Вы тут

У сталічнай гімназіі №23 прайшоў урок правільнага харчавання


Яго правяла фуд-коўч і аўтар праекта «Маміна ежа» Ксенія Вяцкая.

У маім маленстве дзеці звычайна прасілі ў бацькоў купіць што-небудзь салодзенькае. Таму вельмі здзівілася, калі днямі ў краме пачула плач школьніка, які адмаўляўся ісці дадому без... сасісак.


— Я сваім дзецям ніколі не купляю сасіскі, — рэагуе на маю рэпліку Ксенія Вяцкая. — У іх складзе таксама ёсць цукар і мноства іншых таксічных рэчываў. Больш за тое, сасіскі не даюць дзіцячаму арганізму нічога карыснага, толькі забіваюць страўнік, як папера, і выклікаюць прывыканне...

Пасля гэтых слоў фуд-коўч просіць дзевяцікласнікаў пералічыць свае любімыя прадукты, якія змяшчаюць цукар. «Булачкі, цукеркі, газіроўка...» У гэты момант Ксенія дастае з заплечніка шалі, чарку, цукар і паўлітровую бутэльку папулярнага сярод моладзі газіраванага напітку. І прапануе правесці эксперымент. Дапамагчы выклікаецца малады чалавек з апошняй парты. Ксенія просіць яго прачытаць на этыкетцы склад напітку. Шляхам нескладаных падлікаў высвятляем, што ў адной бутэльцы на 500 мл змяшчаецца ажно 50 (!) грамаў цукру.

Каб наглядна ўявіць, колькі гэта, Ксенія прапануе свайму памочніку адсыпаць у чарку 50 грамаў цукру. Для дакладнасці карыстаюцца шалямі. Потым такі ж эксперымент правялі з маленькім пачкам дзіцячага соку. Аказваецца ў яго складзе ажно 20 грамаў цукру. І гэта пры тым, што сутачная норма для дарослага чалавека — усяго толькі 6 грамаў.

— Таму наталіць смагу старайцеся чыстай вадой, а не цукрам, — раіць Ксенія і робіць некалькі глыткоў вады з бутэлечкі, якую заўсёды носіць з сабой.

— А я як піў газіроўку, так і буду піць, бо яна мне вельмі падабаецца, — данеслася з апошняй парты.

Ксенія не разгубілася і прапанавала заўзятаму аматару шкоднага напітку новы эксперымент.

— Выпіць 50 грамаў цукру ў выглядзе газіроўкі можа кожны, а вось паспрабуй з'есці яго ўсухамятку.

— Лёгка, — з гэтымі словамі хлопец узяў чарку з цукрам. Але праз секунду выплюнуў яго ў сметніцу.

— Мы ўжываем вельмі шмат «схаванага» цукру, — працягвае ўрок фуд-коўч. — І не задумваемся, што ён траўмуе гены. Праз гадоў дзесяць вам скажа ваш маленькі сын: «Ты піў газіроўку, а цяпер у мяне дрэнныя зубы». З-за злоўжывання цукрам з'яўляецца не толькі карыес, але і прышчы, гастрыт, язва, псуецца шкілет...

Падобныя дабрачынныя ўрокі Ксенія праводзіць для школьнікаў з задавальненнем.

— Прыходзячы да першакласнікаў, я, магчыма, ужо выхоўваю жонку сваім дзецям (усміхаецца). У мяне два сыны і, можа быць, будуць яшчэ. Дзеці — наша будучыня. І хочацца, каб яны былі здаровымі і прыгожымі, а не хадзілі з чорнымі зубамі. Лічу, што ў школах, акрамя звычайных, павінны праходзіць і такія «ўрокі жыцця». Дзецям падабаецца, калі да іх прыходзяць цікавыя людзі, штосьці расказваюць у нефармальных абставінах. Не ва ўсіх бацькі вядуць здаровы лад жыцця, сартуюць смецце, купляюць толькі карысныя прадукты. А дзецям жа аднекуль трэба браць прыклад. Калі я сказала дзевяцікласнікам, што лепш не набываць малако і сокі з пластыкавымі трубачкамі, бо пластык раскладаецца больш за 100 гадоў, яны не паверылі. Даказвалі, што ўсяго адзін-два. Таму я параіла іх класнаму кіраўніку на наступны нефармальны ўрок запрасіць эколага.

У канцы сустрэчы дзевяцікласнікаў хвалявала адно пытанне: а чым можна замяніць булачкі ды шакаладныя батончыкі?

— Замест батончыка з пальмавым алеем ці глазураванага сырка з'ешце лепш яблык — гэта будзе ў сто разоў здаравей. Шкодны фаст-фуд можна замяніць карыснымі маркоўнымі палачкамі ці зробленымі дома бургерамі з фаршу з бараніны. Цудоўная альтэрнатыва ласункам таксама сушаная ці запечаная ў духоўцы садавіна, — параіла Ксенія. І прапанавала дзецям па чарзе дома штосьці выпякаць і на вялікім перапынку частаваць аднакласнікаў смакатой. — Дамашняя выпечка больш карысная, чым крамная, у якую, каб працягнуць тэрмін захоўвання, дадаюць розныя хімічныя рэчывы.

Топ-5 «здаровых» ссабоек, якія падыдуць, як дзецям, так і дарослым

1) Навучыцеся рабіць разнастайныя салаты з агародніны: печаныя бурак ды морква, запраўленыя праванскімі травамі; сыры бурак з апельсінамі і пятрушкай; брокалі і яблыкі...

