Вы тут

Спартсменка Наталля Гелах — аб кардынальнай змене прафесіі


Яна не адразу знайшла сябе ў спорце, але дзякуючы першаму трэнеру па веславанні, здабыла матывацыю і пачала расці. Разам са сваёй напарніцай Юліяй Бічык Наталля Гелах двойчы ўздымалася на алімпійскі п'едэстал. У актыве дзяўчат «бронза» ў Афінах і «бронза» ў Пекіне, здавалася б, у Лондане ўжо трэба было б разлічваць і на «золата», але нават патрапіць на Алімпіяду-2012 беларускаму дуэту ў акадэмічным веславанні не ўдалося.


Фота Ганны Занкавіч.

Пасля гэтага Наталля прыняла рашэнне пакінуць спорт і выбрала вельмі неардынарную работу, сёння яна працуе ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РАУС Брэста, прасцей кажучы, спрабуе вярнуць да нармальнага жыцця людзей, якія адбылі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. У інтэрв'ю «Звяздзе» прызёр Алімпійскіх гульняў успамінае самыя яскравыя і цяжкія моманты сваёй спартыўнай кар'еры, расказвае, як характар, загартаваны ў веславанні, дапамагае ў рабоце цяпер, і наколькі складана знайсці агульную мову з вельмі няпростым кантынгентам.

— Наталля, па-за спортам вы ўжо практычна шэсць гадоў...

— Так, пасля няўдалай спробы адабрацца на Алімпійскія гульні ў Лондане ў 2012 годзе вырашыла скончыць сваю кар'еру.

— Звычайна такое рашэнне даецца нялёгка.

— Мне на той час было ўжо 34 гады, дзіця, сям'я, таму было не так цяжка. Сказаць, што я ляснула дзвярыма і спакойна сышла, вядома, не магу, усё ж столькі гадоў прысвяціла спорту, але ўсяму прыходзіць сваё лагічнае завяршэнне, лепш сысці, калі цябе памятаюць «жывой».

— У веславанні на трэнерскай рабоце заставацца не захацелі?

— Пенсія ў мяне ў 48 гадоў, таму я яшчэ змагу вярнуцца да трэнерскай дзейнасці. Усё ж такі ў мяне двое дзяцей, і дазволіць сабе сядзець не працуючы наўрад ці змагу.

— Шмат гадоў вы выступалі за «Дынама», чаму не працягнулі там працаваць?

— Мне б гэтага вельмі хацелася, такім чынам, я заставалася б пры спорце, змагла прымяніць свае прафесійныя навыкі і вопыт. Але ў «Дынама» ў Брэсце, мабыць, знайшліся больш годныя людзі, а для мяне месца не было. Дарэчы, у красавіку БФСТ «Дынама» спаўняецца 95 гадоў. Шчыра віншую ўсіх яго членаў з гэтай знакавай датай, жадаю яркіх перамог, здароўя, праслаўляйце нашу радзіму!

— Часта ўспамінаеце сваю спартыўную кар'еру?

— Вядома, бо гэта найлепшыя гады майго жыцця, гэта маладосць. Я ж усё жыццё ў спорце, колькі сябе памятаю, спачатку ў спартыўным інтэрнаце, потым у зборнай. Пастаянныя раз'езды, дзякуючы спорту ўбачыла свет, таму ўспамінаю тыя часы з настальгіяй, па-добраму хвалюся ў кампаніі, не без гэтага (усміхаецца).

— Успомніце самыя яркія моманты?

— Алімпійскія гульні, што можа быць ярчэй... Чалавек рыхтуецца да іх чатыры гады і на турніры падводзіць нейкую рысу сваёй працы. Першыя Гульні ў Сіднэі, сапраўды, вельмі дрэнна ўспрымала, таму што было настолькі шмат эмоцый — усё першы раз. Прытым такі далёкі кантынент, як Аўстралія, кенгуру, папугаі на вуліцах. Усведамленне, што гэта была Алімпіяда, прыйшло ўжо дома. Наступныя — Афіны, атрымаць медаль у месцы, дзе нарадзіліся Гульні, знакава і дарагога каштуе. Тым больш для мяне гэта была першая алімпійская ўзнагарода. Пекін? У фінальнай гонцы кітаянкі на апошніх метрах вырвалі ў нас з рук «серабро», таму асадак ад гэтых гульняў застаўся.

— Які момант можна назваць самым складаным у вашай кар'еры?

— У асноўным складанасці былі ў тым, што калі ты цэлы год працуеш з аднымі і тымі ж людзьмі, то псіхалагічна пачынаеш ад іх стамляцца. Сезон, як правіла, заканчваўся тым, што мы адно аднаго вельмі моцна напружвалі, складана было трымаць свае эмоцыі пад кантролем. Але неяк спраўляліся самі, гэта цяпер усе працуюць з псіхолагамі, мабыць, наша пакаленне было мацнейшае.

— Засталася недасказанасць, нерэалізаваная мара?

— Вядома, бо ў мяне няма алімпійскага «золата». Гэта мара любога спартсмена, я лічу, калі ў яго няма такой мэты, то ён дарма марнуе час.

Афіны-2004. Наталля Гелах і Юлія Бічык.

— Зараз маеце зносіны са сваёй напарніцай па лодцы Юліяй Бічык?

— Вядома. Яна працуе ў Мінску, у Федэрацыі акадэмічнага веславання, мы рэгулярна стэлефаноўваемся, дзелімся навінамі, калі прыязджаю ў Мінск, абавязкова заязджаю ў госці. У нас добрыя сяброўскія адносіны не толькі з Юліяй, але і з іншымі дзяўчатамі з каманды.

