Вы тут

Чаму яноту не месца ў кантактным заапарку


Добрая навіна: Мінпрыроды выступіла з прапановай забараніць выкарыстанне дзікіх жывёл у кантактных і перасовачных заапарках. Забарону плануюць уключыць у праект Закона «Аб абыходжанні з жывёламі», які ўжо даўно абмяркоўваецца. Чаму яе не ўнясуць ва ўжо існае прыродаахоўнае заканадаўства, і што будзе з янотамі, мядзведзямі і іх дзікімі сабратамі пасля прыняцця дакумента — на гэтыя і іншыя пытанні адказала кансультант аддзела біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна ЖАЛЯЗНОВА.


Фота БЕЛТА.

— Кантактныя заапаркі з'явіліся ў нас каля двух гадоў таму. Чаму толькі зараз Мінпрыроды выступае з ініцыятывай аб іх забароне?

— З прапановай забараніць выкарыстанне дзікіх жывёл у кантактных заапарках мы выйшлі адразу, як толькі такія звярынцы з'явіліся. Тады ж мы ўнеслі папраўкі ў праект закона, які прыйшоў да нас на ўзгадненне. Мы лічым, што выкарыстанне дзікіх звяроў у кантактных заапарках — гэта няправільна, бо апрыёры прыручыць іх, каб яны камфортна сябе адчувалі ў няволі, немагчыма. На шчасце, у нас няшмат выпадкаў, калі жывёлы кусалі людзей, але яны ўсё ж ёсць. І гэта не таму, што жыхары заапаркаў нейкія няправільныя. Яны проста дзікія па сваёй прыродзе!

— Перасовачыя звярынцы ўжо таксама не першы год плануецца забараніць?

— А вось гэтае патрабаванне мы ініцыявалі нядаўна. Падставай паслужылі парушэнні, заўважаныя ў Тульскім перасовачным заапарку. Неабыякавыя людзі праінфармавалі нас пра тое, што жывёлы ўтрымліваюцца там у неналежных умовах, і мы адразу ж выехалі на месца з праверкай. Высветлілася, што ўсе прабывальнікі звярынца трапляюць пад дзеянне міжнароднага дагавора СІТЭС і на іх патрэбны дазвольныя дакументы. Дакументаў нам не прад'явілі, а ўмовы ўтрымання жывёл былі відавочна парушаныя. Гэтаму звярынцу быў выпісаны штраф па двух артыкулах, а таксама выдадзены прадпісанні па ліквідацыі ўсіх парушэнняў. Зараз мы высвятляем, выканалі яны іх ці не. Як бачыце, мы са свайго боку дзейнічаем аператыўна. Але распрацоўшчыкамі закона не з'яўляемся, таму і паўплываць на час яго прыняцця не можам.

— Ці часта да вас паступаюць скаргі на кантактныя і перасовачныя звярынцы?

— Мы ўдзячныя ўсім неабыякавым людзям за своечасовае інфармаванне і скаргамі гэта не лічым. Стараемся рэагаваць на ўсе заклікі грамадскасці, паколькі не заўсёды можам ведаць, што адбываецца ў аддаленых рэгіёнах Беларусі. Вядома, любая заява павінна падмацоўвацца фактамі, а не проста фразамі «таму што гэта няправільна» або «мне гэта не падабаецца». У цэлым, падобных зваротаў не так шмат, але гэта з улікам, што пішуць нам, у асноўным, калектыўна. Так, наконт кантактных заапаркаў за апошнія два гады мы атрымалі шэсць зваротаў і прыкладна столькі ж — датычна перасовачных звярынцаў у канцы 2017 года.

У выніку праверак мы прыйшлі да высновы, што ні кантактныя, ні перасовачныя заапаркі не могуць забяспечыць дзікім жывёлам належныя ўмовы, якія прапісаны ў нашым заканадаўстве.

— А што гэта за ўмовы?

— У пастанове Мінпрыроды № 16 прапісаны нормы па ўтрыманні дзікіх жывёл. Калі казаць проста, то кожнага жыхара заапарка варта забяспечыць паілкай, месцам для кармлення, спецыяльным навесам, куды ён можа схавацца. У рацыёне павінна прысутнічаць неабходная колькасць бялкоў і вітамінаў, пры гэтым ежа павінна адпавядаць той, якую жывёла атрымлівае ў дзікай прыродзе. Усё гэта мы правяраем. Таксама мы звяртаем увагу на выкананне патрабаванняў наконт тэмпературы, вільготнасці і ўльтрафіялету. Многія не звяртаюць увагі на асвятленне, думаючы, што гэта ніхто не заўважыць. За такія парушэнні мы выпісваем штрафы, якія значна вышэй за кошт ультрафіялетавай лямпы.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

— Ці шмат штрафаў было выпісана апошнім часам, і ці прадугледжаны новым праектам іншыя пакаранні?

— На самай справе дзікіх жывёл у кантактных і перасовачных звярынцах у нас не так шмат, і практычна ўсіх мы ведаем «у твар». Таму штрафы выпісваюцца рэдка. Мы стараемся весці актыўную прапагандысцкую работу. Што датычыцца пакаранняў, то пакуль па заканадаўстве прадугледжаны толькі штрафы, таксама жывёла можа адбірацца ў выпадку яе незаконнага правозу на тэрыторыю нашай краіны. У новым законе прадугледжана канфіскацыя і ў выпадку парушэння патрабаванняў утрымання.

— Што будзе з дзікімі жывёламі, якія ўсё жыццё пражылі ў заапарку, пасля ўступлення новага закона ў сілу?

— Яны і далей будуць жыць у заапарках, толькі іншых, якія змогуць забяспечыць для іх усе неабходныя ўмовы. Паўтаруся, у нас цяпер у звярынцы не так шмат дзікіх жывёл, каб з гэтым узніклі праблемы.

— Чаму папраўкі ўносяцца не ў існае прыродаахоўнае заканадаўства, а ў новы законапраект?

— Закон «Аб абыходжанні з жывёламі» закранае не толькі дзікіх звяроў, а жывёл у цэлым. Кантактныя і перасовачныя заапаркі — гэта камбінацыя ўсіх жывёл, і каб вырашыць праблему комплексна, мы ўносім свае прапановы ва ўжо падрыхтаваны законапраект.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: «Яны проста дзікія па прыродзе!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».