Вы тут

«Лібералізаваны» бізнес можа атрымаць новую падатковую нагрузку


Міністэрства фінансаў парэкамендавала падняць стаўку адзінага падатку для малога прадпрымальніцтва на 7,4 %. У інспекцыі МПЗ па Мінску абгрунтавалі гэта вынікамі нядаўняй праверкі даходаў плацельшчыкаў адзінага падатку ў рознічным гандлі для насельніцтва за мінулыя два гады. Па іх замеры выручка некаторых прадпрымальнікаў вырасла ад 25 % да 55 % у параўнанні з 2016 годам. Канчатковае рашэнне аб магчымым павышэнні адбудзецца толькі пасля грамадскіх абмеркаванняў. Але ўжо сёння вядома, што Мінск і некаторыя абласныя цэнтры падтрымліваюць ініцыятыву. Пазіцыя бізнесу па гэтым пытанні застаецца, мякка кажучы, неадназначнай.


Мінск будзе прытрымлівацца рэкамендацый

Сёння адзіны падатак выплачваюць індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы, якія займаюцца некаторымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Зараз складана сказаць, што стаўка адзінага падатку вырасце ва ўсіх абласцях краіны. Эксперты і парламентарыі працягваюць працаваць над новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса.

Аднак вядома, што ў Мінску ўжо разлічваюць дадаткова атрымаць ад павышэння стаўкі 1,8 мільёна рублёў. У горадзе збіраюцца прытрымлівацца рэкамендацый Мінфіна.

Такім чынам, у сталіцы рэпетытарам прыйдзецца плаціць на два рублі больш або 36 рублёў. Таксістам — да 171 рубля ў месяц, самазанятым праграмістам — да 124 рублёў (+8 рублёў). Прадпрымальнікі, якія займаюцца рамонтам і тэхабслугоўваннем машын, заплацяць 215 рублёў (+14 рублёў).

У Віцебскай вобласці могуць павысіць

Але гэта пакуль недакладна. Чакаецца, што індэксацыя ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб дазволіць дадаткова прыцягнуць у 2018 годзе ў мясцовы бюджэт 0,6 мільёна рублёў.

Таксісты з аўто, якое разлічана на шэсць пасажыраў, заплацяць 182 рублі. Калі салон большы — 218 рублёў. Прадаўцы аўто з новай стаўкай будуць плаціць да 417 рублёў.

Беларусы, чый бізнес не патрабуе рэгістрацыі, таксама будуць плаціць больш. Напрыклад, самазанятыя фатографы — 126 рублёў, распрацоўшчыкі сайтаў — 97 рублёў.

А што ў Гомелі?

Там аблвыканкам ужо прапанаваў павысіць стаўку адзінага падатку па рэкамендацыі. Аднак ёсць і адрозненні: у асобныя графы вынесеныя стаўкі для Гомеля, Мазыра, Рэчыцы, Светлагорска, Жлобіна. Напрыклад, вядома, што прадаўцы аўто ў Гомелі будуць плаціць адзіны падатак у памеры 363 рублі, а ў іншых населеных пунктах — 245 рублёў. Салоны прыгажосці, якія не наймаюць персанал, у Гомелі заплацяць 97 рублёў, у Мазыры, Жлобіне, Рэчыцы і Светлагорску — 86 рублёў, а ў астатніх населеных пунктах вобласці — 54 рублі. Гомельскія таксісты з аўто, якое ўмяшчае чатырох пасажыраў, заплацяць 140 рублёў, а ў іншых населеных пунктах 78 рублёў. Праграмісты ў абласным цэнтры будуць плаціць па стаўцы 124 рублі, а ў рэгіёнах — ад 113 рублёў.

Будуць адстойваць сваю пазіцыю

Магчыма, што падатковыя змены закрануць і астатнія вобласці. Праца над дакументам не завершана. Новая рэдакцыя павінна з'явіцца да 1 верасня гэтага года. Пры гэтым бізнесмены абмяркоўваюць навацыі ў фіскальнай сістэме. Аднак далёка не ўсе падзяляюць жаданне дзяржавы павысіць адзіны падатак. Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў лічыць, што сітуацыя ў малога бізнесу лепшай за гэты год не стала. «Нягледзячы на ўзровень інфляцыі, які за мінулы год склаў 4,6 %, у Мінску спрабуюць павялічыць стаўку адзінага падатку на 7,4 %. У той жа час адбыўся імклівы рост буйных гандлёвых сетак, а доля і выручка прадпрымальнікаў, якія працуюць у гандлі, — зменшыліся. Было б справядліва не павышаць падатак», — адзначыў Віктар Маргелаў.

Пры гэтым ёсць і пэўная катэгорыя прадпрымальнікаў, у якіх выручка вырасла. Для іх, у выпадку, калі ўлады ўсё ж вырашаць падняць падатак, на думку прадстаўніка канфедэрацыі, было б разумна павышаць стаўку адзінага падатку на памер не вышэйшым за ўзровень інфляцыі.

«Калі падатак робяць большым за ўзровень інфляцыі, то гэта пагаршае ўмовы працы для малых прадпрымальнікаў у параўнанні з буйнымі», — дадаў Віктар Маргелаў.

Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу працягнуць абмяркоўваць гэтае пытанне і адстойваць сваю пазіцыю.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Адзіны падатковы... Бар'ер?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».