Вы тут

Ілья Конанаў: «Мы робім шопінг бясплатным»


Вядучы папулярнага шоу на «Беларусь 2» «Капейка ў капейку» Ілья Конанаў з нядаўняга часу з'явіўся і ў ранішнім эфіры — у праграме «Тэлераніца». Увечары ж ён вядзе праграму «Кена». Мы спыталі ў яго, як выйграць у знакамітым спажывецкім шоу, а таксама, дзе знаходзіць крыніцы бадзёрасці раніцай і якім павінен быць карпаратыў, каб у ім пагадзіўся ўдзельнічаць прыстойны вядучы.


— Ілья, пра тэлебачанне марыў з дзяцінства?

— Тое, што я ўяўляў сябе ў тэлевізары, гэта дакладна. Але кім буду — спяваць, весці праграму ці нешта яшчэ, я тады не ведаў. Мне падабалася медыйнасць. Я з дзяцінства гуляў у футбол, і, калі да нас прыязджала прэса, для мяне самае галоўнае было забіць гол ці неяк вызначыцца, каб у мяне ўзялі інтэрв'ю. Трапіць на тэлебачанне атрымалася ў 19, калі я прайшоў кастынг на «БелМузТБ».

— Футболам сур'ёзна займаўся?

— Так, з сямі гадоў. Але ў васямнаццаць прыйшлося скончыць з-за траўмы. Пачынаў у футбольным клубе «Мінск», тады каманда называлася «Змена», а заканчваў у БАТЭ, праўда, у дублі. Але ў той час БАТЭ выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, і гэта было вельмі крута.

— Як трапіў у Белтэлерадыёкампанію?

— Калі пачаў разумець, што мне цесна на «БелМузТБ». Мне здаецца, абсалютна кожны тэлевядучы марыць трапіць на працу ў Белтэлерадыёкампанію. «Макаёнка, 9» для мяне з дзяцінства было нечым магічным. Памятаю, як мяне вадзілі на дзіцячыя праграмы, дзе я сядзеў сярод гледачоў, а Лора Грыбалёва тады была вядучай. Калі зразумеў, што хачу звязаць свой лёс з тэлебачаннем, першае, пра што падумаў, — што калі-небудзь буду працаваць у Белтэлерадыёкампаніі. Мне параілі: зрабі нешта сваё і прапануй. І вось мы прапанавалі праграму «Капейка ў капейку».

— Для вядучага, дарэчы, гэта перадача даволі бязлітасная: чаго толькі варта бегчы за ўдзельнікамі, калі яны выбіраюць пакупкі, і задаваць пытанні...

— Так, трэба захоўваць субардынацыю, каб яны цябе не пабілі (смяецца). Складаны фармат праграмы, але я разумеў, на што іду. Менавіта таму, што праграма народная, яна ўжо чатыры гады ў эфіры, штогод намінуецца ў конкурсе «Тэлевяршыня». І з'яўляецца адной з самых рэйтынгавых. Я вось два дні таму зрабіў пост у сваім «Інстаграме» з фотаздымкам і напісаў, што мы робім шопінг бясплатным за вашу кемлівасць, а вы робіце нашу праграму рэйтынгавай і карыснай. І ўжо 341 каментарый. Прыходзяць сотні лістоў ад ахвотных згуляць.

— Як сярод іх выбіраеце ўдзельнікаў?

— Па-рознаму. Спачатку, калі здымалі ў ЦУМе, я падыходзіў да людзей і прапаноўваў сыграць. І большасць не пагаджалася: не хацелі, саромеліся, думалі, што гэта нейкі «развод». З дзесяці чалавек сямёра адмаўляліся. А нехта пагаджаўся адразу: я падышоў аднойчы наўздагад да бабулі, ёй, як высветлілася, было 78 гадоў. І яна адразу пагадзілася паўдзельнічаць. І трэба было бачыць, як гэта бабулечка імкнулася выйграць! З-за такіх серый людзі нам паверылі. І калі ёсць такія цікавыя гульцы, мы ідзём на ўступкі: дорым пэўныя рэчы, нават калі яны прайгралі. Выйграе, дарэчы, прыкладна 4 з 10 чалавек. Ужо зараз, калі праграма ідзе чатыры гады, людзі прыходзяць да нас са спісамі, падпільноўваюць каля ўвахода ў магазін, сацыяльныя сеткі расколваюцца ад лістоў. Я імкнуся ўсім адказваць і тлумачыць, што мы не можам узяць, але стараемся. Да нас прыязджаюць людзі з розных гарадоў, часам выязджаем і самі. Атрымліваем тысячы каментарыяў. І калі ёсць такая аддача, разумееш, што ўсё робіш правільна і праграма павінна жыць.

