Вы тут

Як спартсмен Аляксандр Карнялюк стаў майстрам бансай


«Напэўна, у мінулым жыцці я быў кітайцам, — жартуе Аляксандр КАРНЯЛЮК. — Мне вельмі блізкая азіяцкая культура». Былы лёгкаатлет, у маладосці ён хутчэй за ўсіх у Савецкім Саюзе прабягаў стаметроўкі. Але больш за 20 гадоў таму кардынальна змяніў сферу дзейнасці. Цяпер, у свае 67, ён захапляецца мастацтвам бансай. Вырошчвае карлікавыя дрэвы ў талерках, каб круглы год любавацца дома зялёным садам.


Спорту Аляксандр аддаў 45 гадоў свайго жыцця. Спачатку выступаў сам. Быў чэмпіёнам СССР на дыстанцыі 100 метраў. У 22 гады паехаў на Алімпіяду ў Мюнхен (1972 год), дзе ў эстафеце разам з іншымі лёгкаатлетамі заваяваў сярэбраны медаль. А вось на наступныя гульні трапіць не змог.

— Для мяне гэта была вялікая трагедыя. У 26 гадоў я скончыў кар'еру спрынтара і стаў трэнерам зборнай каманды Саюза. Мне было цікава рыхтаваць іншых спартсменаў.

Падапечныя Аляксандра выйгравалі эстафету на Алімпіядзе, станавіліся чэмпіёнамі Еўропы. Але пасля аднаго з чэмпіянатаў вынікамі лёгкаатлетычнай каманды наверсе засталіся незадаволеныя, разагналі трэнераў і сабралі новы склад. Працаваць на больш нізкім узроўні мужчыну не хацелася. Да таго ж у якасці трэнера ён не бачыў для сябе перспектыў. «Вельмі моцна прагрэсіравалі ў спрынце амерыканскія спартсмены, і беламу чалавеку там месца практычна не засталося. А плыць па цячэнні мне было нецікава», — тлумачыць Аляксандр.

Мужчына вырашыў адкрыць у Мінску прыватны спартклуб.

— У мяне там былі лёгкаатлеты з Украіны, Літвы, Латвіі. Адным словам, сабраў эліту, — успамінае Аляксандр. — Знайшоў спонсараў. Плаціў спартсменам добрыя на тыя часы стыпендыі, каля тысячы долараў. Тады камерцыйны спорт толькі развіваўся. За ўдзел у спаборніцтвах атлеты атрымлівалі фінансавую падтрымку ў памеры 5—10 тысяч долараў у залежнасці ад рэйтынгу. Цяпер, вядома, лічбы вышэйшыя.

У 45 гадоў Аляксандр у выніку сышоў са спорту. Пераехаў за горад, ва Уздзенскі раён, каб рэалізаваць сваю іншую мару — зрабіць японскі сад. Кажа, што азеляненнем захапляўся даўно: яшчэ ў мінскай кватэры на лоджыі ў яго быў зімовы сад.

Цяперашні куток прыроды зусім іншых памераў.

— Палову дома захапіў, — смяецца мужчына. — Сад вялікі, 100 «квадратаў» займае. Я нацягаў туды зямлі — машын пяць, напэўна, — расклаў камяні. Зрабіў прыродны ландшафт розных зон — ёсць і горны пейзаж, і пустынны з кактусамі. Вырошчваю мандарыны, фейхоа, гранат. Сад знаходзіцца на паўднёвым баку дома, а пад ім — падвальнае памяшканне, якое ацяпляецца. Бэлькі закрыў полікарбанатам. Знізу цяпло ідзе, зверху сонца свеціць — добры мікраклімат атрымаўся.

Пераехаўшы за горад, былы спартсмен захапіўся мастацтвам бансай. Першым карлікавым дрэвам, якое ён вырасціў, стала сасна. Ёй ужо 25 гадоў. Ёсць у калекцыі Аляксандра граб, ліпа, японскі клён, гранат, дуб. А яшчэ мініяцюрная яблыня, на якой растуць сапраўдныя яблычкі, праўда, памерам з чарэшню. «Ці смачныя? Шчыра — не каштаваў», — усміхаецца мужчына.

Саджанцы ён любіць шукаць у лесе па вясне. Пасля зімы некаторыя дрэўцы, якія былі прыціснуты снегам, маюць цікавую форму. Добра падыходзіць граб, бо яму лёгка надаць патрэбную форму.

