Вы тут

Аб чым турбуюцца старасты дзвюх невялікіх вёсак


У Расненскі сельсавет Камянецкага раёна ўваходзіць 15 населеных пунктаў, дзе абрана дзевяць старастаў. Гэтай вясной зноў пройдуць сходы па іх выбарах. Старшыня Расненскага сельскага Савета дэпутатаў Валерый БЯДУЛЯ сказаў, што ўсе старасты ў іх на сваім месцы, маюць аўтарытэт у вяскоўцаў. Марыя Кмец і Ганна Белавец займаюцца грамадскай работай у вёсках, якія зараз прынята называць неперспектыўнымі, бо і ў адной, і ў другой засталося каля чатырох дзясяткаў жыхароў.


Старшыня сельскага Савета Валерый Бядуля і стараста Ганна Белавец.

Тумін

Марыя Мікалаеўна Кмец старастай у Туміне ўжо даўно. На сходах яе каторы раз аднадушна выбіраюць на гэтую грамадскую пасаду. Бо хто ж яшчэ? Сама яна родам з суседняй вёскі, сюды замуж выйшла. А лідарства, відаць, дасталася ў «спадчыну» ад свёкра. Менавіта Марцін Максімавіч Кмец быў доўгі час самым аўтарытэтным чалавекам у вёсцы. Таму зразумела, што некалі яго абралі першым старшынёй калгаса. Было гэта адразу пасля вайны, калі калгасы толькі ўтваралі і кожная вёска складала асобны калгас. Вось яму і даверылі кіраваць калектыўнай гаспадаркай.

Потым калгасы ўзбуйнілі, Тумін далучылі да іншага. А да Марціна Кмеца людзі па-ранейшаму ішлі параіцца. І ўжо будучы зусім пажылым пенсіянерам, ён выходзіў на лавачку пад ліпу з газетай і праводзіў «палітінфармацыю», сваімі словамі пераказваў і даваў інтэрпрэтацыю падзеям у краіне і свеце. А тая Марцінава ліпа да гэтай пары стаіць. І хоць пасадзіў яе свёкар у 1905 годзе, Марыя Мікалаеўна лічыць, што дрэва яшчэ здаровае, яго чапаць не трэба. А да меркавання старасты тут усе прыслухоўваюцца, старшыня сельскага Савета таксама. Марыя Кмец не проста стараста, яна захавальніца галоўнай славутасці вёскі — яе крынічкі. «Паглядзіце, якая наша вадзіца, нібы крышталь, на чайніку і за месяц ніякага накіпу не ўтвараецца».

Спецыялісты праводзілі тут даследаванне і адзначылі, што крыніца ў Туміне размешчана на глыбокай гліне, якая лічыцца вельмі добрым адсарбентам — яна паглынае пахі, таксіны, мікробы, газы, нават абясшкоджвае яды. А вада на гліне, як і сама гліна, танізуе арганізм, заспакойвае нервы. Здаўна Тумін вызначаўся вялікай колькасцю доўгажыхароў. Людзі лічылі, што гэта звязана з вадой, якую яны п'юць. Вось і Марцін Кмец, які пражыў 92 гады, успамінаў, што ў яго дзяцінстве людзі пілі ваду менавіта з яе. Не так даўно ўнучка Марыі Мікалаеўны вазіла ваду ў Мінск і навукоўцы далі ўзору найлепшую характарыстыку.

Крынічку любілі і шанавалі ў вёсцы. Але ў канцы 90-х, калі пра гаючыя ўласцівасці крыніц сталі гаварыць і пісаць, у Тумін паехалі людзі. Вакол крыніцы паявілася смецце, пад'езд стаў разбівацца, тэрыторыя прыйшла ў заняпад. Жыхары пабойваліся, што крыніца наогул можа схавацца ў зямлі. Так часам бывае.

— Аднойчы прыехала да нас тагачасны старшыня раённага Савета Ніна Стасюк, — расказвае Марыя Мікалаеўна. — Мы і папрасілі яе паспрыяць. Ніна Данілаўна ўзняла пытанне ў раёне. Падключыўся калгас — тады яшчэ «Савецкая Беларусь», знайшліся і будаўнічыя матэрыялы, і рабочыя. Правялі добраўпарадкаванне, паставілі калодзежныя кольцы, вакол зацэментавалі. Побач абсталявалі купель. Вось і сёлета на Вадохрышча столькі ахвотных прыехала акунуцца менавіта ў нас. Кожны дзень і з Брэста, і з іншых гарадоў едуць па ваду. Нядаўна з Польшчы госці былі, усім наша вадзіца падабаецца.