— Хто складае пытанні ўдзельнікам?

— У нас ёсць выдатны сцэнарыст Дар'я Буслава. Мы жартуем, што пытанні Даша піша ў залежнасці ад надвор'я і свайго настрою. Пытанні бываюць і самыя элементарныя: колькі пальцаў на левай руцэ? І нашмат больш складаныя. Але тут ніколі не ўгадаеш. Сам часам не ведаеш адказ, а гулец адказвае. Ці, наадварот, людзі з вышэйшай адукацыяй не могуць назваць сталіцу ЗША, бо ёсць камера і хваляванне.

— Відавочна, што кур'ёзных момантаў не пазбегнуць.

— Самы запамінальны выпадак здарыўся, калі праграма запусцілася, але яшчэ не выйшла ў эфір. Мы здымалі дзве пілотныя версіі. Для іх патрэбныя былі цікавыя гульцы. Запрасілі спевака Тэа, які толькі вярнуўся з Еўрабачання, і Ніну Багданаву. Пакуль здымалі, адзін малады чалавек увесь час хацеў сфатаграфавацца. Тэа да таго часу ўжо з'ехаў, а ён хадзіў-хадзіў, потым не вытрымаў і кажа: «У мяне хутка цягнік, можна з вамі сфатаграфавацца?» Ён абдымае мяне і кажа: «Дзякуй вам за «Чыз-кейк». Прыйшлося падыграць: «Гэта наш агульны поспех, дзякуй, што глядзіце».

Вельмі запомнілася гульня з Сашам Саладухам. Ён адразу схапіў чайнік, з якога не знялі магніцік. Я прасіў яго вярнуць на паліцу. Але Аляксандр быў настолькі ў гульні, што пачаў бегаць з гэтым чайнікам, у кожным аддзеле ўсё пачынала пішчаць. Гэта было вельмі весела, хоць і няпроста. У яго выдатная жонка Наталля, якая ўвесь час яго падтрымлівала. І ім не хапіла часу, на балансе засталося 10 капеек. І я кажу: вы прайгралі, усе рэчы застаюцца ў нас. І трэба было бачыць твар Сашы: «Як прайграў, я ж абяцаў Варачцы падарунак?» І мы падарылі ёй гульню, Аляксандр выбраў настольны футбол. Уся праца з Аляксандрам заўсёды заканчваецца шоу.

Аднойчы да нас прыйшла жанчына, якая месяц рыхтавалася, трэніравалася ў магазіне. І ў яе было прапісана ўсё: які аддзел, куды бегчы далей, колькі крокаў патраціць да таго ці іншага месца. І яна прайграла. І таксама пасля не разумела як. Таму рэцэптаў, як выйграць, няма. Ёсць я, які адцягвае ўвагу пытаннямі, ёсць людзі, якія часам перашкаджаюць, чэргі. Навакольныя, дарэчы, рэагуюць вельмі станоўча. Нават падтрымліваюць гульцоў: «Колькі ў вас засталося? — 2,34. — Бяжыце сюды, вазьміце крупы...» Я заўсёды марыў пра такое шоу, якое б стала народным. Хтосьці нядаўна напісаў каментарый, што гульня будзе як «Поле цудаў», а Ілья Конанаў праз 20 гадоў стане Леанідам Якубовічам.

— І як табе такое параўнанне?

— Мне не даспадобы параўнанні. Я хачу быць Ільёй Конанавым, а не Іванам Ургантам ці Паўлам Воляй. Хоць і не самае горшае параўнанне з «Полем цудаў», і калі праграма пражыве столькі ж, я буду лічыць сваю місію выкананай. Я розны вядучы: у «Тэлераніцы» адзін вобраз, у праграме «Пін-код», якую я вёў, другі, у «Кена» — трэці. Вельмі хацеў весці ранішнюю праграму, будзіць краіну. Бо шоу выхаднога дня ў мяне было, вячэрняя праграма «Кена» таксама, у дзённым эфіры — «Пін-код». А раніцай мяне не было. Таму пайшоў на кастынг, і вось ужо тры тыдні я вядучы «Тэлераніцы».

— Складана спалучаць некалькі праграм?

