Вы тут

Кругазвароты часу ў родных дварах


Пачаць варта са шчасця. Што гэта такое? Калі ў дзяцінстве ездзіш на веласіпедзе ды наўмысна звальваешся ў лужыну; калі можна быць малпачкай ды лазіць па яблынях; калі катаешся на тарзанцы; калі скачаш у пясок... Але ведаеце, якое галоўнае шчасце? Мець дом. І ў гэтым выпадку дом — не бяздушная будыніна з дарагімі сэрцу сценамі. Дом — гэта пачуццё, калі хочаце, філасофія. Аб тым пісаў яшчэ Францыск Скарына, бо дом — такое «месца сілы», якое зберагае ўспаміны. Менавіта гэтую думку даносіць у спектаклі Маладзёжнага тэатра «Двор як натура, што сыходзіць» рэжысёр Таццяна Аксёнкіна.


Спектакль паставілі па п'есе расійскага драматурга Алены Ісаевай (па некаторых звестках яна — вучаніца Вазнясенскага), і для рэжысёра, якая досыць часта стварае пастаноўкі для ненапружанага прагляду (хоць у яе скарбонцы ёсць і чароўны спектакль «Саня, Ваня, з імі Рымас»), «Двор...» — гэта спроба зрабіць простую, немудрагелістую гісторыю сапраўднай філасофскай прыпавесцю, якая б пакінула жаданне разважаць, а не была звычайнай забавай на адзін вечар. Увесь калектыў тэатра таксама на гэта працаваў — нездарма ж трупе Маладзёжнага далі званне «Заслужанага калектыву», якое акцёры цалкам апраўдваюць (чаго толькі вартая мужнасць адной з актрыс, якая іграла прэм'ерны спектакль са зламанай рукой). Артыстам было хоць
і няпроста, але вельмі прыемна выконваць ролі: героі п'есы Ісаевай — гэта людзі, каштоўныя тым, што захоўваюць у сабе эпоху.

Саша-Пелікан (Яўген Іўковіч) цяпер ужо дарослы мужчына, нават паспяховы: жыве ў Аўстраліі, валодае землямі ў краіне кенгуру ды займаецца любімай справай — матацыкламі. Але яго маці захварэла, і ёй вельмі захацелася вярнуцца на радзіму, пабачыць, якой стала Масква за гэтыя доўгія гады яе адсутнасці. Калі герой-аўстраліец аказваецца ў сучаснай Маскве, ён ужо не мае гэтага адчування дому, які калісьці быў для яго ўсім: паўсюль гандлёвыя цэнтры, людзі спяшаюцца; машыны і хмарачосы. Але памяць на тое і існуе, каб захоўваць дарагія моманты і людзей, якія калісьці былі блізкімі. Так, Сашка сустракае свайго сябра дзяцінства Генку (Сяргей Шаранговіч) — каля месца, дзе калісьці знаходзіўся іх дом № 33 па вуліцы Зялёнай. З гэтага моманту пачынаецца падарожжа герояў ва ўспаміны, настальгія па былых сябрах ды каханых.

Таццяна Аксёнкіна паказвае сваіх герояў вельмі рознымі — часам наіўнымі, часам сур'ёзнымі, але ўсе яны вельмі чуллівыя, ім складана быць няшчырымі і хочацца быць шчаслівымі, і гэта тое, што персанажаў аб'ядноўвае.

Дарэчы, дарослыя Сашка ды Генка — усяго толькі назіральнікі за тым, якімі яны былі ў мінулым. Вось ім па чатырнаццаць: Сашка пераязджае з сям'ёй у той самы 33-і дом на Зялёнай, знаёмства з Генкам пачынаецца з бойкі. Наогул, усё нейкае нешчаслівае: п'яны сусед, бабка Ліда, якая штораз нагадвае, што хлопца ў гэтым доме нічога добрага не чакае, дзед-ветэран, які штодня нагадвае пра перамогу ў вайне, самотная дзяўчына, якая будзе шукаць сабе мужа. Спектакль цікавы ўжо тым, што на пытанні дому, адносін, кахання адказы шукаюць адразу тры пакаленні людзей. Адказы ў іх будуць розныя. Але ці не ў гэтым сэнс? У 14 дом — гэта толькі памяшканне, бацькі — людзі, якія не пускаюць на вечарынкі, каханне — бесклапотныя абяццані «назаўсёды». У 40 усё змяняецца: дом становіцца сімвалам устойлівасці, утульнасці, бацькі займаюць меншае месца ў жыцці, а вось каханне — яго ці няма, ці яго шукаеш, ці бясконца змагаешся за яго. Напэўна, самыя шчаслівыя ў любоўным плане старыя: дзед Лёня ўгаворвае бабу Ліду раздзяліць з ім старасць, а яна не пагаджаецца, бо ў жыцці пабачыла рознага і цяпер не гатовая да такіх эксперыментаў. Часам ва ўсіх гэтых перыпетыях згадваюцца сюжэты п'ес Вампілава: гэткая ж «бытавуха», пачуццёвасць, складаныя адносіны, непаразуменні ды пошукі шчасця. Аксёнкіна ў спектаклі прасочвае цыклы жыцця і закальцоўвае іх (для гэтага на сцэне нават ёсць пляцоўка-кола, якая рухаецца разам з жыццём герояў), напаўняе жыцці герояў сэнсамі, шукае арыенціры, якія б адпавядалі ўзросту персанажаў. І шмат увагі ўдзяляе мінуламу, бо менавіта на ім усё завязана: усё цяперашняе жыццё — гэта люстра таго, што было калісьці; усе ўчынкі, якія былі зробленыя ў дзяцінстве, цяпер справядліва адбіваюцца на чалавеку; усе правільныя і няправільныя рашэнні ўплываюць на тое, якім жыццём героі жывуць цяпер.

Двор у такім выпадку — гэта адначасова і проста дэкарацыя да разважанняў, і вельмі глыбокая рэч. Што тут ёсць? Колькі лаваў, старое дрэва ды ўваход у пад'езд. Але калі задумацца, то менавіта тут прымаліся тыя самыя жыццевырашальныя рашэнні, тут хлопцы ішлі сценка на сценку, тут Генка спрабаваў прызнацца ў каханні дзяўчыне, а Сашка маляваў партрэт свайго самага сапраўднага кахання Надзькі. У сінопсісе спектакля нездарма напісана, што двор — гэта філасофія. І гэта так, двор — навука, якая дае не толькі тэарэтычныя веды ад дзеда Лёні пра вайну ды ад бабкі Ліды пра забабоны, але і практычныя, якія пасля сфарміруюць характар жыхароў двара.

Часам дзіцячая наіўнасць персанажаў ды іх рашэнняў збівае гледача з панталыку: спектакль пачынае падавацца банальнай меладрамай з жартамі ніжэй за пояс ды наогул без глыбокіх думак, але менавіта складаная гісторыя, якую расказалі проста, дае больш важкі вынік: вялікае ў малым, трэба разумець гэта, калі вядзеш пошукі. Усе надзённыя рэчы, бытавыя дробязі, спрэчкі ды кінутыя проста так фразы маюць вялізнае значэнне ў глабальным плане. Вось пра гэта кажа неідэальны, немудрагелісты, але прыязны ды лёгкі «Двор...»: жыццё цячэ як пясок скрозь пальцы, таму моманты, нават самыя нязначныя, заўсёды маюць сэнс. Асабліва тыя, якія правёў у родным двары.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Як пясок скрозь пальцы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.