Крыніцу — пасля таго, як добраўпарадкавалі — асвяцілі ў гонар святога Панцеляймона. Кожны год 9 жніўня тут праводзяцца набажэнствы. А парадак вакол падтрымлівае стараста з дапамогай вясковых жанчын.

— Вой, вы прыехалі, а ў нас не вельмі прыгожа, мы якраз усе ручнікі паздымалі, каб памыць-папрасаваць перад Вялікаднем, — расказвае стараста. — На жаль, не ўсе, хто па ваду прыязджае, паводзяць сябе належным чынам. Так што даводзіцца смецце прыбіраць, посуд мяняць. А некаторыя ўзялі за моду катоў хатніх тут пакідаць. Прыедуць нібы вады набраць, а потым, гляджу, кацяня жаласліва мяўкае. Бяру сабе. Вось зараз у мяне на падворку тры каты. Было, і сабачку пакінулі. Потым мы яго прыстроілі... Пакуль расказвае, Марыя Мікалаеўна паспявае стрэсці прыгнаныя ветрам лісткі з пакрывала, якім яна раней захінула купель.

Вядома, у старасты ёсць і іншыя клопаты. Але ўсе суботнікі, кампаніі па добраўпарадкаванні так ці інакш звязаны з крыніцай. З яе цяпер пачынаецца вёска.

Марыя Кмец.

Мыкшыцы

У Мыкшыцах зараз зарэгістравана 43 чалавекі. Калі мы прыехалі, стараста Ганна Белавец актыўна прыбірала дом. Ганна Фёдараўна любіць, каб было чыста і ва ўласнай хаце, і ў вёсцы. Старастай яе абіралі ўжо два разы, такім чынам атрымалася восем гадоў. Асноўным клопатам сталі мосцікі. Мыкшыцы з Раснай раздзяляе рака Пульва. Тут спакон вякоў людзі пракладвалі праз рэчку пешаходныя мосцікі. Бо гэта значыць «у Расну схадзіць за паўкіламетра», а калі ў абыход — будзе ўсе пяць. Адзін з мастоў, самы трывалы, і прыйшоў у заняпад з часам. Ганна Фёдараўна ўзняла на ногі ўсю грамаду. Сельскі Савет звярнуўся да сельгаспрадпрыемства. Прывезлі дошкі, іншыя будматэрыялы, мост умацавалі. А ўжо даводзілі яго да ладу мясцовыя актывісты, як заўважыў старшыня сельскага Савета, метадам народнай будоўлі.

Такім жа чынам прывялі ў парадак яшчэ два масткі. Вёска Мыкшыцы цягнецца ўздоўж адной вуліцы. Нездарма ж продкі зрабілі пераходы ў трох розных месцах для зручнасці.

Здавалася б, што той мост. А калі мы падышлі да яго, то сустрэлі ўнука Ганны Фёдараўны. Сямікласнік вяртаўся са школы. Вядома, ён мог бы пад'ехаць школьным аўтобусам. Але аўтобус развозіць дзяцей пасля шасці вечара, бо дадому едуць і выхаванцы дзіцячага садка. А так хлопец выйграе дзве гадзіны. Дома ён дапамагае па гаспадарцы, пахвалілася бабуля, і ўжо многае ўмее.

Аўтакрама ў вёску прыходзіць, але ж не ва ўсе дні. А праз масток можна схадзіць у магазін калі хочаш: «Вунь суседка ўжо хлеб нясе».

«Як толькі не заклікала, не прасіла, калі трэба было выйсці падрамантаваць масток! Аднаму кажу, каб прыйшоў, а ён: «А бутэльку ты паставіш у канцы мастка?» Кажу: «Хіба ты не будзеш хадзіць цераз мост?» Усяляк угаворваю, ушчуваю. Галоўнае, каб вынік быў», — усміхаецца Ганна Фёдараўна. На тое ж яна і стараста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Крыніца ў гонар святога і мосцік — талакой

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.