Вы тут

Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў — за карэкціроўку бюджэту


На сесіі Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў народныя абраннікі новага склікання прагаласавалі за карэкціроўку бюджэту. Адно з пытанняў закранала пераразмеркаванне сродкаў, раней запланаваных на выкананне праектных работ па першым у горадзе дзіцячым садку ў жылым доме. Замест гэтага дэпутатам прапанавалі разгледзець пытанне аб выплаце кампенсацый за пабудовы, якія пайдуць пад знос, а на свабоднай пляцоўцы пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага дома семейнага тыпу.


Пілотны праект

Тэма ўшчыльнення існуючых жылых кварталаў у абласным цэнтры актуальная. Падыход улад зразумелы: інфраструктура ў іх дастаткова развітая і не патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Ёсць школы, дзіцячыя садкі, спартыўныя пляцоўкі, гандлёвыя аб'екты ды іншае, што патрэбна для камфотнага жыцця навасёлаў. У той жа час у мікрараёнах-новабудоўлях адчуваецца сур'ёзны недахват усяго гэтага. Адсюль узнікла прапанова кіраўніцтва горада: існуючыя пляцоўкі паблізу ад цэнтра забудоўваць камерцыйным жыллём.

Адна з такіх прывабных пляцовак знаходзіцца ў раёне вуліц Пралетарскай і Шчорса: першыя шматпавярховікі сталі з'яўляцца не так даўно. А некалькі месяцаў таму ўзнікла ідэя будаўніцтва шматпавярховага дома, дзе першы паверх будзе займаць дзіцячы садок. Такі праект, дарэчы, ужо рэалізавалі ў Гомелі. Яго прывабнасць у тым, што дазваляе за невысокі кошт атрымаць сацыяльны аб'ект, патрэбны мясцовым жыхарам. На думку мэра Гродна Мечыслава ГОЯ, калі з цягам часу неабходнасць у садку адпадзе, ён з лёгкасцю можа трансфармавацца ў любы іншы карысны для гараджан аб'ект: ад цырульні да, скажам, зоамагазіна.

Трансформер пакуль адкладваецца?

Пытанне вырашылі вынесці на грамадскае абмеркаванне, якое займае пэўны час, і адначасова запланавалі неабходныя сродкі на праектаванне першага ў Гродне садка-трансформера ў гарадскім бюджэце.

Аднак жа цікавая ідэя сутыкнулася з непрыняццем з боку ініціятыўнай групы жахароў, якія палічылі, што замест садка-трансформера на гэтай пляцоўцы павінен з'явіцца стандартны садок. Фінансавыя выдаткі і запатрабаванасць у садках іншых мікрараёнаў пры гэтым у разлік не браліся. Як вынік, грамадскае абмеркаванне прывяло да адмовы арганізатарам у рэалізацыі праекта.

Вуліца Валковіча.

Гарадскія ўлады пагадзіліся з тым, што адаптаваны садок у шматпавярховіку будаваць у гэтым раёне не трэба. Другое пытанне — не з'явіцца тут у найбліжэйшы час і паўнавартасны дзіцячы садок. Чаму? Таму што ў гэтым мікрараёне ўжо размешчаны некалькі садкоў — раён жа мае пэўную інфраструктуру, у той час як у мікрараёнах-новабудоўлях патрэба ў такіх сацыяльных аб'ектах больш вострая. Напрыклад, у мікрараёнах Альшанка ці Вішнявец абласнога цэнтра новыя садкі патрэбны як паветра: многія бацькі вымушаны вазіць сваіх дзяцей у дашкольныя ўстановы іншых мікрараёнаў.

Вуліца «Бацькоўская» працягне расці

Вядома, жыццё не стаіць на месцы. І дэпутатам гарадскога Савета прапанавалі разгледзець пытанне аб пераразмеркаванні сродкаў, запланаваных на праектаванне дома з садам-трасформерам, на не менш важную справу. Як паведаміў прысутным начальнік фінансавага аддзела гарвыканкама Пётр ШВЕЦ, на вуліцы Валковіча ў Гродне працягнуць будаваць дзяцячыя дамы сямейнага тыпу. Вуліцу ў народзе, між іншым, нават пачалі называць Бацькоўскай. На сёння ёсць ужо два такія сацыяльныя аб'екты — двухпавярховыя катэджы ў цэнтры горада, дзе пад апекай бацькоў-выхавальнікаў растуць абдзеленыя ласкай родных юныя гродзенцы. Па задуме гарадской улады будаўніцтва такіх катэджаў на гэтай вуліцы сёлета працягнецца.

Для гэтага плануюць прыцягнуць крэдытныя сродкі Банка рэканструкцыі і развіцця. Акрамя таго, трэба падрыхтаваць пляцоўку пад будаўніцтва, якой папярэднічаюць адсяленне жыльцоў старых забудоў і выплата ім грашовых кампенсацый за знос жытла. Менавіта на гэты конт дэпутатам гарадского Савета і прапанавалі прыняць рашэнне: калі не рэалізавалі грошы на праектаванне сада-трансформера, дык сродкі ўсё роўна павінны быць накіраваны на «дзіцячую» тэму: у гэтым выпадку на падрыхтоўку пляцоўкі пад будаўніцта трэцяга дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Што вырашылі народныя абраннікі? Безумоўна, аднагалосна пагадзіліся з такой слушнай прапановай.

Між іншым

А першы ў Гродне дзіцячы садок-трансформер усё ж такі з'явіцца. Плануецца, што ён будзе пабудаваны ў мікрараёне Альшанка. Як расказаў «МС» начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва гарвыканкама, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Альшанскай выбарчай акрузе № 13 Анатоль УРУБЛЕЎСКІ, шматпавярховік з дзіцячым садком на першым паверсе пачнуць будаваць сёлета ў другім паўгоддзі, а здаць аб'ект плануецца ў трэцім квартале 2019-га. Пілотны садок-трансформер з'явіцца каля скрыжавання вуліц Багушэвіча і Айчыннай. Па праекце ён разлічаны на 60 месцаў. Будаваць яго больш прывабна, бо гэта танней за стандартны садок. Верагодна, такія садкі-трансформеры з цягам часу пачнуць з'яўляцца і ў іншых раёнах горада, дзе будзе адчувацца патрэба ў іх.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Дзіцячы дом замест дзіцячага садка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».