Вы тут

У Луцку выйшла кніга беларускай паэтэсы


У Луцку, які здаўна паяднаны з беларускай старонкай, выйшла кніга беларускай паэтэсы Аксаны Спрынчан «Кава з украінскім мёдам».


Гэты творчы праект, які з украінскага боку як перакладчык ажыццяўляў Мікола Мартынюк, заслугоўвае шырокай увагі. Па-першае, кніга выдадзена на дзвюх мовах. І ў чытача як з Украіны, так і з Беларусі ёсць магчымасць прычыніцца да прыгожага пісьменства суседняга народа. Па-другое, сам факт з'яўлення ёмістага, грунтоўнага паэтычнага зборніка беларускага аўтара ў суседняй краіне сведчыць пра непарушнасць культурных, літаратурных сувязяў нашых народаў. «Кава з украінскім мёдам» — гэта і напамін пра тое, што ўкраінскія перакладчыкі праз усё XX стагоддзе былі ўважлівыя да беларускай паэзіі: кнігі вершаў і паэм Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова для чытача з неабсяжнай украінскай прасторы гучалі і гучаць як родныя. Спадзяёмся, што такім жа дружалюбным і для паэтаў, і для чытачоў будзе і XXI стагоддзе. Так яно і ёсць зараз, бо ва Украіне выдаюцца кнігі Людмілы Рублеўскай, Алены Масла ды шмат яшчэ каго з сучасных беларускіх пісьменнікаў, а зараз яшчэ і Аксаны Спрынчан.

«Вялікае Княства Любові / мы ўспомнім у іншай краіне. / Памянем былую сталіцу / і вып'ем за велічнасць мовы. / Той мовы, / з якою кахалі, / той мовы, / што нам засталася / ад Княства / Вялікай / Любові...» — піша Аксана Спрынчан. Тонкі лірык, яна не цураецца грамадзянскіх матываў, робіць гэта шчыра і прачула. Таму і цягне да сябе, вабіць яе паэзія. Таму і кожная кніга Аксаны Спрынчан — гэта як крынічная вада. Дарэчы, хоць і нарадзілася беларуская паэтэса ў Лунінцы, на Берасцейшчыне, яна роднымі сваімі карэннямі — «продкамі па мячы» — звязана і з братняй Украінай.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Беларуска-ўкраінскі мёд. Паэтычны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».