Вы тут

Чаму дзецям і дарослым патрэбна мастацтва


Што мы страчваем, калі праходзім міма мастацкай культуры? Ці праўда, што без мастацтва немагчыма паспяховае эканамічнае развіццё грамадства? І на які «незаселены» востраў трэба выпраўляць дзяцей? — на гэтыя пытанні шукаем адказы разам з мастацтвазнаўцам і заснавальнікам народнай арт-студыі «Wоstrаu» Юрыем Івановым:


— Уся гісторыя нашай цывілізацыі, яе важныя знакавыя падзеі і з'явы знайшлі сваё адлюстраванне ў мастацтве, літаратуры. Крок за крокам чалавек пераўтвараў навакольнае асяроддзе, ствараў пэўныя артэфакты. Дастаткова ўспомніць, напрыклад, егіпецкія піраміды, старажытнагрэчаскі тэатр, готыку Сярэднявечча ці шэдэўры народнай культуры, як мы тут жа аказваемся ў пэўнай кропцы перасячэння часу і прасторы. Гісторыя культуры дапамагае нам прадметна адчуць час і дух той ці іншай гістарычнай эпохі. Таму грамадства, якое пагарджае ведамі аб мастацкай культуры, рызыкуе апынуцца без арыенціраў, на перыферыі сусветнага развіцця.

— Але, напэўна, ёсць і эканамічная выгада ад такіх ведаў?

— Я не думаю, што мастацтва неабходна мэтанакіравана выкарыстоўваць у якасці нейкага каталізатара вытворча-эканамічнага развіцця, але апасродкавана ў рэальнасці гэта адбываецца менавіта так. Нядаўна я сустрэў матэрыял па даследаваннях кітайскіх вучоных, якія звярнулі ўвагу, што ў бізнесе паспяхова развіваюцца тыя, хто ў дзяцінстве наведваў студыі, гурткі, захапляўся мастацкімі заняткамі. Яны больш камунікабельныя і актыўныя ў жыццёвых сітуацыях, а іх бізнес-ідэі розняцца крэатыўнасцю і арыгінальнасцю. Узаемасувязь паміж мастацтвам і прыродазнаўчымі навукамі — гэта схаваны працэс. Калі ў сусветна вядомага фізіка Альберта Эйнштэйна запыталіся, што падштурхнула яго да адкрыцця тэорыі адноснасці, вучоны адказаў, што гэтаму ў многім садзейнічала чытанне раманаў Дастаеўскага. Здавалася б, дзе сувязь паміж мастацкім тэкстам і выкладкамі тэарэтычнай фізікі?

Наша цікавасць да чытання, захапленне музыкай, жывапісам, заняткі творчай практыкай заўсёды ўзнагароджваюцца — мы становімся больш эмацыянальна чулымі, вастрэй адчуваем час, набываем здольнасць глыбей пранікаць у сутнасць падзей і з'яў. Многія мастацкія творы празорліва прадугадвалі будучую хаду гісторыі. Не выпадкова ў апошнія гады часта навуковыя даследаванні носяць міждысцыплінарны характар, і ў каманду «тэхнароў» на роўных уключаюцца спецыялісты гуманітарных дысцыплін.

— Калі роля мастацтва такая значная і актуальная, то, на ваш погляд, у якім стане знаходзяцца справы з эстэтычным выхаваннем у школе?

