Вы тут

Азаранка штурмуе Маямі


1. Вікторыя Азаранка атрымала чацвёртую перамогу запар на турніры ў амерыканскім Маямі і выйшла ў паўфінал.

У 1/4 беларуска абыграла шостую ракетку свету чэшку Караліну Плішкаву — 7:5, 6:3. Сустрэча працягвалася крыху больш за паўтары гадзіны.

Нагадаем, перад гэтым Вікторыя перамагла амерыканак Кэтрын Беліс і Мэдысан Кіз, а таксама латвійскую тэнісістку Анастасію Севаставу. У паядынку за выхад у фінал Азаранка згуляе з амерыканкай Слоан Стывенс, якая знаходзіцца на 12-м радку сусветнага рэйтынга.

— Перад матчам 1/4 фіналу я казала, што гэта будзе выдатная праверка для ацэнкі маёй гульні. Я бачу нямала пазітыву для працягу працы, — расказвае Вікторыя. — Прыемна назіраць, што па ходзе турніру я дамаглася вялізнага прагрэсу — з першага раўнда і да сустрэчы з саперніцай з топ-5. Хочацца і далей рухацца па гэтым шляху. Думаю, я нядрэнная тэнісістка і ведаю, як выйграваць матчы. У мяне вялікі вопыт. Мне важна заставацца здаровай, працягваць дадаваць і мець магчымасць гуляць. Я ўвесь час думаю аб магчымасці заваяваць трафей. Менавіта таму і гуляю. Я не прыязджаю на турніры проста пагуляць, але пры гэтым заўсёды рухаюся ад матча да матча. Многія думаюць, што тытул ужо блізкі, але я лічу, што шлях яшчэ далёкі. Да апошняга розыгрышу будзе нялёгка. Я хачу канцэнтравацца на кожным матчы і розыгрышы.

Адзначым, што раней, калі Вікторыя даходзіла да паўфіналу турніру ў Маямі, то ў выніку абавязкова заваёўвала трафей. Тэнісістка перамагала на гэтым турніры ў 2009, 2011 і 2016 гадах.


2. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі перамаглі ў гасцях каманду Славеніі 2:0 у другім таварыскім матчы новага сезона.

Галы на рахунку Максіма Скавыша і Антона Сарокі.

— Структура, над якой мы працавалі, паступова прагледжваецца, — адзначае галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка.Так, момантамі ёсць бязладдзе, але па меншай меры структура ўжо відаць, і патрабаванні, якія просім, хлопцы стараюцца выконваць. Самае галоўнае — на полі была каманда. Ніхто асабліва не выпаў, змагаліся адзін за аднаго. Добра, што два матчы зборная згуляла «на нуль», гэта значыць, нядрэнна згуляла абарона, без відавочных памылак.

Свае наступныя кантрольныя матчы падапечныя Ігара Крывушэнкі правядуць у пачатку лета: 6 чэрвеня адбудзецца дамашні спарынг з камандай Венгрыі, 9 чэрвеня — гасцявы супраць Фінляндыі.


3. Фінальная серыя плэй-оф чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе стартавала ў Гродне.

У барацьбе за галоўны трафей — Кубак Прэзідэнта — змагаюцца «Нёман» і мінскае «Юнацтва». Абодва клубы з'яўляюцца найбольш тытулаванымі ў беларускай экстралізе. Мінская каманда — сяміразовы чэмпіён краіны, каманда з Гродна шэсць разоў станавілася пераможцам.

Па выніках фіналу плэй-оф вызначыцца колькасць месцаў для Беларусі ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў на наступны сезон.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Азаранка штурмуе Маямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?