Вы тут

Афрыка аб'ядналася ў зону свабоднага гандлю


Днямі з Кігалі (сталіцы Руанды) прыйшла насамрэч сенсацыйная міжнародная навіна. Тут было падпісана пагадненне аб стварэнні CFTA (Афрыканскай кантынентальнай зоны свабоднага гандлю). Без перабольшвання гістарычная падзея адбылася падчас правядзення надзвычайнага саміту Афрыканскага саюза (АС). Свае подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі 44 з 55 незалежных краін Чорнага кантынента, паведаміла руандыйская газета New Tіmes. Па словах прэзідэнта Руанды Поля Кагаме, які старшынюе ў АС у гэтым годзе, падпісанне такога дакумента з'яўляецца вызначальнай падзеяй для будучыні афрыканскіх прадпрымальнікаў, фермераў і рабочых. Акрамя пагаднення, якім ствараецца Афрыканская кантынентальная зона свабоднага гандлю, некаторыя дэлегацыі таксама падпісалі дагавор, які рэгулюе свабоднае перамяшчэнне асоб і права пражывання на тэрыторыі АС. На думку экспертаў, CFTA будзе ўяўляць сабой самую буйную свабодную гандлёвую зону ў свеце. Якія перспектывы адкрывае такі гіганцкі рынак?


Без бар'ераў

Рашэнне пра стварэнне Афрыканскай кантынентальнай зоны свабоднага гандлю было прынята яшчэ ў 2012 годзе на саміце АС, а работа над праектам адпаведнага пагаднення пачалася ў 2015-м. Паводле тэксту дакумента, дзяржавы, якія далучыліся да CFTA, абавязваюцца зняць мытныя тарыфы на 90 працэнтаў катэгорый тавараў, вырабленых у межах зоны, і ліквідаваць іншыя бар'еры ў гандлі паміж краінамі кантынента. Таксама ў будучыні магчымы і пераход на разлікі ў адзінай валюце.

На тэрыторыі Афрыканскай кантынентальнай зоны свабоднага гандлю пражывае больш чым 1,2 млрд чалавек, а сукупны аб'ём валавога ўнутранага прадукту краін, якія ўваходзяць у яе, складае звыш 3,5 трыльёна долараў. Казаць пра тое, што ўвесь кантынент ператварыўся ў зону свабоднага гандлю, не дазваляе толькі тое, што ў дамове пакуль стаяць подпісы прадстаўнікоў не ўсіх афрыканскіх краін. Сярод «адмоўнікаў» — найбуйнейшыя эканомікі Чорнага кантынента — Нігерыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

Афракамісар па гандлі і эканоміцы Альберт Мучанга лічыць, што яны хутка далучацца да пагаднення. Ён таксама паведаміў, што ў ліпені адбудзецца яшчэ адзін афрыканскі саміт, гэтым разам у Маўрытаніі, і што на ім чакаецца значнае павелічэнне колькасці ўдзельнікаў CFTA. Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоза заявіў, што ён паставіць свой подпіс пад пагадненнем адразу пасля таго, як атрымае дазвол парламента.

Прычыны адсутнасці ў зоне Нігерыі пакуль незразумелыя, але эксперты не выключаюць верагоднасці таго, што прэзідэнт гэтай афрыканскай краіны Махамаду Бухары не стаў спяшацца з падпісаннем дакумента з боязі, што ён нанясе шкоду эканоміцы яго краіны. Прынамсі, буйныя нігерыйскія бізнесмены і прафсаюзы асцерагаюцца гэтага. Бухара заявіў, што мае патрэбу ў дадатковым часе для кансультацый дома.

Розныя прычыны ў астатніх «адмоўнікаў», сярод якіх больш няма буйных эканомік. У зону свабоднага гандлю не ўвайшлі Батсвана, Намібія, Лесота, Замбія, Бурундзі, Эрытрэя, Бенін, Сьера-Леонэ і Гвінея-Бісау. Для фармальнага стварэння зоны дастаткова згоды 22 дзяржаў. Нягледзячы на адсутнасць Нігерыі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі афрыканская зона стане найбуйнейшай сусветнай арганізацыяй падобнага роду па плошчы і другой пасля стварэння амаль чвэрць стагоддзя таму Сусветнай гандлёвай арганізацыі па колькасці ўдзельнікаў.