— Пасля сямігадовай адсутнасці ў сярэднюю школу нарэшце вярнуўся прадмет «Сусветная мастацкая культура», цяпер ён называецца «Мастацтва». Галоўнай прычынай адмовы ад згаданага прадмета ў 2008 годзе называлася патрэба выратаваць школьнікаў ад перагрузкі, хоць вядома, што менавіта заняткі творчай дзейнасцю здольныя пераключаць нас і зараджаць новай энергіяй. На мой погляд, праблема хранічнай стомленасці хаваецца не ў напружаным вучэбным плане, а ў слабай матывацыі і адсутнасці жывога пазнавальнага працэсу, звернутага непасрэдна да жыцця дзіцяці. Так ці інакш, некалькі пакаленняў дзяцей выбылі з прасторы эстэтычнага выхавання на доўгія сем гадоў. Для параўнання варта ўспомніць, як спраўна дзейнічала сістэма мастацкай асветы ў савецкі час. Выдаваліся помнікі сусветнай літаратуры, адаптаваныя для чытання ў дзіцячым узросце. Развівалася кіно і выходзілі тэлепраграмы для дзяцей і юнакоў. Дзеці 50-х гадоў мінулага стагоддзя мелі магчымасць знаёміцца з міфалогіяй, сусветнай архітэктурай, мастацтвам, творчасцю вялікіх майстроў дзякуючы візуальным лекцыям, якія выпускала студыя «Дыяфільм». Сёння свет стаіць перад выклікам недалёкага будучага. Ці адбудзецца гарманічнае супрацоўніцтва паміж разумнай і бессардэчнай машынай і яе стваральнікам-чалавекам. У вырашэнні гэтай праблемы асаблівае месца аддаецца адукацыі, якая, на жаль, па-ранейшаму арыентаваная на запамінанне ведаў і навучанне вылічэнням, значыць, на ўсё тое, што машына робіць лепш за чалавека. Нашы дзеці павінны быць творчымі і інавацыйнымі, а для гэтага ім акрамя інтэлекту спатрэбіцца эмацыянальнае развіццё і высокі каэфіцыент чалавекалюбства, таго, што заснавальнік фірмы «Аlіbаbа» Джэк Ма называе каэфіцыентам любові (QL). А гэта значыць, што мы павінны павярнуцца тварам да культуры. Эстэтычная і маральная пазіцыя фарміруецца не законамі матэматыкі і фізікі, а на ўроках літаратуры, музыкі, малявання, — на тэрыторыі гуманітарных ведаў. Менавіта тут адбываецца выхаванне чалавечых якасцяў, разуменне дабра і зла.

Зараз відавочна, якую важную роль адыграла і працягвае выконваць дадатковая адукацыя. У атрыманай сітуацыі гурткі і студыі ва ўстановах дадатковай адукацыі сталі практычна адзіным прыстанкам творчага развіцця дзяцей. Праўда, раней на заняткі ў студыю прыходзілі дзеці, якія ў школе ўжо нешта даведваліся пра міфалогію, антычнасць, ім былі знаёмыя імёны мастакоў, кампазітараў, і ўсё гэта, зразумела, станавілася падставай для роздуму, было адлюстравана ў іх творчых работах. Сёння нашым школьнікам малазразумелая метафарычная мова сучаснага тэатра, часта звернутага да міфалагічных сюжэтаў, затое большасці дзяцей вядомыя імёны Мікеланджэла, Рафаэля, але для іх гэта героі анімацыі «Чарапашкі Ніндзя».

— Якія асноўныя прынцыпы вашай педагагічнай сістэмы?

— Мы прымаем у студыю дзяцей з трох гадоў. Такі малы ўжо на першых занятках хапае пэндзлік і пачынае адважна маляваць. Ён яшчэ не сапсаваны пытаннямі «што і як рабіць». Калі ж дзіця баіцца маляваць — гэта азначае, што дарослыя ўжо заранілі сумненне, што яно няправільна гэта робіць. І гэта вялікая праблема! Пачатковая стадыя аўтэнтычнага дзіцячага малявання — гэта спантанная гульня, у час якой усхваляванае дзіця пакідае на паперы энергічныя, вонкава хаатычныя штрыхі. Калі маленькі мастак блукае ў каляровых лабірынтах, ён паступова стварае свой уласны свет. Гэта дзівосная здольнасць дзіцяці пазнаваць навакольнае жыццё сродкамі яго адлюстравання — бясцэнны вопыт, які спатрэбіцца ў больш сталым узросце. На жаль, так званыя «калякі-малякі», якія з'яўляюцца тыповым вынікам творчай дзейнасці дзіцяці, не гатовыя ўспрыняць многія бацькі і педагогі.

— Атрымліваецца, што сваімі парадамі і адзнакамі самі бацькі могуць нанесці шкоду дзіцяці?

