага сельскага Савета Марыя Сушчанка. — Чысцім іх гаспадарчым спосабам, але яго нельга назваць кваліфікаваным. Сёння існуюць вельмі высокія патрабаванні да правілаў ачысткі. У Жылкамгасах ёсць і адмысловае абсталяванне, і спецыяльна падрыхтаваныя спецыялісты. А мы проста дылетанты. Мы згодны хоць сёння перадаць гэтую маёмасць. Тым больш што ніякіх цяжкасцяў тут няма. Пад калодзежы не трэба рабіць тэхнічныя пашпарты і ўстанаўліваць межы ўчастка. Яны перадаюцца на падставе рэгістрацыйнай карткі. Рашэнне Бабруйскага райвыканкама аб перадачы прынята, спадзяёмся, што яно будзе выканана.

— На тэрыторыі раёна каля 300 калодзежаў, — удакладніў намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Сяргей Ляпічаў. — Колькі з іх у нездавальняючым стане, зараз высвятляецца. Ідуць абследаванні, складаюцца акты. Калі яны будуць у парадку, мы іх прымем. Пакуль магу сказаць толькі адно: прыбытку яны не прыносяць.

— Зараз ідзе працэдура перадачы гэтых аб'ектаў на баланс мясцовага ЖКГ, — акрэсліў становішча вакол калодзежаў у Бялыніцкім раёне старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Ганчук. — Перад тым як іх перадаць, прыводзім у належны выгляд. Робіцца гэта талакой, дзе за кошт насельніцтва, а дзе за кошт арганізацый, якія замацаваны на той жа тэрыторыі.

Нехта лічыць, што наогул прыйшла пара адмовіцца ад калодзежаў і цалкам пераходзіць на цэнтралізаванае водазабеспячэнне. Навошта нам, маўляў, гэты галаўны боль? Але на месцах так не думаюць.

— Адмовіцца ад шахтавых калодзежаў цалкам пакуль немагчыма, — кажа Андрэй Ганчук. — Ёсць населеныя пункты, дзе наогул няма цэнтралізаванага водаправода. Гэта маланаселеныя вёскі, і калодзежы там трэба падтрымліваць, паколькі іншых крыніц пітной вады няма. А вось парадак з яе спажываннем навесці неабходна. Бо сустракаюцца выпадкі, калі насельніцтва спекулюе на калодзежнай вадзе. За цэнтралізаванае водазабеспячэнне трэба плаціць па прыборах, а ў калодзежы гэты працэс не пракантралюеш. Знаходзяцца хітруны, якія закідваюць туды электрычныя насосы і паліваюць свае агароды. За ваду яны не плацяць, а калодзежы патрабуюць абслугоўваць. І такое часта здараецца ў населеных пунктах, дзе ёсць цэнтралізаванае водазабеспячэнне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Нерэнтабельны калодзеж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».