Вы тут

Сёлета плануецца ўзвесці 4 млн квадратных метраў жылля


Год у будаўнікоў пачынаўся цяжка. Без задзелаў, з нуля. Але наяўная дынаміка паказвае, што тэмпы будуць нарастаць. За першыя тры месяцы года агульны ўвод жылля ў краіне складае каля 860 тысяч квадратных метраў, з іх з дзяржаўнай падтрымкай — каля 200 тысяч «квадратаў», паведаміў журналістам начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.


Фота ej.by.

«Квадрат» не даражэй за 923 рублі

Складзены пералікі аб'ектаў, якія будуць уводзіцца ў гэтым годзе. «Ёсць упэўненасць, што запланаваныя на бягучы год 4 млн квадратных метраў жылля будуць пабудаваны, хоць гэта і не так проста. А вось 900 тысяч квадратных метраў з дзяржпадтрымкай — строга абавязковы для выканання параметр», — падкрэсліў Аляксандр Горваль.

Сярэдні кошт квадратнага метра жылля па квартале вывесці па краіне яшчэ не атрымалася. Гэты паказчык па горадзе Мінску роўны 864 рублі. «У мінулым годзе мы даведзены кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай вытрымалі, уклаліся ў меншую суму, чым была вызначаная. Да канца года максімальны кошт не павінен перавысіць 923 рублі за квадратны метр», — адзначыў Аляксандр Горваль. Паводле яго слоў, гэта значна менш за камерцыйнае будаўніцтва, дзе кошт пачынаецца ад 1900 рублёў.

Апраўданыя інвестыцыі

У краіне з пачатку года заключана больш за 2,7 тысячы дагавораў на крэдытаванне будаўніцтва жылля па ўказе № 240. «Адкрыта крэдытных ліній на суму каля 140 млн рублёў, асвоена ўжо 75 млн», — удакладніў начальнік упраўлення. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што сёлета запланавана павелічэнне амаль удвая аб'ёму будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай у параўнанні з 2017 годам, выкананне задання цалкам рэальнае, паколькі істотна павялічана фінансаванне. Гэтаму спрыяе ўказ № 240, які дазволіў прыцягнуць у гэтым годзе 562 мільёны рублёў. Ёсць зацікаўленасць у банкаў на працягу года дадаць яшчэ сродкі.

Варта адзначыць, што ўказ аб адрасным субсідаванні ў жыллёвым будаўніцтве ўступіў у сілу ў жніўні мінулага года. Дзяржаўныя субсідыі налічваюцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Атрымальнікамі субсідый могуць быць усе грамадзяне, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку ў адпаведнасці з указам № 13.

Падтрымку павялічаць

Па стане на пачатак мінулага года ў чарзе было 30,5 тысячы шматдзетных сем'яў, на пачатак бягучага года — ужо 34,8 тысячы. «З аднаго боку, чарга нарастае, з другога — мы лічым, што гэта вынік стымулявання нараджэння трэцяга, чацвёртага і наступных дзяцей жыллёвымі праграмамі, якія існуюць у краіне. На гэты год запланавана пабудаваць жыллё для 7 тысяч 29 шматдзетных сем'яў. На наступны перыяд разглядаецца пытанне, каб было ад 7 да 10 тысяч», — адзначыў Аляксандр Горваль.

Таксама, на яго думку, неабходна шукаць варыянты яшчэ больш актыўнага стымулявання нараджальнасці. Ёсць кампенсацыі па крэдытах на будаўніцтва жылля пры нараджэнні дзяцей. Але, напэўна, трэба павялічыць аб'ём. Таму разглядаюцца пытанні павелічэння дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва жылля пры нараджэнні дзяцей.

Арэнднае — са «скрыпам»

Пытанне з будаўніцтвам арэнднага жылля застопарылася адразу па заканчэнні масавай прыватызацыі. Бо вядома, што фінансуецца гэтае мерапрыемства выключна з мясцовых бюджэтаў. Прыватызацыя скончылася — і крыніца фінансавання будаўніцтва арэнднага жылля закрылася. Цяпер аб'ёмы папаўняюцца толькі за кошт зваротных сродкаў наяўнага жылога фонду. А гэта няшмат. Таму, як і ў мінулым годзе, сёлета запланавалі будаўніцтва толькі 90 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля.

У спадарожніках пабудуюць 500 кватэр

У гарадах-спадарожніках сёлета плануецца пабудаваць крыху больш за 500 кватэр. Мізэр, але гэтаму ёсць свае прычыны. Першая — недахоп фінансавання аб'ектаў інфраструктуры. «У гарадах-спадарожніках запланавана пабудаваць 532 кватэры, з якіх у Жабінцы — 50 кватэр, у Скідзелі — 84 кватэры. Астатняе — у гарадах-спадарожніках сталіцы. Гэта крыху больш, чым у папярэднія перыяды, аднак пакуль дынаміка недастатковая», — адзначыў Аляксандр Горваль. Паводле яго слоў, асноўная загваздка — у фінансаванні, прычым будаўніцтва не столькі жылля, колькі сацыяльных аб'ектаў, а таксама ў арганізацыі працоўных месцаў, якія былі б супастаўныя па ўзроўні аплаты ў буйных гарадах.

У тэму

Памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў для сем'яў з трыма непаўналетнімі дзецьмі будзе раўняцца стаўцы рэфінансавання плюс 2 %, з чатырма і больш непаўналетнімі дзецьмі — стаўцы рэфінансавання плюс 3 %, з трыма і больш дзецьмі да 23 гадоў, для дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, — стаўцы рэфінансавання плюс 2 %. Сем'ям з чатырма і больш дзецьмі асноўны доўг будзе пагашаны на 100 %, з трыма дзецьмі ва ўзросце да 23 гадоў — на 95 %, дзецям-сіротам — на 35 %, маладым сем'ям пры нараджэнні аднаго і дваіх дзяцей — на 10 % і 20 % адпаведна.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Для шматдзетных — асобная чарга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».