Такое меркаванне наконт атручвання Скрыпаля выказаў на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый МІРОНЧЫК.
Нагадаем, у пачатку сакавіка ў англійскім горадзе Солсберы былі атручаны былы расійскі афіцэр Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія. Здарэнне звязалі з Расіяй, некаторыя краіны сталі адклікаць сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў з яе тэрыторыі.
— Наш міністр ужо дакладна выказаўся па гэтым пытанні. Любое абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне катэгарычна нявыгадна Беларусі, — адзначыў Дзмітрый Мірончык. — Мы вельмі занепакоеныя магчымым ужываннем нервова-паралітычнага рэчыва ў Солсберы. Беларусь была і застаецца катэгарычным праціўнікам прымянення хімічнай зброі. Вінаватыя ў такіх злачынствах павінны прыцягвацца да адказнасці.
Аднак спачатку гэтых вінаватых трэба адназначна і дакладна выявіць, падкрэсліў прэс-сакратар МЗС. Паводле яго слоў, толькі аўтарытэтнае і адкрытае расследаванне з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры поўнай адпаведнасці з законамі дасць інфармацыю, на падставе якой можна будзе рабіць аб'ектыўныя высновы.
— Высылкамі дыпламатаў пытанне не вырашыш, — дадаў ён. — У рэшце рэшт, менавіта гэтыя людзі павінны дамаўляцца, знаходзіць выйсце з крызісных сітуацый, уключаючы гэтую.
Дзмітрый Мірончык таксама расказаў пра тое, як развіваецца сітуацыя з узаемным прызнаннем віз з Расіяй.
— Ідзе нармальны перагаворны працэс. Ёсць блізкія пазіцыі. Пытанні, па якіх мы пакуль разыходзімся, абмяркоўваюцца на ўзроўні краін зацікаўленымі ведамствамі, — сказаў ён. — Як толькі расійскі бок скаардынуе міжведамасныя падыходы, адбудзецца чарговы раўнд перагавораў, мы гатовыя.
Акрамя таго, прэс-сакратар МЗС адзначыў, што пасольства Беларусі ў Кіеве працягвае старанна адсочваць сітуацыю з беларускім грамадзянінам Юрыем Палітыкай, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Паводле яго слоў, пакуль да разгляду пытання па сутнасці не дайшло, паколькі 27 сакавіка на так званым падрыхтоўчым судовым пасяджэнні было прынята рашэнне аб яго пераносе на 5 красавіка ў сувязі з адсутнасцю перакладчыка з украінскай мовы.
— Як паведамляла наша пасольства, наш грамадзянін не выказвае якіх-небудзь скаргаў, у тым ліку на ўмовы ўтрымання. Мы працягнем займацца гэтай справай, — дадаў Дзмітрый Мірончык.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».