Вы тут

У Беларусі зацверджана Схема нацыянальнай экалагічнай сеткі


Галоўная мэта Схемы — забяспечыць падтрыманне экалагічнай раўнавагі, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, устойлівае развіццё тэрыторый. Яе рэалізацыя таксама дапаможа жывёлам бесперашкодна перамяшчацца з адной прыроднай тэрыторыі ў другую, пазбягаючы часам гібельнай сустрэчы з чалавекам і створанымі ім аб'ектамі.


Што такое экасетка?

Нацыянальная экалагічная сетка — гэта сістэма прыродна-тэрытарыяльных комплексаў са спецыяльнымі рэжымамі прыродакарыстання, якая забяспечвае натуральныя працэсы руху жывых арганізмаў і іграе важную ролю ў падтрыманні экалагічнай раўнавагі і забеспячэнні ўстойлівага развіцця тэрыторый (рэгіёна, краіны, кантынента), захаванні натуральных экалагічных сістэм, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. У склад нацыянальнай экасеткі ўваходзяць 93 аб'екты агульнай плошчай 3,37 млн га (гэта 16,2 % тэрыторыі краіны).

Нацыянальная экалагічная сетка складаецца з зон ядраў, экалагічных калідораў і ахоўных зон.

Ядры фарміруюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ) (іх часткі), а таксама прыродныя тэрыторыі, якія падлягаюць спецыяльнай ахове (іх часткі).

Экалагічныя калідоры забяспечваюць сувязь паміж зонамі ядраў. Яны ствараюць магчымасці для распаўсюджвання і міграцыі відаў дзікарослых раслін і дзікіх жывёл.

У ахоўныя зоны ўключаюцца прыродныя тэрыторыі, што падлягаюць спецыяльнай ахове, не ўключаныя ў зоны ядраў і экалагічныя калідоры.

Свабодная дарога

Як расказалі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на ААПТ і прыродных тэрыторыях, якія падлягаюць спецыяльнай ахове, уключаных у нацыянальную экалагічную сетку (ядрах і частках экалагічных калідораў), засталіся дзейнічаць рэжымы аховы і выкарыстання, устаноўленыя для іх падчас абвяшчэння (выдзялення) ці пераўтварэння.

Асноўныя змены закрануць экалагічныя калідоры. Каб забяспечыць свабоднае рассяленне і міграцыю дзікіх жывёл, плануецца рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў. Так, пры прапрацоўцы праектнай дакументацыі падчас праектавання, узвядзення, рэканструкцыі ўчасткаў аўтамабільных дарог неабходна будзе планаваць мерапрыемствы па прадухіленні гібелі земнаводных і капытных у месцах іх масавай міграцыі — будаўніцтва канструкцый для пропуску земнаводных і прадухілення іх выхаду на аўтадарогі. З гэтымі ж мэтамі пры праектаванні і будаўніцтве мастоў цяпер неабходна прадугледжваць пашырэнне маставых прасветаў пры праходжанні над поймамі рэк з ахопам заліваемай часткі поймы, а таксама спецыяльныя накіравальныя сеткаватыя канструкцыі для прадухілення выхадаў каляводных жывёл і скарачэння іх смертнасці ўздоўж пойменных участкаў вадацёкаў.

Для забеспячэння свабоднай міграцыі прахадных і мігрыруючых рыб (вугор рачны, сёмга, ласось, кумжа, лешч, сцерлядзь і інш.) запланавана аснашчэнне плацін на рэках спецыяльнымі рыбапрапускнымі збудаваннямі.

Акрамя таго, на ўсіх элементах, якія ўваходзяць у нацыянальную экалагічную сетку, забаронена размяшчэнне аб'ектаў трымання, захавання і выкарыстання адходаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Без перашкод для жывой прыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?