Як прывабіць ТНК?

Важнасць падпісання гандлёвага пагаднення пераважнай большасцю афрыканскіх краін пераацаніць цяжка. Эканамісты лічаць слабы гандаль паміж краінамі кантынента адной з галоўных прычын беднасці Афрыкі і адсутнасці ў яе моцнай прамысловай базы. Для афрыканскага бізнесу цяпер больш выгадна, лічыць Мерыем Бенсала-Чакрун, які ўзначальвае Мараканскую асацыяцыю бізнесменаў, купляць тавары па-за межамі кантынента, часцей за ўсё ў Азіі, чым вырабляць свае.

Прычын таго, што афрыканскія дзяржавы млява гандлююць адна з адной, шмат. Гэта і каланіяльнае мінулае, і высокія ўнутраныя тарыфы, і дрэнныя дарогі — як аўтамабільныя трасы, так і чыгунка, а таксама вельмі моцная бюракратыя і карупцыя на мытных і пагранічных пасадах.

Стрымлівае эканамічнае развіццё Афрыкі і адносна, вядома, невялікі памер унутраных рынкаў: насельніцтва толькі дзвюх краін — Нігерыі і Эфіопіі — перавышае 100 млн чалавек. Галоўнай умовай для нармальнага функцыянавання кантынентальнай зоны свабоднага гандлю з'яўляецца, на думку спецыялістаў, адкрыццё межаў для свабоднага перамяшчэння рабочай сілы і тавараў. Пагадненне не будзе эфектыўна працаваць, калі афрыканцы не змогуць вольна перамяшчацца з адной краіны ў іншую і не будуць адкрытыя межы, а таксама адменены нетарыфныя бар'еры.

Афрыканская зона свабоднага гандлю паўплывае на эканамічныя сувязі паміж Афрыкай і іншымі рэгіёнамі свету. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» міністр гандлю і прамысловасці Руанды Вінсэнт Муньеш'яка. Ён адзначыў, што CFTA можа аказаць уздзеянне на вытворчасць тавараў ва ўсіх галінах на ўсёй планеце і прыцягнуць інвестыцыі з усіх кантынентаў. Паводле яго слоў, у зоны свабоднага гандлю будзе патэнцыял для прыцягнення глабальных транснацыянальных карпарацый (ТНК). Пры гэтым, адзначыў Вінсэнт Муньеш'яка, Афрыка валодае багатымі працоўнымі і сыравіннымі рэсурсамі і можа прыняць больш актыўны ўдзел у размеркаванні абавязкаў у глабальных ланцужках дабаўленай вартасці. На думку міністра, ЗСГ значна павысіць узровень індустрыялізацыі і вытворчасці тавараў у Афрыцы. Ён таксама лічыць, што ўвасабленне глабальнага праекта дазволіць падтрымліваць устойлівае эканамічнае развіццё і павысіць узровень жыцця жыхароў Чорнага кантынента.

Крок да росквіту

Рэгіянальныя гандлёвыя блокі ў Афрыцы існуюць ужо даўно, а самыя буйныя з іх — Агульны рынак Усходняй і Паўднёвай Афрыкі (COMESA), Усходнеафрыканская супольнасць (EAC) і Супольнасць развіцця Поўдня Афрыкі (SADC) — яшчэ ў 2015 годзе аб'ядналіся ў Трохскладную зону свабоднага гандлю (TFTA). Аднак новы гандлёвы блок будзе значна большы — TFTA аб'ядноўвае 26 краін з насельніцтвам 650 млн чалавек і ВУП больш як $1,5 трлн.

Падобныя аб'яднанні спрашчаюць гандаль паміж краінамі, паскараюць прамысловы рост і павялічваюць прыток інвестыцый. Усё гэта ў канчатковым выніку вядзе да стварэння мноства новых працоўных месцаў і да росту ВУП. Асабліва патрэбныя такія гандлёвыя саюзы афрыканскім краінам — доля ўнутрырэгіянальнага гандлю ў Афрыцы застаецца вельмі нізкай і складае ўсяго 15 % (гэта значыць 85 % усіх тавараў паступаюць на афрыканскі рынак з іншых кантынентаў). Для параўнання, у Лацінскай Амерыцы гэты паказчык роўны 19 %, у Азіі — 51 %, а ў Еўропе — 72 %.