— Дзеці здольныя на большае, чым ім прапануюць дарослыя, — тую сумную выканаўчую працу, накшталт штрыхоўкі размалёвак ці заданняў «дамаляваць» домікі і сабачак. А якія цудоўныя рэчы атрымліваюцца ў маленькіх творцаў, калі ім стварыць здаровае асяроддзе, быць побач і не перашкаджаць! Часам хочацца выправіць дзяцей з нашага перагружанага непатрэбнай інфармацыяй свету на незаселены востраў, каб яны аказаліся ў нязвыклым асяроддзі, адчулі пахі лесу, спевы птушак, навучаліся марыць, ствараць рэчы, рэальна патрэбныя для жыцця, і вучыцца дзяліцца гэтым з іншымі. Відавочна, гэта нездзяйсняльная ўтопія, таму дзіцяці трэба дапамагчы арыентавацца ў рэальнасці, выбіраць і адстойваць сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці і мастацтве. І няхай яны вучацца пераадольваць розныя цяжкасці, робяць памылкі, спрачаюцца з намі, давяраюць нам свае патаемныя думкі, але толькі не маўчаць абыякава. Успомнім кнігу вядомага літаратара і паэта Карнея Чукоўскага «Ад двух да пяці», якая выйшла ў 1928 годзе. Аўтар свядома захаваў «няправільнасць» лексікі сваіх маленькіх персанажаў і прапануе не толькі ад душы пасмяяцца над «прыколамі» малых, але і ўразіцца вобразнай выразнасцю і арыгінальнасцю дзіцячай мовы, прымушае задумацца аб адказнасці нас дарослых перад таемным і крохкім храмам дзяцінства, аб правах дзіцяці на ўласную культурную тэрыторыю. Але ў рэальным жыцці часта ўсё наадварот: замест творчага чалавека побач з дзіцем аказваецца настаўнік, які падмяняе дзіцячую творчасць рамесніцкім уменнем, каб аднойчы пахваліцца: «Глядзіце, мой вучань малюе, як дарослы!» Да нас прыходзяць падлеткі, якія за 5—7 гадоў прайшлі ўжо не адну студыю выяўленчага мастацтва. Яны даволі ўпэўнена валодаюць акадэмічным малюнкам, але губляюцца, калі трэба папрацаваць на вольную тэму. Чакаюць задання ад выкладчыка. Іх навучылі маляваць, але не навучылі самастойна думаць, не дапамаглі адкрыць сябе, таму ў іх няма сваёй тэмы, свайго стаўлення да жыцця.

— Прадмет «Сусветная мастацкая культура» ўжо вярнуўся ў школу, якім, на ваш погляд, павінен быць яго змест?

— За гэты перыяд многае адбылося, змяніўся сацыяльна-культурны кантэкст. Наўрад ці сёння дзіця пагодзіцца памяняць яскравыя дынамічныя малюнкі смартфона ці планшэта на бляклыя рэпрадукцыі падручніка. Вяртацца трэба на іншым узроўні. Стаўку трэба рабіць не столькі на інфармацыю, а на ўцягненне вучняў у асяроддзе творчай вытворчасці. Да традыцыйных мастацкіх сродкаў дадаліся новыя медыя. Смартфон — гэта цэлая творчая лабараторыя ў руках школьніка. Сёння з ім падлетак можа здымаць кіно, займацца мастацкай фатаграфіяй, ствараць сацыяльна-культурныя праекты, напрыклад, пра свой горад, гісторыю сям'і, маладзёжную субкультуру. Як перанакіраваць модненькія захапленні дзяцей на цікавую і перспектыўную для іх саміх рэальную справу? Гэтым павінны захапіць дзяцей цікавыя людзі, настаўнікі-прафесіяналы. Сёння столькі маладых людзей, якія скончылі творчыя ВНУ, яны маглі б і займацца з дзецьмі, калі б на базе школ у іх была магчымасць атрымаць творчую майстэрню. Трэба паклікаць такую моладзь у школу. Няхай яна стварае кластарнае асяроддзе, займаецца тэатрам, музыкай, арганізуе выстаўкі і лекцыі пра мастацкую культуру. Вось гэта і будзе рэальная аснова для выхавання будучых спецыялістаў у галіне мастацтва і крэатыўных індустрый, якія паспяхова развіваюцца ў свеце і складаюць адчувальны сектар эканомікі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Выхаванне пачуццяў — шлях да поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.