Вы тут

Гомельскі раён. Бацькоў з небяспечных сем'яў вучаць займацца з дзецьмі


Ім сёння сорамна. Не тое што прозвішча называць ці фатаграфавацца, але ж нават успамінаць пра свае сумніўныя «подзвігі». Таму размаўляем з бацькамі, якія ўсё ж вярнулі сабе права так звацца, на ўмовах ананімнасці. Дамаўляемся, што нават не агучваем назву канкрэтнага населенага пункта.


Скажу толькі, што размова ідзе пра Гомельскі раён. Бо менавіта тут ёсць цікавы вопыт, варты ўвагі і пераймання. Вопыт барацьбы за лёсы дзяцей, якім патрэбны сапраўдныя бацькі. З намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама Кацярынай Рудзенкай едзем у адну з вёсак. Спыняемся каля двухпавярховіка, які мясцовы люд называе «п'яны дом». Нашы першыя героі тут і жывуць. Чакаюць нас і вельмі хвалююцца. Мужчыну 26, яго жонцы 22. Разам ужо пяць гадоў, у шлюбе афіцыйна — тры. Ёсць маленькая дачка. Што яшчэ для шчасця трэба?

— Я часта ў Расію ездзіў на заробкі, — расказвае малады чалавек. — Прывозіў неблагія грошы, і так атрымлівалася, што мы добра адзначалі маё вяртанне. Людзі сталі заўважаць. Прыехала да нас праверка са школы, потым другі раз, трэці. Суседзі, відаць, расказалі. У лістападзе забралі ў нас дзіця.

Дырэктар мясцовай сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка гаворыць, што сужэнцы, калі асэнсавалі, што адбылося, адразу ж прыйшлі на камісію:

— Яны прызналі, што выпівалі, і сказалі, што будуць рабіць усё для таго, каб вярнуць дзіця ў сям'ю. Самі прайшлі медкамісію, працаўладкаваліся, пачалі рабіць рамонт у кватэры. Сям'я пачала інтэнсіўна прыводзіць сябе ў парадак, і мы гэта ўбачылі.

— Закадзіраваліся абодва, — кажа малады бацька. — Прыйшлося, бо гэта адно з патрабаванняў. Не шкадую пра гэта. 2,5 месяца не было дзіцяці з намі, і мы сумавалі. Жонка ездзіла да дачкі ў дзіцячы дом вельмі часта, я радзей. Мы працуем цяпер на мясцовай птушкафабрыцы. Нам далі пазыку, каб аплаціць даўгі, якія ў нас утварыліся. Дырэктар увайшоў у наша становішча. Цяпер пэўны рытм з'явіўся ў жыцці: прыйшоў з работы, дзіця забраў, пагуляў з ім, павячэралі разам...

Як яно пойдзе далей — пакуль ніхто асабліва не загадвае. Вынікі ў гэтай справе — не лічбы на паперы, а шчаслівыя вочы дзяцей. У доўгатэрміновай перспектыве. Дарэчы, тыя, хто сёння становяцца бацькамі, часцей за ўсё родам з тых самых 90-х. Іх яшчэ называюць страчаным пакаленнем. Яны нікому не былі асабліва патрэбны і не навучыліся ні весці гаспадарку, ні цаніць сапраўдныя каштоўнасці жыцця... Ім складана, з імі складана.

— Многія з іх пачалі піць, калі самі былі падлеткамі, — гаворыць Кацярына Рудзенка. — Цяпер яны нараджаюць дзяцей. Праходзяць курс лячэння, але потым зноў пачынаюць піць. Многія не ведаюць, што такое сям'я, не былі прывучаны ў дзяцінстве да самага элементарнага. Яны не разумеюць, што ў доме павінен быць парадак. У іх няма навыкаў догляду за дзіцем. Ёсць і такія, хто не п'е, але санітарны стан жылля жудасны. Вось што прыходзіцца штодзённа тлумачыць дарослым людзям. У нас усе сельвыканкамы вельмі моцна стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Мы імкнёмся не звальваць усю гэтую складаную работу на ўстановы адукацыі, лічым, што ўсе дзяржаўныя структуры павінны займацца выяўленнем сацыяльна небяспечных сем'яў. І сельвыканкамы тут самыя першыя. На грамадскія пункты аховы правапарадку ўскладзена вялікая работа па дапамозе такім сем'ям.

Традыцыйна, па словах Кацярыны Мікалаеўны, важную ролю адыгрываюць чалавечы фактар і грамадзянская пазіцыя асобных уплывовых людзей у раёне. Важна ўсё зрабіць своечасова: убачыць праблемы дзіцяці, абараніць яго правы, не прайсці міма.

— Мы пэўны час таму забіралі траіх дзяцей у Цярэшкавіцкім сельсавеце. Там максімальна падключыўся да работы з гора-бацькамі тагачасны кіраўнік прадпрыемства. Тады дзякуючы яго пазіцыі сям'і цалкам адрамантавалі дом, купілі мэблю, нават новую агароджу з металапрофілю паставілі. Іх узялі на работу. Яны прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Сям'я аднавілася.

