Вы тут

Кірыл Рэліх: Неразумны чалавек не зможа стаць добрым баксёрам


Наваспечаны чэмпіён расказвае, чаму давялося перайсці з аматарскага бокса ў прафесійны, які след на яго характары пакінулі «ліхія» 90-я і чаму на рынгу яго называюць «хітры змей».

Спартсмен з Баранавічаў Кірыл Рэліх у сакавіку стаў чэмпіёнам свету, такога поспеху ў прафесійным боксе беларусы не дамагаліся ўжо 12 гадоў. У паядынку за чэмпіёнскі пояс у амерыканскім Сан-Антоніа ён перамог кубінца Рансэса Бартэлемі. Адзначым, што стаць найлепшым у сваёй катэгорыі Кірыл ужо спрабаваў два гады таму, але тады беларусу не ўдалося адолець брытанца Рыкі Бернса.


«Я яшчэ не стары, ёсць шанц пабаксіраваць на алімпійскім рынгу»

Кірыл Рэліх нарадзіўся ў Баранавічах. Яго бацька і дзядзька захапляліся боксам, калі тата рабіў гэта больш для сябе, то дзядзька дасягнуў пэўных вышынь: выступаў на Усесаюзных спаборніцтвах і заваёўваў там узнагароды.

— Як і ўсе хлопцы з перыферыі, я рос звычайным вулічным халерыкам, быў трохі хуліганісты, бо дзяцінства праходзіла ў 90-я, — расказвае Кірыл. — Сказаць, што застаў усе «люботы» таго часу — разборкі, беспарадак, — не, але шмат чуў, што такое было. Сваякі мелі дачыненне да бокса, але ў нас у сям'і ніколі не было такога, каб мяне спецыяльна кудысьці накіроўвалі, прымушалі ці, наадварот, забаранялі чымсьці займацца.

У шэсць гадоў дзядуля ўпершыню завёў на трэніроўку па боксе, памятаю, што было хвалююча і цікава, але надоўга я там не затрымаўся. Трэніровачная зала знаходзілася далёка ад дома, а пераадольваць такія адлегласці шасцігадоваму хлопчыку было цяжка. Потым пачаў займацца барацьбой, футболам, але ў гадоў 10—11 зноў вярнуўся ў бокс. Неяк адразу стала ўсё атрымлівацца, можа, таму што прыйшоў у рынг ужо падрыхтаваным.

Першым трэнерам Кірыла Рэліха стаў чэмпіён Савецкага Саюза Анатоль Хвайніцкі, па прызнанні спартсмена, менавіта ён улюбіў яго ў бокс. Дуэт спыніў існаванне толькі тады, калі Рэліх адправіўся ў Мінск у 15 гадоў. Праз два гады ў сталіцы Кірылу было па сілах адабрацца на Алімпійскія гульні і нават выступіць там даволі паспяхова, аднак з аматарскім спортам не склалася.

— Тады мне было 17—18 гадоў, казалі, што яшчэ малады, трэба пацярпець, пачакаць, не спяшацца. Кожны трэнер спрабуе прасоўваць свайго вучня, так атрымалася, што мяне на той момант рухаць не было каму. У выніку стаміўся чакаць і цярпець, вырашыў перайсці ў прафесійны бокс. Але зараз на Алімпійскіх гульнях дазволілі выступаць і прафесіяналам, а я яшчэ не стары, так што ёсць шанц пабаксіраваць і на алімпійскім рынгу.

«Першы раз у сваёй кар'еры на 100 % быў гатовы да бою»

Зараз у беларускага баксёра на прафесійным рынгу 22 перамогі з 24 паядынкаў, 19 сустрэч былі завершаны накаўтам. Тытул чэмпіёна свету па версіі WBA ў першай паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг) Рэліх заваяваў у 12-раўндавым баі. Гэтай перамогай Кірыл змог узяць рэванш у Рансэса Бартэлемі за сваё паражэнне ў маі 2017-га.

— Падрыхтоўка да бою доўжылася некалькі месяцаў, шмат часу я правёў у Мінску, працуючы над агульнафізічнай падрыхтоўкай. Затым быў месяц заняткаў канкрэтна боксам, пасля чаго паляцеў у Злучаныя Штаты, каб прайсці акліматызацыю.

У баі з кубінцам самым складаным для мяне было кантраляваць свае эмоцыі, не сарвацца і не пачаць бойку. Быў план, які я выканаў на ўсе 100 %.

Цікава, што да бою з Бартэлемі Кірыла рыхтавалі трэнеры з Маямі Чыка Рывас і Норман Уілсан, раней гэтыя спецыялісты працавалі з сапернікам Рэліха.

