Вы тут

Ці трэба вяртаць зніклыя будынкі?


Разважаючы аб страчанай архітэктуры Мінска, гісторыкі звычайна дзеляцца на два лагеры. Адны шкадуюць кожны дом, бо ён нёс у сабе аўтэнтычныя, назаўжды згубленыя рысы. Другія — заклікаюць адумацца і прызнаць, што грандыёзныя, уражальныя прыгажосцю або наватарствам думкі збудаванні ніколі не былі моцным бокам у мінулым шараговага губернскага горада. Магчыма, і так, але не на адной жа параднай «архітэктуры» будуецца жыццё. Гэта як з біяграфіяй чалавека: часам два факты з яго дзяцінства раскажуць пра асобу больш, чым пералічэнне ўсіх рэгалій энцыклапедыі.


Гас­ці­ні­ца «Еў­ро­па» на да­рэ­ва­лю­цый­ных паш­тоў­ках.

Прыдуманая прыгажосць

Возьмем тое ж самае Траецкае прадмесце ў цэнтры сталіцы. Хіба гэтыя дамы адрозніваюцца нейкай вычварнасцю або вытанчанасцю? Хутчэй, не, чым так. Тым не менш ад іх вее нейкім невымоўным цяплом і ўтульнасцю. Праўда, да гістарычнай забудовы яны маюць вельмі апасродкаваныя адносіны.

Не ўсе ведаюць, што ўлюбёным месцам для шпацыраў, вясельных фотасесій і турыстычных экскурсій Траецкае стала крыху больш за 30 гадоў таму. Да гэтага раён быў жылы і ніяк не мог прэтэндаваць называцца мясцінай мары: большасць дамоў знаходзілася ў аварыйным стане. Але страціць іх усё адно было недазваляльна, таму найлепшыя архітэктары краіны ўзяліся за рэканструкцыю. Некаторыя аб'екты будавалі з нуля, каб дапоўніць ансамбль, некаторыя — мянялі да непазнавальнасці. Калі б мінчука, які жыў у адным з гэтых дамоў у ХІХ стагоддзі, перамясцілі ў цяперашняе Траецкае прадмесце, наўрад ці ён змог бы нават выказаць здагадку, дзе знаходзіцца. Атрымалася тыповая забудова, як у любой з краін Заходняй Еўропы: чарапічныя дахі, якіх там ніколі не было і ў паміне, пастэльныя тоны і глянцавая ўпарадкаванасць, якая злёгку аддае знежывеласцю. На самай справе, там заўсёды было брудна і шумна. Жылі тут працоўныя, у асноўным яўрэі, сем'і былі вялікія, а кватэркі маленькія. Пагадзіцеся, гэта мала чым нагадвае цяперашняе Траецкае, якое літаральна дыхае спакоем.

І вось тут узнікае галоўнае пытанне: а ці трэба ў прынцыпе такое аднаўленне? З аднаго боку, у нас ёсць найпрыгажэйшы раёнчык, які навявае рамантычны настрой і лічыцца гістарычным сэрцам горада. Але з іншага боку, чым ён лепшы за навадзел Зыбіцкай? Пройдзе яшчэ 15 гадоў, і наступнае пакаленне будзе таксама свята верыць у яго гістарычную каштоўнасць, як цяперашняе ў сапраўднасць Траецкага прадмесця. А гэта ўжо цягне на скажэнне гістарычнай рэчаіснасці. Але каму было б лягчэй, калі б будынкі зніклі зусім і ў памяці ў нас не засталіся нават іх асучасненыя абліччы? Адказ, хоць і нечаканы, напрошваецца сам сабой. Гісторыю свайго горада трэба ведаць. І не ў фармаце асноўных дат — пра 1067 год, хочацца верыць, памятаюць усё, — а з паглыбленнем у побыт і паўсядзённае жыццё. Пачаць можна ды хоць з гарадскіх легендаў і гістарычных анекдотаў. Ды і наогул, нядрэнна б падобную інфармацыю вывучаць у школе, хоць бы ў фармаце факультатыву, але з абавязковым выхадам «на мясцовасць».

Су­час­ны вы­гляд гас­ці­ні­цы «Еў­ро­па».

Пачаць «жыццё» з нуля

Цяпер у страчаных будынкаў ёсць два асноўныя шанцы зноў вярнуцца на вуліцы горада. Альбо гэта павінен быць праект, які ў перспектыве можа прынесці прыбытак, альбо гэта павінна быць рэлігійнае збудаванне, ініцыятыва аднаўлення якога, а таксама пэўная доля фінансавай падтрымкі зыходзіць ад мясцовых жыхароў. У якасці прыкладу першага выпадку можна прывесці ізноў адноўленую гасцініцу «Еўропа».

