Вы тут

Як намаляваць пах кавы?


Жывапіс са смакам кавы. Менавіта так можна ахарактарызаваць праект студэнткі Акадэміі мастацтваў Алесі Ісы, прадстаўлены ў сталічнай кавярні «Guru Соffее Сlub». Выбар прасторы невыпадковы: канцэптуальны праект аб'яднаў партрэты сталічных барыстаў. Праз іх вобразы мастачка паказвае, што гэтая праца — сапраўднае чараўніцтва, працэс, што чапляе візуальнай эстэтыкай і нават пахам.


Усе героі — людзі творчыя і тэмпераментныя, што адлюстравана ў карцінах. Яны аб'яднаныя залатымі тонамі. Менавіта гэты колер асацыюецца з духмянай кавай. Работы поўняцца гарманічнымі адценнямі і смелай пабудовай кампазіцыі.

— Я вельмі люблю піць каву. Заходжу ў кавярні практычна кожны дзень. У нейкі момант стала заўважаць, што ў іх працуюць вельмі цікавыя і прыгожыя людзі, — расказвае Алеся Іса. — Пераадолеўшы страх, у 2013 годзе я падышла да дзяўчыны, якая працавала ў кавярні недалёка ад майго дома і прапанавала ёй папазіраваць мне. Пасля гэта ператварылася ў традыцыю: я прыходжу ў кафэ, знаёмлюся з барыстам, запрашаю стаць мадэллю. Так у мяне нараджаліся не толькі партрэты, але і добрыя чалавечыя стасункі з цікавымі людзьмі. У пачатку 2018 года я зразумела, што партрэтаў назапасілася шмат, вось і прыйшла ідэя аб'яднаць іх адной выстаўкай.

Але асновай для канцэпцыі праекта стала не толькі тэматыка, але і выбар месца для яго прадстаўлення: творца знайшла кавярню з неабходным для яе работ інтэр'ерам. Такім чынам сувязь паміж кавай, барыстам і кавярняй захаваная. Наогул, гэта ўжо асобны трэнд, калі мастацтва выходзіць за межы выставачных пляцовак у памяшканні самай рознай функцыянальнай накіраванасці з вялікай колькасцю наведвальнікаў.

— Стала заўважаць, што ў галерэі, на вялікі жаль, ходзіць не так і шмат людзей. Вядома, ёсць тыя, хто прыходзяць мэтанакіравана, але як далучаць да мастацтва іншых? Зыходзячы з канцэпцыі сваіх твораў, я знайшла месца, у якім арганічна падала жывапіс. Мне захацелася, каб любы чалавек мог прыйсці, паглядзець работы, пракаментаваць, магчыма, пакрытыкаваць. Для самога гледача размяшчэнне карцін у кафэ таксама палягчае задачу: не трэба траціць грошы на квіткі, і ў зале, дарэчы, няма бязмежнай цішыні. Можна прыйсці ў кавярню на спатканне альбо на сустрэчу з сябрам і ў той жа час разам пазнаёміцца з жывапісам таго ці іншага мастака. Прыемнае з карысным.

Алеся Іса жадае атрымаць як мага больш водгукаў, каб зразумець, каму яе творчасць цікавая, а каму ўвогуле не падабаецца.

— Я не баюся масавага густу. Мне нават цікава, як людзі з розных сфер будуць рэагаваць на маю творчасць. У любым выпадку глядацкі суд — гэта досвед, асабліва для маладога мастака, — падкрэслівае творца. — Насамрэч не так лёгка, будучы маладым творцам, заявіць пра сябе. Прызнаю, што магчымасць арганізацыі праектаў у масавых установах — шанц для маладых мастакоў прыцягнуць да сябе ўвагу. Прычым неабавязкова зацікаўліваць толькі жывапісам, можна рабіць, напрыклад, мастацка-музычныя вечарыны або праводзіць экскурсію па выстаўцы, распавядаючы аб стварэнні экспазіцыі, раскрываючы гісторыю месцаў, якія ў ёй фігуруюць. З аднаго боку, гэта прыемна і карысна мастаку, з другога — установа таксама ў плюсе: хтосьці ў любым выпадку застанецца выпіць кавы ці возьме кубак з сабой падчас агляду экспазіцыі.

Акрамя партрэтаў, на выстаўцы прадстаўлена і некалькі пейзажных твораў. Мастачка вырашыла разбавіць імі экспазіцыю, каб прадэманстраваць, што яна можа працаваць у розных жанрах. Дарэчы, творца актыўна цікавіцца гістарычнымі тэмамі. Неаднойчы пісала партрэты знакамітых беларускіх дзеячаў. Зараз мастачка вучыцца на шостым курсе Акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Станковы жывапіс». Яе дыпломнай работай будзе партрэт прадзеда — знакамітага беларускага паэта Аркадзя Куляшова.

— Я вельмі спантанны чалавек, ствараю эмоцыі. Ніколі не магу прадказаць, што захачу напісаць у наступны момант, — дзеліцца Алеся. — Сёння гэта барыста, заўтра можа быць князь Вітаўт. А калі зусім шчыра, то ўсе мае творы — зборны вобраз мяне самой. Уся мая сям'я вельмі творчая. Думаю, ад іх мне дасталася такая моцная энергетыка. Праз іх я заўсёды напаўняюся эмоцыямі. Калі выхоўваешся сярод музыкі, сярод літаратуры, фарміруешся дзякуючы гэтаму як асоба, не можаш уявіць сябе пасля без творчых складнікаў жыцця.

Мастачка ўпэўнена: калі бесперапынна жывеш сваёй справай, любіш яе, сам не заўважаеш, як табою пачынаюць цікавіцца. Наперадзе ў яе шмат задум, напрыклад, арганізаваць экспазіцыю партрэтаў дзеячаў культуры Беларусі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Духмяны жывапіс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».