Аднак чым больш маштабны праект і чым больш бакоў у ім задзейнічана, тым цяжэй зрушыць яго з месца. Так адбывалася і на перагаворах па новым гандлёвым блоку. Многія краіны спрабавалі выключыць з пагаднення асобныя віды тавараў, прапаноўваючы захаваць розныя нетарыфныя бар'еры накшталт санітарных нормаў. У выніку колькасць пратэкцыянісцкіх выключэнняў можа аказацца такая вялікая, што яны пахаваюць пад сабой усё пагадненне.

Альтэрнатыва пратэкцыянізму можа быць толькі адна — рост рынку. Неабходна ліквідацыя гандлёвых бар'ераў, развіццё інфраструктуры і рашучая барацьба з кантрафактнай прадукцыяй. Магчыма, лічаць эксперты, для гэтага афрыканскім краінам мае сэнс стварыць пастаянна дзеючы орган (камісію), уключыўшы туды не толькі чыноўнікаў, але і бізнесменаў з навукоўцамі. Гэтая камісія магла б выступаць у ролі калектыўнага эксперта, маніторыць праблемы агульнага рынку, а таксама вывучаць і адаптаваць вопыт розных краін і эканамічных саюзаў. Для эфектыўнага развіцця свабоднага гандлю ўсё гэта можа аказацца вельмі важным. На шляху да зоны свабоднага гандлю Афрыку чакае яшчэ нямала цяжкасцяў. Гэта пагадненне закранае ўвесь кантынент, пераналаджваючы існуючыя гандлёвыя сувязі і ствараючы новыя, — простым запазычаннем чужога вопыту тут не абысціся. Затое ў выпадку поспеху Афрыка зробіць вялікі крок да росквіту.

«Нашы народы, наша дзелавая супольнасць і наша моладзь не могуць больш цярпець бар'еры, якія падзяляюць наш кантынент, перашкаджаюць яго эканамічнаму ўзлёту і павялічваюць пакуты, хоць Афрыка несумненна надзеленая багаццем», — заявіў старшыня камісіі Афрыканскага саюза Муса Факі Махамат. Дакумент уступіць у сілу пасля яго ратыфікацыі парламентамі не менш як 22 краін — удзельніц Афрыканскага саюза. Чакаецца, што да канца 2018 года дамову адобраць усе 44 дзяржавы, якія яе падпісалі на гэтым тыдні.

Тым часам

Мацярык «падвоіцца»... праз 3-4 млн гадоў

Па словах навукоўцаў, геалагічныя працэсы, якія адбываюцца ва Усходне-Афрыканскай рыфтавай даліне, могуць прывесці да катастрафічных наступстваў у найбліжэйшай будучыні. Спецыялісты адзначаюць, што ў гэтым рэгіёне кантынент павольна, але дакладна расколваецца на дзве часткі (прадстаўленых дзвюма велізарнымі літасфернымі плітамі — Нубійскай і Самалійскай), што ўжо прыводзіць да стварэння гіганцкіх расколін і разломаў, перадае Lenta.ru. Навукоўцы мяркуюць, што Усходняя Афрыка канчаткова адарвецца ад мацерыка прыкладна праз 3-4 мільёны гадоў. На думку вядомага геолага і падарожніка Дэвіда Адэдэ, доўгі час рыфт заставаўся тэктанічна неактыўным, хоць у зямной кары маглі адбывацца невялікія зрушэнні. Цяпер працэс пачаў прагрэсаваць з прычыны вулканічнай актыўнасці кантынента. Некалькі дзён таму гіганцкі разлом утварыўся ў Кеніі і разбурыў аўтамабільную трасу. У будучыні сітуацыя дакладна не стане лепшай. Спецыялісты прагназуюць стыхійныя бедствы ў рэгіёне, што пагражаюць жыццю людзей. Навукоўцы плануюць скласці карту ліній разломаў, каб спрагназаваць з'яўленне чарговых расколін і ўлічваць гэта пры ўзвядзенні новабудоўляў.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Рынак на $3,5 трыльёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.