У пачатку ХХ стагоддзя гэта быў адзін з самых прыгожых будынкаў Мінска. Стыль мадэрн у спалучэнні з апошнімі дасягненнямі тэхнікі: ліфтам, тэлефонам, электраасвятленнем, вадзяным ацяпленнем — прыводзілі ў захапленне не толькі заезджых турыстаў, але і саміх жыхароў горада. Савецкі час быў да гатэля бязлітасны: вытанчаны рэстаран ператварылі ў сталовую, а саму гасцініцу ў інтэрнат. Потым будынку ўсё ж такі вярнулі першапачатковае прызначэнне, але, вядома, не атмасферу. Як бы там ні было, колішнюю «Еўропу» цалкам разбурылі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Тэрыторыя, на якой яна знаходзілася, пуставала, пакуль тут не ўзвялі легендарны павільён з кафэ «Пінгвін», потым «Блюз». Усё змянілася ў 2004 годзе, калі Прэзідэнт даў даручэнне кіраўніку Мінгарвыканкама аднавіць страчаны будынак. Гасцініца не цалкам капіруе сваю папярэдніцу, але выканана ў тым жа стылі. Дарэчы, калі дзеля будаўніцтва гатэля знеслі кафэ, многія мінчане наракалі на страчаныя ўспаміны. Кагосьці туды вадзілі з дзяцінства па выхадных есці марожанае бацькі, а ў кагосьці з гэтым месцам устойліва асацыявалася нефармальная маладосць...

Што датычыцца аднаўлення храмаў, то тут ключавое пытанне ў іх былым месцазнаходжанні. Натуральна, горад змяніўся, і ўпісаць буйны будынак у сучасны ансамбль не заўсёды проста. Некалькі гадоў таму ініцыятыўная група стала выступаць з прапановай аднавіць касцёл святога Тамаша Аквінскага і дамініканскі манастыр, якія раней змяшчаліся збоку Кастрычніцкай плошчы. Будынак сапраўды быў грандыёзны і дакладна ўпрыгожваў бы выгляд сталіцы, калі б захаваўся. Але як толькі гаворка заходзіць пра аднаўленне, прычым практычна з нуля, адразу ўзнікаюць сумневы: ці атрымаецца зараз паказаць былую веліч? У любым выпадку прапанова была аспрэчана Мінгарвыканкамам са спасылкай на горадабудаўнічую сітуацыю.

Але ёсць і іншыя гісторыі. Як, напрыклад, аднаўленне Храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Месца, на якім ён узведзены, вядома яшчэ з пачатку XVІІ стагоддзя. У крыніцы паблізу з'явіўся вобраз Маці Божай, які атрымаў назву «Купецкая». У сярэдзіне ХІХ стагоддзя там узвялі прыгожы сабор, які праіснаваў да 1936 года, пакуль не быў разбураны. Узяцца за яго аднаўленне вернікі змаглі толькі ў 1990-я. На шчасце, ніякіх перашкод не ўзнікла. Як і любое прадпрыемства, у аснове якога ляжыць збор сродкаў, будаўніцтва храма зацягнулася на 10 гадоў. Але галоўнае, што архітэктурная каштоўнасць зноў з'явілася на тэрыторыі сталіцы. На жаль, спіс страчаных і не адноўленых будынкаў пакуль значна даўжэйшы...

Храм Па­кро­ва Пра­свя­той Ба­га­ро­дзі­цы ў Мін­ску.

Не рэальна, дык хоць віртуальна

І ўсё ж упадаць у роспач не варта. Больш эфектыўна шукаць іншыя варыянты. Калі аднавіць будынак занадта складана і затратна, то што яшчэ можна зрабіць, каб не страціць пра яго памяць назаўсёды? Маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Гісторыка» разам з Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім саюзам архітэктараў прапанавала свой варыянт. Арганізатары запрасілі мінчан прыняць удзел у конкурсе дызайн-эскізаў «Рэтрапанарама — Мінск». Удзельнікам неабходна прыдумаць варыянт, як паказаць страчаную спадчыну на прасторах горада ў сеціве.

— Мінск — цікавы і гістарычна багаты горад, які імкліва расце і пераўтвараецца ў сапраўдны мегаполіс з усімі вынікаючымі наступствамі. На жаль, у горадзе ёсць цэлы блок аб'ектаў, які можна смела назваць страчанай спадчынай. Гэтыя аб'екты сёння жывуць толькі ў віртуальнай прасторы, на старых паштоўках, альбомах, прыватных фотаздымках. Гэта і кляштары дамініканцаў, і бенедыкцінак, і касцёл святога Тамаша Аквінскага, і чыгуначная Казанская царква, і халодная сінагога на Нямізе, і званіца езуіцкага калегіума, і шмат іншага. З аб'ектыўных прычын большасць з гэтых будынкаў ужо не магчыма фізічна аднавіць, але магчыма аднавіць віртуальна, прычым у самой прасторы горада, — адзначаюць арганізатары.

Тра­ец­кае прад­мес­це да рэ­кан­струк­цыі.  З ар­хі­ва мас­тацт­ва­знаў­цы Воль­гі Ку­ку­ні.

Для ўдзелу неабходна распрацаваць і даслаць дызайн-эскіз аб'екта, які будзе просты ў эксплуатацыі, цікавы для турыстаў і мінчан, будзе несці візуальную інфармацыю аб выглядзе панарамы мінулых стагоддзяў, а таксама стане арт-кавалачкам, найбольш арганічным для гарадскога асяроддзя. Даслаць сваю работу можна да 29 сакавіка. Пераможцу чакае не толькі прыз, але і шанц на тое, што яго ідэя будзе рэалізаваная на вуліцах горада, што дапаможа зрабіць Мінск яшчэ больш утульным для гараджан і прывабным для турыстаў. Магчыма, у вас ёсць варыянты?

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Назад з мінулага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.