Вы тут

Праверка гандлёвых цэнтраў выявіла безліч парушэнняў


На гэтым тыдні ратаўнікі па ўсёй краіне правяралі працу сістэм эвакуацыі ў аб’ектах, куды масава прыходзяць людзі – гасцініцах, гандлёвых цэнтрах, кінатэатрах… Нагадаем, праверкі пачаліся па даручэнні Прэзідэнта пасля трагедыі ў Кемераве. І вось у суботу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прадставіла інтэрактыўную карту. На ёй пазначаны 334 аб’екты, на якіх з пажарнай бяспекай было не ўсё добра.


Фота: luminoso.by

Напрыклад, у гандлёвым цэнтры, што месціцца ў Оршы, быў выяўлены проста букет парушэнняў. Усе планы эвакуацыі не адпавядаюць нормам. З памяшкання для фітнэсу, размешчанага на 4-м паверсе, на шляхах эвакуацыі ўсталяваны шкляныя дзверы. Вогнетушыцель і план эвакуацыі закідалі таварамі. А дзе-нідзе чырвоных агрэгатаў проста не было, нягледзячы на тое, што месцы для іх былі пазначаны. Праектнай дакументацыі, якая магла б пацвердзіць законнасць перапланіроўкі, таксама не знайшлося.

У краме па продажы канцылярскіх тавараў запасны выхад быў застаўлены металічнымі стэлажамі, з аднаго вогнетушыцеля была сарвана пломба, а на другім наогул не было раструба. Чым тушыць пажар і куды бегчы – пытанне добрае. У іншай фірменнай краме вогнетушыцель знайшоўся, але ў ім не было ціску. На пуцях эвакуацыі на першым паверсе і ўвогуле стаяў стол, дзе прадавалі латарэйныя білеты.

Адкрываем спіс парушэнняў у гандлёвым цэнтры ў Светлагорску. Планы эвакуацыі намаляваны без уліку перапланіроўкі. Цікава, што магло б аказацца на шляху людзей – сцяна, зачыненыя дзверы, тупік? Дзверы некаторых эвакуацыйных выхадаў зачыняліся на замкі, якія знутры без ключа адчыніць немагчыма. Вось вам і гатовая пастка. У некалькіх вогнетушыцеляў закончыўся тэрмін прыдатнасці. Рукаў унутранага пажарнага крана меў парывы. У памяшканні станцыі пажаратушэння інспектары знайшлі… старыя аконныя рамы.

Але самая разыначка чакала іх на запасным эвакуацыйным выхадзе з цокальнага паверху. На ім красаваўся аптымістычны надпіс “Выхаду няма”. Ну і па традыцыі, дзверы былі зачынены на замок, які без ключа адчыніць немагчыма. Пры запуску сістэмы апавяшчэння людзей аб пажары адначасова гучалі музыка і рэкламныя аб’явы.

З дыманепранікальных дзвярэй былі зняты даводчыкі – а гэта значыць, што яны маглі фіксавацца і ў адчыненым стане. Ну а з запаснога эвакуацыйнага выхаду на трэцім паверсе, які вёў на дах, кудысьці трапіць было немагчыма, паколькі была прыбрана лесвіца.

Пералічваць усе парушэнні можна бясконца доўга. Вось толькі чым кіраваліся ўласнікі і арандатары памяшканняў, не сочачы за станам бяспекі? Жаданнем зарабіць, нягледзячы ні на што? Ці думкай, што ў іх ніколі не адбудзецца пажару?

– Мусім адзначыць, што большасць выяўленых парушэнняў носяць рэжымны характар, – паведамілі “Звяздзе” ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. – Каб іх ліквідаваць, не трэба затрачваць фінансавыя сродкі. Таму кіраўнікі цэнтраў, магазінаў зачастую прыводзілі свае памяшканні ў бяспечны стан адразу ў прысутнасці інспектара. Па выяўленых парушэннях распачаты адміністрацыйны працэс: больш за 300 кіраўнікоў ужо прыцягнутыя да адказнасці. Сітуацый, якія патрабуюць неадкладнага закрыцця аб'ектаў, мы не выявілі.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?