Будучы бансай Аляксандр саджае ў талерку. Вырошчвае па тэхналогіі гідрапонікі: асноўнае жыўленне дрэва атрымлівае не з грунту, а з вадкага комплекснага ўгнаення з мікраэлементамі. Таму яно можа расці пры мінімальнай колькасці зямлі і яму не патрэбна вялікая каранёвая сістэма.

— Догляд бансая патрэбны кожны дзень. Ён не з тых хатніх раслін, якія можна ўзяць і на тыдзень забыць. Калі некуды з'язджаю, даручаю дрэвы сваім памочнікам, — кажа Аляксандр.

Майстар умее таксама вырошчваць дрэвы на камені: робіць на ім расколіну і памяшчае туды маленькі саджанец.

Па яго словах, каб з парастка атрымаць бансай, трэба гадоў сем.

— Вы, пэўна, вельмі цярплівы чалавек.

— Разумееце, у мяне няма такой мэты — хутчэй вырасціць бансай. Я не спрабую паскорыць вынік, мне падабаецца назіраць за працэсам.

Цікава, што Аляксандр зусім не дачнік у класічным разуменні. Плантацыі памідораў і гуркоў — гэта не пра яго. «Агарода ў мяне няма. Я люблю хадзіць у сад і любавацца ім, а не працаваць на ўраджай».

Захапленне мастацтвам бансай ён змог ператварыць у спосаб заробку. Карлікавымі дрэвамі ён афармляў некаторыя са сталічных гатэляў. На пытанне «Хто ж там бансай даглядае?» тлумачыць, што заключае з гасцініцамі дагавор на абслугоўванне і раз на тыдзень-два мяняе дрэўцы. Пакуль адны з іх радуюць гасцей, іншыя «рэабілітуюцца» ў Аляксандра дома.

Дарэчы, пра «ўнутранага кітайца». На свой 60-гадовы юбілей мужчына якраз трапіў у Кітай. І хоць не ведаў мовы, адчуваў там сябе вельмі камфортна. Усе 10 дзён, што правёў у той краіне, быў на ўздыме.

— Мне падабаецца культура сузірання. Шкада, што нам яе не хапае. Мы пастаянна занятыя работай, сям'ёй, іншымі клопатамі. Але добра было б знаходзіць час пабыць сам-насам з прыродай, атрымаць асалоду ад яе. Гэта дае ўнутраны супакой.


У тэму

Сярод мужчынскіх захапленняў бываюць не толькі рыбалка, хакей і шахматы. Мы склалі падборку арыгінальных для дужай паловы хобі.

Вязанне. Цікавы факт: у 1946 годзе нацыянальны амерыканскі конкурс па вязанні кручком выйграў менавіта мужчына. Але такое магчыма не толькі ў Штатах. Напрыклад, жыхар Вілейкі Васіль Чыжыкаў-Кузьмін з дапамогай кручка стварае шапкі, рукавіцы і шалікі. Дагэтуль ён захапляўся пляценнем з вяровак бранзалетаў. А калі трапіў у бальніцу, вырашыў асвоіць і вязанне. З палаты даўно выпісаўся, а хобі засталося. У працоўным наборы мужчыны некалькі кручкоў рознай таўшчыні і кнігі па рукадзеллі.

Бісер. Расіянін Вячаслаў Цітоў (інжынер авіякампаніі) «падсеў» на гэты занятак па прыкладзе дачкі і жонкі. Мужчына падганяў іх скончыць адну карціну, каб хутчэй павесіць яе на сцяну, вось спадарыні і заявілі: «Дарабі сам, калі так хочаш». Вячаслаў і ўзяўся за справу. А пасля замахнуўся на карціну з 65 тысяч бісерынак. Вышыўка імі так захапіла мужчыну, што ён ездзіць цяпер са сваімі работа на конкурсы і выстаўкі.

Вышыўка стужкамі. Гэта было любімае хобі караля Францыі Людовіка ХV. Ён часта дарыў прыдворным дамам свае вырабы ў якасці знака ўвагі.

Фларыстыка. Лідскі тэхнік-электронік Віталь Клімянкоў ужо некалькі гадоў складае вясельныя букеты. Ён самавук, ніякіх курсаў не заканчваў. Ствараць кветкавыя кампазіцыі дапамагае інтуіцыя і ўласнае пачуццё прыгожага. Віталь любіць збіраць аб'ёмныя букеты, дзе шмат зеляніны, па якія да яго звяртаюцца не толькі лідчане, але і жыхары іншых гарадоў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мара пра ўсходні сад

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.