Такім чынам і рэалізоўваецца Дэкрэт «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях». Дакумент між тым працуе ўжо адзінаццаты год. Тыя, хто знаёмы з ім не толькі на паперы, сцвярджаюць, што актуальнасць не страчана. Старшыні сельвыканкамаў адразу ж паведамляюць пра сітуацыю, калі яна патрабуе ўмяшання дзяржавы.

— У нас вельмі добра ажыццяўляецца такая работа на тэрыторыях Улукаўскага і Прыбыткаўскага сельсаветаў, — падкрэслівае Кацярына Мікалаеўна. — Там старшыні з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Калі мы адбіраем дзяцей, старшынёй райвыканкама ўзгадняецца індывідуальны план па абароне правоў дзіцяці. У яго ўключаны ўсе меры прафілактыкі. Мы падрабязна прапісваем нават дробязі. Накшталт: мыць падлогу, пераклеіць шпалеры, прыбіць плінтусы, памыць столь... Даём рэальны шанц і дзецям, і іх бацькам. Бо, калі б не Дэкрэт № 18, мы павінны былі б адразу ж патрабаваць пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У такім выпадку сацыяльнага сіроцтва было б нашмат больш. А шэсць месяцаў — гэта сур'ёзны тэрмін. З вопыту: калі чалавек за гэты час адразу робіць вывады, ён і надалей будзе імкнуцца змяніць сітуацыю. Некаторыя менавіта дзякуючы гэтаму дэкрэту ўпершыню ў жыцці атрымалі работу, а некаторыя — нават станоўчыя водгукі па месцы працы.

На вёсцы ўсе ведаюць адно аднаго і гэта дапамагае часам папярэдзіць сапраўдную бяду. Кацярына Рудзенка ўспамінае выпадак, які адбыўся ўжо даўно, і толькі дзякуючы пільным суседзям сітуацыя тады не закончылася трагічна:

— Некалі суседзі патэлефанавалі і паведамілі, што дні два не бачаць матулю з дзіцем. Мы паехалі з участковым інспектарам і ратавальнікам па ўказаным адрасе. Дом нам не адчынялі. Калі адкрылі — бацькі валяліся п'яныя, а маленькае дзіця грызла гарбузовае насенне, бо ў хаце больш не было чаго есці. А калі б людзі не паведамілі?

...Тым часам пад'язджаем да шматдзетнай матулі, якая курыць на ўваходзе ў пад'езд. Цяпер — цвярозая. У жанчыны ёсць муж, які працуе кухарам, і пяць цудоўных дзяўчынак: ад двух да чатырнаццаці гадоў. Дырэктар школы Таццяна Мацюшэнка кажа, што старэйшыя дзяўчынкі ва ўстанове адукацыі — актывісткі і спартсменкі. І ім вельмі сорамна, калі іх матуля сыходзіць у запой.

— Я магу не выпіваць і год, і два, і ўвогуле, — упэўнена шматдзетная маці. — Але потым магу сарвацца... Не памятаю, з чаго. Апошні раз ці то дзень нараджэння нечы быў, ці то кум прыехаў, якога даўно не бачыла... Я думала, што вып'ю піва і ўсё, але не атрымалася. У запой пайшла... Дзеці былі ў мамы. У кастрычніку 2017 года запісалі мяне ў сацыяльна небяспечныя.

— А да мяне ў камісію тым часам адразу ж прыйшоў матэрыял з міліцыі, што ў вёсцы прапала шматдзетная матуля, — гаворыць Кацярына Рудзенка.

— З кастрычніка перастала выпіваць, закадзіравалася, — далей расказвае сваю «гісторыю» маці пяцярых дзяўчатак. — Пакуль мяне тут, у вёсцы, угаворвалі не піць — яшчэ не даходзіла, а вось калі на ўзроўні раёна камісія разабрала... Мне не трэба выпіваць увогуле, бо я не ўмею. Трымацца буду за дзяцей — каб не трапляць больш у такую сітуацыю.

Абяцанні, канешне, можна слухаць, але сачыць трэба ў абодва вокі і надалей, — менавіта так лічыць Кацярына Рудзенка. Яна ўпэўнена, што гарантый наконт такіх сем'яў ніхто не дасць. Спадзяванні — добра, а пільны кантроль — яшчэ лепш.

Праблем у справе выхавання, тым больш сацыяльна небяспечных дарослых грамадзян — больш, чым трэба. І ўсё ж лічбы гавораць за тое, што работа, якая мэтанакіравана вядзецца — не дарэмная. У Гомельскім раёне ў 2007 годзе было прызнана, што 380 дзетак са 194 сем'яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Цяпер на ўліку — 243 дзіцяці са 167 сем'яў.

На Гомельшчыне ў параўнанні з 2008 годам, калі актыўна запрацаваў Дэкрэт № 18, значна паменшылася колькасць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. 6890 было тады і 4689 — цяпер.

Вядзецца работа, накіраваная на памяншэнне сацыяльнага сіроцтва і ўладкаванне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання. Калі ў 2007 годзе ў вобласці было толькі пяць дамоў сямейнага тыпу, то цяпер іх 46.

За апошнія 10 гадоў у тры разы паменшылася колькасць злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія. Больш чым удвая скарацілася і колькасць дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Спадзяванні — добра, кантроль — лепш

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.