Вы тут

Мінскія двары і праспекты ўпрыгожаць за кошт дзяржавы і жыхароў


Пасадзіць больш за два мільёны кветак і тысячы кустоў, усталяваць шлагбаумы ў дварах, арганізаваць новыя формы велапарковак, заняцца ямачным рамонтам на 118 тысяч м2 прыдамавых дарог і збудаваць пляцоўкі пад смеццевыя кантэйнеры збіраюцца сёлета ў межах праграмы па добраўпарадкаванні гарадоў і населеных пунктаў. Да многіх мерапрыемстваў прапануюць далучыцца разам са сваімі сродкамі і грамадзянам.


Самае папулярнае — дзіцячыя пляцоўкі, лаўкі і сметніцы

Дзесяць дваровых тэрыторый 14 дамоў запланавана капітальна адрамантаваць сёлета ў сталіцы. Сярод плануемых змен — пашырэнне праездаў, уладкаванне дадатковых парковачных месцаў, рэканструкцыя існуючых і абсталяванне новых гульнявых і спартыўных пляцовак. На гэта выдзелена больш за 4 млн рублёў.

— Вельмі разлічваем на актыўны ўдзел жыхароў гэтых дамоў. Мы можам за іх сродкі прапанаваць зрабіць у дварах шлагбаумы, агароджы для дзіцячых пляцовак, устанавіць дадатковае абсталяванне для дзяцей, — пракаментавала пачынанне Маргарыта ЯЗІНСКАЯ, начальнік аддзела па добраўпарадкаванні ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — Спадзяёмся і на іх удзел у азеляненні двароў. Пакуль праводзім з жыхарамі гэтых дамоў сходы па абмеркаванні сумесных планаў.

Бягучы рамонт і добраўпарадкаванне адбудуцца яшчэ ў 435 мінскіх дварах. Гэта ямачны рамонт на 118 тысяч м2 дарог. Афарбоўка і рамонт каля 14 тысяч адзінак дзіцячага гульнявога абсталявання і каля 24 тысяч малых архітэктурных формаў (сметніц, лавак). З дапамогай насельніцтва тут запланавана высадзіць кусты і дрэвы, адрамантаваць газоны і стварыць кветнікі.

— Жыхары могуць звярнуцца ў эксплуатуючыя арганізацыі, каб за свой кошт таксама паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні, — заўважыла Маргарыта Язінская. — Набор работ, якія можна выканаць, даволі вялікі. Аднак найбольш папулярныя з году ў год заказы ад насельніцтва за свой кошт — устаноўка дадатковага дзіцячага абсталявання, лавак, сметніц.

Рознакаляровыя злакавыя і зялёныя сцены

На рэспубліканскі агляд-конкурс па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, які штогод праводзіцца ў краіне падчас мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, вылучаюцца мястэчкі з усё лепшымі паказчыкамі і дакладнымі прыкладамі руплівага гаспадарання, адзначыла Таццяна ГАЎРЫЛЕНКА, начальнік аддзела горадабудаўніцтва галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі:

— Летась аблвыканкамы і райвыканкамы шмат увагі ўдзялілі, напрыклад, добраўпарадкаванню месцаў агульнага знаходжання і адпачынку, якасці добраўпарадкавання, афармленню ўездаў і эстэтычнаму афармленню будаўнічых пляцовак. Хоць раней узровень апошніх быў даволі слабенькі.

У маі 2016-га запрацавалі «Правілы правядзення азелянення населеных пунктаў» — метадычныя рэкамендацыі па праектаванні. А Мінбудархітэктуры сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў летась падрыхтавалі тлумачальны ліст з рэкамендацыямі па распрацоўцы схем азелянення тэрыторый і патрабаванняў да іх. Гэта цяпер асноўныя дакументы, якія ўплываюць на добраўпарадкаванне мястэчак.

У 2018-м запланавана пасадзіць 13,4 тысячы дрэў, каля 45 тысяч кустоў і аднавіць 5,5 гектара газонаў. З'явяцца ў сталіцы і новыя формы велапарковак з месцамі адпачынку па праспекце Пераможцаў і ў скверах, дзе ёсць веладарожкі. У парках мяркуюць таксама зрабіць утульныя куточкі з лаўкамі і зялёнымі раздзяляльнымі сценамі для адасоблівання.

— Летась на праспектах Пераможцаў і Незалежнасці мы ўжо ўстанавілі пробныя формы для адпачынку з выкарыстаннем буйнапамерных і хвойных дрэў і кветак. Сёлета яшчэ 17 такіх месцаў будзе створана на пешаходнай зоне ад Нямігі да Мельнікайтэ і ад Арлоўскай да Драздоў, — расказала Алена АКУЛІЧ, начальнік аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд».

Працягнуць сёлета разбіваць і новыя кветнікі розных формаў. Для гэтага ў сталіцы пасадзяць звыш 2 мільёнаў кветак. Цюльпаны ўжо, дарэчы, высадзілі. А праз пару гадоў у парках імя 900-годдзя Мінска і Пераможцаў запланавана стварыць кветнікі са шматгадовых злакавых траў рознай каляровай гамы.

— Аднагадовыя кветкі ствараюць хуткі эстэтычны эфект, якога можна дабіцца, упрыгожваючы горад да пэўных дат. У меншых маштабах мы выкарыстоўваем, вядома, і шматгадовыя расліны, аднак у іх карацейшы тэрмін квітнення, — адзначыла Алена Акуліч.

Сёлета ў сталіцы плануецца поўнасцю пазбавіцца ад смеццеправодаў у жылых дамах. З гэтай прычыны непадалёк ад жылля неабходна ствараць кантэйнерныя пляцоўкі, якія ў свой час не былі прадугледжаны існуючым планам забудовы. На рэалізацыю гэтай ідэі выдзелена 1,7 млн рублёў.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Паркоўкі, кветнікі і куточкі для адасобленасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.