— Амерыка — гэта мекка бокса, людзі, якія жывуць у гэтай сферы, выдатна ведаюць адзін аднаго, нават калі ніколі не працавалі разам. Але ў нас з трэнерамі не было ніякіх канкрэтных размоў пра саперніка, мы проста працавалі, рыхтаваліся, паўтаруся, у нас быў пэўны план, які я стараўся выконваць, і гэта прывяло да перамогі. Я нават не глядзеў баі Бартэлемі, бо не бачу ў гэтым сэнсу.

На працэдуры ўзважвання ў баксёраў заўсёды адбываецца дуэль поглядаў. Я падышоў да саперніка і спытаў: «Ты гатовы?» Ён адказаў: «Так!» Але вочы трохі завагаліся, напэўна, таму, што па маім позірку ён зразумеў, што я ўпэўнены ў сабе на 100 %. Першы раз у сваёй кар'еры я настолькі быў гатовы да бою.

«У душы застаўся вялікім дзіцем»

На рынгу Кірыла Рэліха называюць «хітры змей», ён адзначае, што гэта абумоўлена яго нязручнасцю для саперніка.

— Бокс — гэта не бойка, гэта мастацтва, галоўнае, своечасова змыцца, а не нанесці ўдар, важна заўсёды думаць аб абароне. Я вельмі нязручны баксёр, але ў той жа час шмат хто лічыць мяне досыць прымітыўным, аднак, калі выходзяць на рынг, разумеюць — не ўсё так проста.

Бокс — гэта высокаінтэлектуальны від спорту, ты павінен прыняць рашэнне за сотыя долі секунды. Неразумны чалавек не зможа стаць добрым баксёрам. Палова з нас як мінімум маюць вышэйшую адукацыю, а стэрэатыпная думка, што баксёры адбітыя людзі з-за таго, што атрымліваюць удары ў галаву, можа ўзнікаць у людзей, якія самі не асабліва развітыя інтэлектуальна.

За межамі рынга Кірыл Рэліх характарызуе сябя хатнім, спакойным чалавекам. Баксёр мае жонку і дваіх сыноў.

— Калі з'явілася сям'я, дзеці, я памяняўся, пасталеў, паразумнеў, але ў душы застаўся вялікім дзіцем. Сам па сабе я закрыты чалавек, не люблю масоўкі, лепш пасядзець дома, паглядзець тэлевізар, каб ніхто не напружваў. Заўсёды такім быў. Не залежу ад зносін з людзьмі, адзінота для мяне не цяжар.

У паўсядзённым жыцці спортам не цікаўлюся наогул, напрыклад, магу дзесьці пагуляць у футбол, але каб глядзець яго па тэлевізары — не.

Са сваёй жонкай Дар'яй пазнаёміўся самым банальным чынам — у інтэрнэце. Спісаліся, сустрэліся і вырашылі быць разам. Яна заўсёды побач, дапамагае мне, кантралюе харчаванне, у падрыхтоўчы перыяд сочыць за дыетай. Калі я знаходжуся за мяжой, пастаянна на сувязі, звычайна Дар'я глядзіць трансляцыі маіх баёў.

«Думаю, праз 2-3 тыдні мяне ўжо забудуць»

Зараз у Кірыла перыяд аднаўлення, з-за пастаянных сустрэч і інтэрв'ю ён крыху зацягнуўся.

— Звычайна хутка прыйсці ў норму мне дапамагае масаж, паход у лазню і проста адпачынак з сям'ёй. Важна абстрагавацца і не думаць пра бокс, у мяне гэта атрымліваецца. А потым буду ізноў імкнуцца вярнуць аптымальную форму. Далей трэба будзе адстаяць свой тытул, менеджары працуюць над гэтым, будзе гэты бой у рамках нейкага турніру ці асобна, стане вядома крыху пазней.

А што датычыцца падвышанай увагі да маёй персоны, дык думаю, праз 2-3 тыдні мяне ўжо забудуць. Без праблем, з задавальненнем маю зносіны з журналістамі, бо разумею, што гэта частка маёй працы. За некалькі тыдняў пасля фінальнага бою свой пояс паказваў ужо дзясяткі разоў, далёка ў шафу яго не стаўлю, таму што ўвесь час нашу на сустрэчы і інтэрв'ю, чамадан з узнагародай стаіць каля ўваходных дзвярэй — узяў і пайшоў.

Кірыл адзначае, што пакуль прафесійны бокс не прыносіць вялікіх даходаў, каб атрымаць грошы, патрэбны кантракты з амерыканскім тэлебачаннем.

— Трэба засвяціцца на амерыканскім тэлебачанні, таму што ўсе сродкі ідуць адтуль. Я павінен заключыць кантракт, і толькі тады пачнуць паступаць нейкія канкрэтныя сумы, а пакуль мяне ведаюць як чэмпіёна з Беларусі, не больш за тое. Але наогул грошы ў мяне дакладна не на першым месцы, заўсёды была мэта даказаць, што я чагосьці варты ў гэтым відзе спорту. Атрымліваю велізарнае задавальненне, калі надзяваю пальчаткі, гэта мой наркотык.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.