Вы тут

Гарналыжнікі завяршылі сезон перамогамі


Беларускія гарналыжнікі-алімпійцы Марыя Шканава і Юрый Данілачкін паспяхова выступілі на завяршальных сезон турнірах.


Марыя выйграла гонку ў слаламе ў фінале Кубка Расіі ў горадзе Палярныя Зоры, а ўжо на наступны дзень атрымала сенсацыйную перамогу ў адкрытым чэмпіянаце Расіі-2018 у такой жа дысцыпліне. Адзначым, што гэты турнір з'яўляецца галоўнай спартыўнай падзеяй у расійскім гарналыжным спорце, у спаборніцтвах жанчын прынялі ўдзел каля 50 спартсменак.

- Мы ехалі ў Расію з мэтай палепшыць свае ачкі ў сусветным рэйтынгу. У Палярных Зорах мне ўдалося гэта зрабіць, таму я вельмі рада, - расказвае Марыя. - Канкурэнцыя там была сур'ёзная, шмат замежных спартсменаў, якія прыехалі з той жа мэтай, што і мы. Барацьба была ў сотых долях секунды, і ў мяне была магчымасць перамагчы і ў іншых гонках, але я станавілася толькі 4-й, 5-й. У Расіі ўсё склалася выдатна, добрая падрыхтоўка трасы, складаны схіл, ну і проста я была ўпэўненая ў сваіх сілах, таму атрымалася выйграць у слаламе.

Калі казаць у цэлым пра сезон, то ён складваўся цяжка. Шмат чаго не атрымлівалася, гэта тычыцца Кубка свету, не ўдалося атрымаць ачкі. Але я засталася задаволеная сваім выступленнем на Алімпіядзе, у найвышэйшай канкурэнцыі, практычна не было сходаў з трасы, мне ўдалося прабіцца ў 30-ку наймацнейшых. Таксама засталася задаволеная этапамі Кубка Еўропы, там я зарабляла ачкі, што мае вялікае значэнне для наступнага сезону. Зараз трэба будзе пратэставаць новыя лыжы, потым вярнуся дадому і толькі потым пачну думаць пра адпачынак.

Юрый Данілачкін завяршыў сезон выступленнем у Турцыі. На міжнародным турніры пад эгідай ФІС у Эрзуруме беларускі спартсмен заваяваў 3 сярэбраныя і 1 залаты медаль.

- Мне вельмі спадабалася ў Турцыі і ў прыватнасці ў Эрзуруме. Арганізатары вельмі добра правялі спаборніцтвы, трасы былі якасна падрыхтаваныя, - расказвае Юрый. - Я паказаў вельмі добры вынік. Калі казаць у цэлым аб цяперашнім сезоне, то адзначу, што атрымалася правесці вельмі добрую падрыхтоўчую работу. Шмат і якасна трэніраваліся, моцна нарасцілі свае хуткасныя і сілавыя якасці. Зімовая частка сезона прайшла ў цэлым добра. Снежань і студзень праехаліся з трэнерам па этапах Кубка свету па хуткасным спуску. Гэта дазволіла мне падысці ў добрай спаборніцкай форме да Алімпійскіх гульняў. Там мне хоць і не ўдалося зачапіцца за трыццатку найлепшых, але затое я фінішаваў ва ўсіх пяці дысцыплінах, куды быў заяўлены, што кажа аб стабільнасці маіх выступленняў. Зараз пачынаецца аднаўленчы перыяд, але адпачываць няма калі, працы ўсё яшчэ даволі шмат. Сярод планаў толькі паездка да мамы ў родны горад і то ненадоўга. Там таксама буду пастаянна падтрымліваць форму.

Нагадаем, на Алімпійскіх гульнях 2018 года Марыя Шканава паказала свой найлепшы вынік у слаламе, заняўшы 28-е месца і трапіўшы ў топ-30 найлепшых спартсменак свету. А Юрый Данілачкін стаў 34-м у гарналыжнай камбінацыі і 33-м у слаламе.

Такім чынам, зімовы спартыўны сезон 2017/2018 стаў самым паспяховым за ўсю гісторыю станаўлення і развіцця гарналыжнага спорту ў Беларусі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.