— Канфлікты з напарніцай былі?

— У нас быў выдатны дуэт, у лодцы канфліктаў не было, хутчэй маглі паўстаць нейкія прэтэнзіі. Юля выказвалася, магла зрабіць гэта гучна, а я больш прыслухоўвалася да яе. У нас было залатое правіла: выйшлі з трэніроўкі — усё засталося ў лодцы.

Наогул, знаходзіць агульную мову вельмі важна, калі ты не давяраеш чалавеку, з якім працуеш, выніку не будзе. Я садзілася ў лодку і заўсёды здавалася, калі не Юля, яна не паедзе, я не была слабейшая, не, проста настолькі давярала напарніцы. І васьмёрка ў нас верыла больш, чым у сябе, калі мы перасаджваліся туды, усе былі ўпэўненыя, што ўсё будзе добра.

Калі ў васьмёрцы памяняўся склад у 2010 годзе, ён стаў вельмі разнашэрсным, паўстала непаразуменне. Мы на Алімпіяду-2012 не адабраліся ў гэтай дысцыпліне з-за таго, што моладзь не зусім у сябе верыла, не давярала адно аднаму, і ў выніку не справілася са сваімі эмоцыямі. Немкі, якія вырвалі ў нас гэтую пуцёўку, не былі мацнейшыя.

— Сочыце за тым, што адбываецца ў веславанні сёння?

— Дык сачыць няма за кім. Хіба толькі Каця Карстэн, непатапляльны, жалезны чалавек. Яна малайчына!

— Раскажыце, у чым заключаецца ваша работа ў РАУС.

— Вядзём улік асоб, якія маюць судзімасць, гэта значыць усе, хто калісьці былі асуджаныя і адбылі сваё пакаранне, стаяць у нас на ўліку да пагашэння судзімасці.

— Гэта складаная праца?

— Вельмі! Каля паўгода я дакладна толькі прывыкала. Цяжка было знаходзіць агульную мову з былымі асуджанымі, бо кантынгент абсалютна розны, да кожнага трэба знайсці падыход.

— У гэтым дапамагае характар, загартаваны ў спорце?

— Так, калі б яго не было, то я і не стала б прызёрам Алімпійскіх гульняў. Дапамагае спартыўная загартоўка. Яшчэ ў маёй рабоце велізарную ролю адыгрывае псіхалогія, трэба зразумець, як правільна падыйсці да кожнага чалавека.

— Ці атрымліваецца пры гэтым захоўваць жаноцкасць?

— Імкнуся. Нягледзячы на рост  190 см, люблю абцасы, а яшчэ сумачкі, гэтыя рэчы робяць вобраз любой дамы завершаным і жаноцкім.

— Раскажыце пра сваю сям'ю.

— Дачка вучыцца ў школе, сыну яшчэ ўсяго 4,5 года, сказаць, што павяду іх за руку ў спорт, не магу, таму што бачыла прыклады, калі бацькі навязвалі сваё жаданне дзіцяці, як правіла, нічога добрага з гэтага не атрымлівалася. Але падштурхоўваць буду абавязкова. Думаю, яны вырастуць у мяне вельмі высокія, а калі ў цябе ёсць фізічныя даныя, то яны павінны працаваць, «прасядзець» іх у двары — безадказнасць.

— Калі ўспамінаць ваша дзяцінства, якое яно было?

— Абсалютна звычайнае. Сям'я ў мяне была не спартыўная, бацькі працавалі на чыгунцы, мы жылі ў Мазыры. Маму перарасла яшчэ ў дзяцінстве, бацьку ў класе 7-м. Веславанне само мяне абрала, вучылася ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, займалася кіданнем дыска, дакладней, спрабавала рабіць выгляд, што займаюся. Аднойчы да нас у клас прыйшла новая дзяўчынка, якая захаплялася веславаннем, угаварыла мяне ісці да яе ў напарніцы. А праз гады тры яна кінула спорт. Я ж засталася. Скончыла вучылішча не гераічна, наогул на гэтым магло ўсё скончыцца, але неяк сустрэла першага трэнера па веславанні Алега Васілевіча Гоманава, ён спытаў, чаму ўжо другія Алімпійскія гульні праходзяць без мяне і зноў падцягнуў у спорт. Потым усімі праўдамі і няпраўдамі зрабіў так, каб я трэніравалася пры нацыянальнай зборнай, не ў ёй, але побач. Я да іх прыехала і зразумела, што не горшая за многіх, узнік азарт. Я бачыла, што яны зарабляюць, ездзяць па свеце і тут амбіцыі ўзялі верх.

У дзяцінстве марыла быць спартсменкай, глядзела Алімпійскія гульні па тэлевізары, захаплялася атлетамі, якія стаялі на п'едэстале, іх узнагароджвалі, ім апладзіраваў увесь свет. Я думала, вось шчасце якое. Але мяне тады заўсёды мучыла пытанне, чаму яны стаяць на першым месцы і плачуць? Яны ж выйгралі. Вядома, пазней, калі я сама станавілася першай, знайшла на яго адказ.


Спартыўныя дасягненні

  • Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 (Афіны) і гульняў 2008 года (Пекін), у абодвух выпадках выступала разам з Юліяй Бічык.
  • Чэмпіёнка свету 2000 (Заграб), 2007 (Мюнхен), 2008 (Лінц). Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету 2001, 2003 гадоў, бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2002 года.
  • Чэмпіёнка Еўропы — 2010. Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы — 2008.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

г. Брэст

Загаловак у газеце: З вялікага спорту — у міліцыю!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.