Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра трыумф баксёра з Маладзечна на чэмпіянаце Еўропы, вяртанне Вікторыі Азаранкі ў элітную сусветную сотню і старт 28-га чэмпіянату Беларусі па футболе.


1. Баксёр Дзмітрый Асанаў стаў чэмпіёнам Еўропы сярод моладзі да 22 гадоў у вагавой катэгорыі да 60 кг.

Турнір прайшоў у румынскім Тыргу-Жыў. У фінальным паядынку спартсмен з Маладзечна атрымаў перамогу аднагалосным рашэннем суддзяў (5:0) над расійскім баксёрам Альбертам Батыргазіевым.

На шляху да фіналу беларус быў мацнейшы за прадстаўніка Турцыі Ніхата Екінчы, а ў 1/2 перамог Атара Наверыані з Грузіі.

Адзначым, што ў кар'еры Дзмітрыя Асанава залаты медаль цяперашняга маладзёжнага чэмпіянату Еўропы — адно з самых значных дасягненняў. Раней ён быў сярэбраным прызёрам першых Еўрапейскіх гульняў у Баку і бронзавым медалістам дарослага чэмпіянату свету 2015 года.


2. Дзюдаістка Марына Слуцкая заняла другое месца на Гран-пры ў Тбілісі.

У вагавой катэгорыі звыш 78 кг беларуска адолела ў цяжкім процістаянні Анастасію Сапсай з Украіны. У паўфінале Марына Слуцкая атрымала перамогу над францужанкай Ане Фатумата М'Байро. У вырашальным паядынку Марына Слуцкая сустрэлася з другой прадстаўніцай Францыі Роман Дзіко.

Нагадаем, што летась Марына Слуцкая заняла ў Тбілісі першае месца.


3. Вікторыя Азаранка вярнулася ў першую сотню сусветнага рэйтынга і займае цяпер 92-е месца.

Такому прасоўванню ў рэйтынгу паспрыяла паспяховае выступленне на амерыканскім турніры ў Маямі. Нагадаем, там Вікторыя дабралася да паўфіналу, саступіўшы амерыканцы Слоан Стывенс. Адзначым, што пазней менавіта Стывенс выйграла спаборніцтвы ў ЗША.

У топ-100 сусветнага рэйтынга ўваходзяць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі: Аляксандра Сасновіч займае 49-е месца, Арына Сабаленка знаходзіцца на 60-й пазіцыі.


4. Беларускія гандбольныя клубы завяршылі выступленне ў Кубку ЕГФ і Лігі чэмпіёнаў. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў выязным паядынку 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў згуляў унічыю з французскім «Нантам», але не змог прабіцца далей, бо тыдзень таму саступіў саперніку на сваёй пляцоўцы восем мячоў.

БГК працягне выступаць у чэмпіянаце Беларусі і SЕHА-лігі. Так, 10 красавіка «мяшкоўцы» на выездзе сустрэнуцца з магілёўскім «Машэкам», а далей адправяцца ў македонскі Скоп'е на «Фінал чатырох» SЕHА-лігі. У паўфінале турніру БГК сустрэнецца з мясцовым «Вардарам».

Гандбалісты мінскага СКА перамаглі славацкі «Татран» з Прэшава (34:27) у заключным матчы групавога этапу Кубка ЕГФ. Вынік паядынку для абедзвюх камандаў не меў прынцыповага значэння — яны ўжо страцілі шанцы на выхад у плэй-оф.

Мінскі СКА таксама засяродзіцца на выступленні ў чэмпіянаце Беларусі і Балтыйскай лізе.


5. Стартаваў 28-ы чэмпіянат краіны па футболе. Барысаўскі БАТЭ ў стартавым матчы абыграў навабранцаў вышэйшай лігі, футбалістаў «Смалявічаў», — 1:0. Мінскае «Дынама» выйграла ў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» — 2:1, футбалісты магілёўскага «Дняпра» з такім жа вынікам узялі верх над «Гарадзеяй». Астатнія сустрэчы стартавага тура завяршыліся ўнічыю: «Прамень» (Мінск) — «Мінск» — 0:0, «Нёман» (Гродна) — «Віцебск» — 1:1, «Гомель» — «Слуцк» — 0:0, «Іслач» (Мінскі раён) — «Тарпеда» (Мінск) — 1:1, «Шахцёр» (Салігорск) — «Дынама» (Брэст) — 0:0.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Наш суайчыннік стаў найлепшым на еўрапейскім рынгу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?