— Як казаў Канфуцый, займіся любімай справай, і ты не будзеш працаваць ніводнага дня. Я не адчуваю напружання, мне ў задавальненне ўсе мае праекты. Канешне, пасля дня здымак унутры спусташэнне, ты аддаў сваю энергію, пазітыў. Таму ўвечары я часам крышачку нагадваю робата. Але калі ўдаецца выспацца восем гадзін, раніцай у мяне зноў шмат энергіі і пазітыву. Калі і стамляюся, то ненадоўга: скончыўся эфір, выдыхаеш — і зноў за працу.

— Ведаю, што любіш падарожнічаць і ездзіш даволі шмат.

— На што мне не шкада траціць грошы, акрамя падарункаў для маёй бабулі, дык гэта на адпачынак. Там я зараджаюся пазітывам, энергіяй ад сонца і мора. Таму зімой езджу на Гоа, у Тайланд ці Дамінікану — гэта ў прамежку паміж карпаратывамі, бо снежань — наш актыўны сезон. Летам еду кудысьці бліжэй, у Турцыю — на тыдзень, проста змяніць абстаноўку. Перазарадка неабходная, бо інакш, працуючы у такім рытме, хутка згарыш.

— У правядзенні карпаратываў дапамагае вопыт перадачы «Капейка ў капейку»?

— Так. Але, як правіла, палова людзей, да якіх ідзеш на мерапрыемства, не маюць уяўлення, дзе я працую. Аднойчы мяне клікалі на карпаратыў, дзе хацелі зрабіць інтэрактыў як на праграме «Капейка ў капейку». На жаль, дата аказалася ў мяне занятай, але мару, што калі-небудзь правяду яго. Не сакрэт, што івэнт-рынак пастаянна мяняецца. Было модна рабіць карпаратывы ў стылі «Вячэрняга Урганта», «Блакітнага агеньчыка», праграмы «Інтуіцыя».

— Ёсць такія прапановы, ад якіх адмаўляешся?

— Нядаўна запрасілі правесці дзявочнік — адмовіўся, бо гэта не маё. Адмаўляюся і тады, калі трэба быць на мерапрыемстве ў касцюме, скажам, папугая ці Чабурашкі. Шмат грошай не бывае, але калі адчуваю, што не змагу якасна зрабіць тое, чаго ад мяне чакаюць, за працу не бяруся.

— Ты казаў, што любіш рабіць прыемныя падарункі сваёй бабулі Святлане Аляксандраўне. Які быў апошні?

— Бабуля няўдала ўпала і зламала нагу. Гэта было для мяне самай дрэннай падзеяй за апошнія гады. Я ехаў на мерапрыемства, калі мне патэлефанавалі. Сустрэчу перанёс, хутка паехаў у бальніцу, папрасіў перавесці яе ў іншую палату, зрабіў усё, каб яна адчувала сябе камфортна. Стараўся дапамагчы нечым, каб яна хутчэй паправілася. Зараз ужо ўсё добра. Стараюся яе нечым радаваць. Але для яе самая вялікая радасць — бачыць шчаслівым свайго ўнука. Прычым у любімых праграмах. Бабулі вельмі падабаецца «Капейка ў капейку». Ёй тэлефануюць суседзі і знаёмыя, яна і сама перажывае за гульцоў, нават ціск у яе падымаецца. Гэта мой галоўны крытык і глядач.

Бабуля любіць пахадзіць на масажы, у СПА, і я часта яе адвожу на працэдуры. Калі бываю за мяжой, прывожу самыя розныя рэчы: ад эксклюзіўных вязаных шкарпэтак да сукенак. Ці падыдуць, не ведаю, але набываю. Я ёй вельмі ганаруся, яна выхоўвала мяне з дзяцінства, я называю яе не бабуляй, а мамай.

— Знаёмыя цябе характарызуюць як вельмі нераўнадушнага нават да чужых людзей чалавека. Вядомая гісторыя, калі ты не змог праехаць міма мужчыны, якому на вуліцы стала дрэнна...

— Жанчына выбегла на дарогу і папрасіла спыніцца. Я ўбачыў, што пажылому мужчыну стала дрэнна, але людзі праходзяць міма і з'язджаюць. Спыніўся, хоць паняцця не меў, як аказваць медыцынскую дапамогу. Першая думка: пасадзіць у машыну і адвезці ў бальніцу ці дадому. Так і зрабіў. Жанчына, а гэта была яго жонка, пасля патэлефанавала ў Белтэлерадыёкампанію і дзякавала. Высветлілася, што яна пазнала мяне, бо глядзіць перадачу «Капейка ў капейку». Мне нават няёмка было, што пра гэту гісторыю даведаліся на працы. Нічога асаблівага тут няма, так на маім месцы зрабіў бы кожны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​