Вы тут

Мегаполіс дае магчымасць усвядоміць любоў да роднага горада


Здавалася б, без прэтэнзій, але вельмі тонкая і пяшчотная карціна Грэты Гервіг «Лэдзі Бёрд» сёлета атрымала адразу некалькі намінацый на прэмію Оскар, у тым ліку як патэнцыйны «найлепшы фільм», а ў гэтыя дні ідзе ў сталічным пракаце.


Тут няма той філіграннасці сапраўднага твора мастацтва, як у «Форме вады» Гільерма дэль Тора, што ў выніку атрымала галоўную статуэтку. Ці асноватворнага духу змагання, асабістай трагедыі і магутнай сацыяльнай падаплёкі, як у карціне «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры» Марціна МакДоны — галоўнага фаварыта на атрыманне Оскара. Затое ёсць быццам бы не маштабная, але поўная супярэчнасцяў тэма сталення вучаніцы старшых класаў кансерватыўнай каталіцкай школы. І мары пра Нью-Ёрк. І падсвядомая любоў да невялікага, але роднага горада Сакрамента.

Крысціна Макферсан (Сірша Ронан), якая жадае называць сябе Лэдзі Бёрд, вучыцца ў апошнім класе і блукае ў спробах знайсці сябе. Гэта час бунтарства, непаразумення з бацькамі, закаханасцяў, вялікіх мар і фарміравання прыярытэтаў. Пакуль што прыярытэты галоўнай гераіні базуюцца на сацыяльным самасцвярджэнні па катэгорыі фінансавага дастатку — яна саромеецца старой бацькавай машыны і просіць высадзіць за квартал ад школы; хоча набываць глянцавыя часопісы, а эканомная маці ёй у гэтым адмаўляе; марыць жыць у вялікім доме элітнага раёна і выбірае ў ім свае любімыя збудаванні. Нарэшце, пасля заканчэння школы Крысціна шалёна жадае з'ехаць з Сакрамента і вучыцца ў Нью-Ёрку.

Гэтае адчайнае жаданне любымі спосабамі трапіць у гушчу падзей у фільме Грэты Гервіг не з'яўляецца беспадстаўнай марай пра вялікі горад, а хутчэй базуецца на імкненні збегчы ад таго, чаго Лэдзі Бёрд саромеецца. Невыпадкова ў сюжэце галоўную гераіню акружаюць сяброўкі з багатых сем'яў, якія не строяць вялікіх планаў і не супраць пайсці вучыцца ў найбліжэйшы каледж. Невыпадкова Крысціна настойвае на сваім «сапраўдным» імені і просіць называць сябе Лэдзі Бёрд, як бы адасабляючы сябе ад наваколля, з якога хоча збегчы. І невыпадкова яна хлусіць пра сябе, каб стварыць хоць і несапраўдны, але больш прыемны кантэкст яе жыцця ў Сакрамента.

«Лэдзі Бёрд» — гісторыя пачатку гэтага тысячагоддзя, і хоць падзеі фільма адбываюцца ў недалёкім мінулым, колеры і сама эстэтыка ствараюць адчуванне, што мы трапілі ў нейкае адрознае ад нашага вымярэнне — іншыя часы альбо, што больш магчыма, чыйсьці ўспамін. Натуральна, праз фільм «Лэдзі Бёрд» мы трапляем у мінулае самой аўтаркі: Грэта Гервіг нарадзілася ў Сакрамента, яна вучылася ў коледжы ў Нью-Ёрку, колеры сімволікі якога паўтараюцца ў карціне, і, напэўна, перажывала нешта падобнае да пачуццяў галоўнай гераіні. Гэта аўтабіяграфічнасць, дарэчы, і ёсць галоўная прычына, чаму «Лэдзі Бёрд», акрамя іншых вартасцяў, заслугоўвае поўнага і безагаворачнага даверу.

У выніку карціна расказвае не пра мары жыць у Нью-Ёрку, а пра слепату жадання з'ехаць з Сакрамента, усвядоміць якую можна толькі дасягнуўшы мэты. Галоўная гераіня трапляе ў мегаполіс, і толькі тут мы можам зразумець дзіўнае перамяшчэнне акцэнтаў у пачатку фільма — з галоўнай гераіні на яе маці, якую незабыўна сыграла Лоры Меткаф. Дык вось, мы бачым, як Марыян Макферсан праязджае ваколіцы Сакрамента — некалькі планаў, блікі сонца, чыстае неба, не надзвычайныя, але, па ўсім відаць, любімыя віды, нямое замілаванне.

А ўжо ў канцы галоўная гераіня Лэдзі Бёрд прыехала ў Нью-Ёрк, стала Крысцінай, бо адасабляць сябе ад наваколля больш няма патрэбы, схадзіла ў касцёл, што адсылае да каталіцкай школы, і ўспомніла, як гэта — ехаць на машыне па Сакрамента, бачыць блікі сонца, любавацца роднымі краявідамі. І нарэшце, усвядоміла.

Спасылаючыся на аўтабіяграфічнасць, можна меркаваць, што ў будучыні галоўнай гераіні будзе намінацыя на Оскар. А яшчэ больш далёкая будучыня Крысціны адбываецца ўжо цяпер.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Праехацца па Сакрамента

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».