2) Кавалак дзікай рыбы, прыгатаванай на пары.

3) Крэм-суп з любой агародніны.

4) Сырнікі ці запяканка.

5) Печаная садавіна: яблыкі, грушы.


Парады бацькам ад Ксеніі Вяцкай:

Часта чую ад мам фразу: «Маё дзіця гэта не есць». Менавіта з яе пачынаецца маніпуляцыя ежай. Сучасныя бацькі ўзносяць сваіх крывіначак на п'едэстал, дагаджаюць ва ўсім. Хоць меркаванне мамы і таты для дзяцей павінна быць аўтарытэтным. Да трох гадоў трэба прывіваць здаровы лад жыцця, тлумачыць, што карысна, што не. І, вядома, самім паказваць прыклад. У мяне з дзецьмі спрацоўвае візуальная частка лікбезу. Як толькі пачынаецца «фу, мы гэта не хочам есці», у нас з мужам ёсць нарыхтаваныя карцінкі карыесу. Раю паглядзець усёй сям'ёй фільм «Цукар». Акрамя таго, у інтэрнэце ёсць мноства займальных адукацыйных дзіцячых фільмаў пра шкоду таго ж самага цукру ці глютэну. Нават самыя вялізныя нехачухі, калі пазбавіць іх магчымасці перакусваць абы-чым, праз два-тры дні рэальна згаладаюцца і з задавальненнем будуць уплятаць булён.

Раю бацькам не ігнараваць субпрадукты, набываць мяса на касцях. З іх атрымліваецца шыкоўны, карысны булён. Выварка з касцей, коснага мозгу — гэта асноўнае пажыўнае рэчыва для арганізма, які расце. Але большасць дарослых чамусьці аддаюць перавагу курыным грудкам, вырашчаным на гармонах. І пры гэтым многія яшчэ ўмудраюцца некалькі разоў зліваць навар, каб было не так тлуста.

Я ўсё дома гатую на косных булёнах. І, як маці, вельмі рада, што кожную раніцу мае дзеці перад тым, як ісці ў садок, просяць некалькі яго лыжачак. Я шчаслівая, бо яны абароненыя. Мне здаецца, я, дзякуючы булёну, дапамагла сваім дзецям быць больш здаровымі.

Адбіць цягу падлеткаў да фаст-фуду — так званай смеццевай ежы — няпроста, але рэальна.
У мяне часта тусуюцца дзеці сястры — школьнікі. Дык вось я заўважыла: галоўнае, каб у доме была ежа і прыгожая абгортка для яе. Калі я ў стылёвы тэрма-кубак наліваю суп-пюрэ, яны з задавальненнем ідуць з ім па горадзе і яго папіваюць. Замест таго, каб есці чыпсы. Тым больш зараз у модзе здаровае харчаванне, і нават падлеткаў можна пераканаць, што гэта крута. Прапануйце сваёй дачцэ: «Пайшлі разам выберам ланчбокс з тваімі любімымі персанажамі. Абклей яго налепкамі і можаш сама складаць усё, што табе падабаецца». Калі ў доме ёсць здаровая ежа, то дзіця яе і пакладзе. А калі адны сасіскі, паўфабрыкаты ды булачкі, дык дзіця, вядома, прыхопіць з сабой менавіта іх, бо гэта прасцей.

Добра, каб дзеці ўдзельнічалі не толькі ў сумесных гатоўках, але і ў закупцы прадуктаў. Разам хадзіце па крамах, чытайце этыкеткі і прымайце рашэнне: што браць, а без чаго можна і абысціся, бо гэта шкодна.

Адмоўцеся ад крамнага кетчупу (маянэзу і іншых соусаў). Набывайце звычайную таматную пасту. Дадавайце ў яе соль, спецыі і трошкі гарачай вады — атрымаецца кетчуп.

Не раю набываць прамысловыя ёгурты. Бо ў іх няма сэнсу. Жывыя бактэрыі не могуць захоўвацца тыднямі. Пачніце гатаваць сапраўдныя жывыя ёгурты самастойна. Гэта не складана. Асабіста я аддаю перавагу фермерскім малочным прадуктам. Зараз лёгка можна знайсці ў інтэрнэце дастаўку хатняга малака, вяршкоў і ўжо самастойна пры дапамозе сухой бактэрыяльнай закваскі рабіць ёгурт. Так, з непрывычкі ўсё гэта здаецца шалёна складаным. Але як падумаю, наколькі складанейшы шлях у кучы выкінутых мною слоічкаў ад ёгурту, — мой выбар на карысць такой дастаўкі тут жа становіцца відавочным. Ды і навошта мне есці ёгурт з адной сумнеўнай бактэрыяй, калі я магу зрабіць ажно з дзевятнаццаццю?

На сваіх кансультацыях я звычайна раздаю мамачкам спіс. Там шмат відаў мяса, гародніны, круп, мукі... Жанчыны прызнаюцца, што большасць з гэтых прадуктаў яны нават не каштавалі. Таму раю ўсім разнастаіць рацыён сваёй сям'і, у ліку іншага дадаць у яго перапёлак, лівер, хатнія сыры, расткі пшаніцы, сельдэрэй, пастарнак, маш, сачавіцу, нут... Прычым для гэтага не патрэбна шмат грошай.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Фірменны булён замест фаст-фуду

Каментары

Браво, Ксеня!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».