Вы тут

На Віцебшчыне аптымізуюць школы


Сёлета на Віцебшчыне запланавалі завяршыць аптымізацыю ўстаноў сістэмы адукацыі. Менавіта гэтае пытанне было ў цэнтры ўвагі на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.


Рацыянальны падыход

Тэма хвалюе многіх жыхароў глыбінкі. Калі закрываюць школу ў вёсцы або сельская сярэдняя школа становіцца базавай, канешне, людзей гэта не радуе. Але ж што рабіць, калі вучні ў дэфіцыце? І штогод іх колькасць скарачаецца...

А пры гэтым трацяцца вялікія сумы на зарплаты настаўнікам, іншым работнікам, на аплату камунальных паслуг, рамонт і гэтак далей.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дарэчы, нагадаў народным абраннікам, што на пачатку аптымізацыі было нямала незадаволеных. Многія часта не разумелі, навошта гэта рабіць. Але ж час паказаў, што быў выбраны правільны «вектар», бо закрываюць або рэарганізуюць толькі бесперспектыўныя ўстановы.

Сэканомленыя сродкі традыцыйна накіроўваюцца выключна на патрэбы адукацыі. Такім чынам паляпшаюцца ўмовы ў іншых школах, садках.

Як адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, за апошнія два гады, дзякуючы аптымізацыі, істотна павялічылася напаўняльнасць класаў у некалькіх раёнах, а паралельна змяншаецца кошт навучання аднаго вучня ў год.

— Увогуле, працу па эканоміі выдаткаў нельга ацэньваць толькі па закрыцці і рэарганізацыі ўстаноў. Гэта — комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аптымізацыю работнікаў, колькасці класаў, падгруп, класаў з музычнай накіраванасцю, на эканомію ад энергазберагальных мерапрыемстваў. Эфектыўнасць праведзенага — найважнейшы паказчык, — разважае Дзмітрый Хома.

Каб вазіць школьнікаў на заняткі, толькі летась купілі каля 60 аўтобусаў. А для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якім ездзіць вучыцца далёка, стварылі прышкольныя інтэрнаты. Яны ёсць ужо ў 15 з 21 раёна Віцебшчыны.

З мінулага ў будучыню

Школы ў глыбінцы і надалей будуць аптымізавацца. Напрыклад, на сесіі было агучана, што 37 будынкаў устаноў адукацыі з'яўляюцца непрыстасаванымі, 10 — у аварыйным стане. У больш чым 10 школах для ацяплення выкарыстоўваюць печы. А ў некалькіх — прыбіральня ў двары.

Будынкі не проста зачыняюць, а стараюцца выкарыстоўваць у новых мэтах. Для гэтага іх прадаюць на аўкцыёнах, і з 2010 па 2017 год больш за 90 купілі. Запланавана ўцягнуць у гаспадарчы абарот яшчэ 147 будынкаў. І ўсё больш прыкладаў, калі ў экс-школах арганізуюць новую вытворчасць. Дарэчы, школу можна набыць і пад жыллё.

Пра эфект ад аптымізацыі гаварылі і дэпутаты.

Старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская расказала пра вопыт раёна. Там, дарэчы, напаўняльнасць вучнямі ў сельскай мясцовасці прыкладна ў два разы меншая, чым у райцэнтры. Але і ў Браславе школы запоўнены не па поўнай, як той казаў. Ніна Пучынская лічыць, што закрываць школы, дзе вельмі мала вучняў, мэтазгодна. У выніку аптымізацыі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых школ ужо накіраваны сотні тысяч рублёў.

А старшыня Верхнядзвінскага райсавета дэпутатаў Ірына Козел паведаміла пра магчымасць для развіцця сістэмы адукацыі выкарыстоўваць сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Дарэчы, у кожным раёне да 2022 года з'явіцца не менш за адну «Школу будучыні». Па абсталяванні яны павінны адпавядаць патрабаванням веку «высокіх тэхналогій». Яскравым прыкладам можна назваць СШ № 1 г. Дуброўна, дзе адпаведны праект ужо рэалізаваны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Менш — не значыць горш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».