Вы тут

85% вакансій мяркуюць заробак да 700 рублёў


Колькі часу ідзе ў беларусаў на пошук работы? Які рэгіён лідзіруе ў зарплатным рэйтынгу? Ці супадаюць папулярныя прафесіі ў наймальнікаў і саіскальнікаў? Якім спецыялістам абяцаюць толькі «мінімалку», а каму гатовы плаціць 20 тысяч рублёў? Пра гэта і іншае — у аглядзе рынку працы.


У поўным росквіце сіл, але без работы

Зарэгістраванае беспрацоўе некалькі месяцаў трымаецца на ўзроўні 0,5 працэнта. Традыцыйна большасць тых, хто сядзіць без работы, — мужчыны. На іх долю прыпадае 64 % ад агульнай колькасці незанятых грамадзян. Шмат беспрацоўных ва ўзроставых катэгорыях
40—49 і 55—57 гадоў. Амаль пятая частка з ліку незанятых — моладзь ад 16 да 30 гадоў.

Хто аказваецца ў шэрагах беспрацоўных? Тэндэнцыі тыя ж, што і год, і два таму. Чвэрць тых, хто стаіць на ўліку ў органах занятасці, — беларусы, якія доўга не працуюць. 22 % — звольненыя па пагадненні бакоў. Яшчэ 8,7 % былі звольнены з уважлівай прычыны, 4,2 % — па ўласным жаданні, 3,9 % — за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Кожны трынаццаты беспрацоўны выйшаў з месца пазбаўлення волі ці лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Нядаўніх выпускнікоў каледжаў, ліцэяў і ўніверсітэтаў сярод незанятых грамадзян нямнога — 1,6 %. Мала на ўліку ў якасці беспрацоўных і былых прадпрымальнікаў — усяго 0,5 %.

У сярэднім, каб знайсці работу, беларусу патрабуецца два месяцы. Мужчыны спраўляюцца з гэтай задачай на тры дні хутчэй за жанчын. А моладзь паспявае працаўладкавацца за 1,6 месяца.

У канцы мінулага года сярэдні заробак па краіне амаль дасягнуў запаветных 500 долараў і склаў 995 рублёў. Аднак у лютым 2018-га ўпаў да 850 рублёў. Праўда, да гэтай адзнакі дацягваюць не ўсе рэгіёны — толькі Мінск, Брэст, Наваполацк, Жодзіна, Салігорскі, Мінскі, Рэчыцкі, Дзяржынскі і Мазырскі раёны. Лідарам па заробках застаецца «сталіца шахцёраў» — тут у сярэднім атрымліваюць 1191 рубель. У пяцёрку раёнаў з самымі нізкімі даходамі ўвайшлі Ушацкі, Мсціслаўскі, Лёзненскі, Мёрскі і Шаркаўшчынскі. У апошнім, па афіцыйнай статыстыцы, работнікам у сярэднім плацяць 490 рублёў.

Згодна з Белстатам, самай прыбытковай сферай застаецца ІТ, дзе спецыялісты атрымліваюць 3,6 тысячы рублёў. Па дзве тысячы рублёў у месяц плацяць у галіне паветранага пасажырскага транспарту і ў дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання. Тысячу рублёў перавышаюць таксама заробкі ў горназдабываючай прамысловасці, на вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі, хімічных прадуктаў, выпуску камп'ютараў і перыферыйнага абсталявання, у аптовым гандлі, гандлі матацыкламі і аўтамабілямі і іх рамонце, многіх кірунках транспартнай дзейнасці. «Па пяцьсот» (у эквіваленце), паводле афіцыйнай статыстыкі, маюць навукоўцы, выдаўцы, тэлевізійнікі, архітэктары.

Медыкам плацяць у сярэднім 676 рублёў, педагогам — 615, сацыяльным работнікам — 509. У нізе зарплатнага рэйтынга размясціліся бібліятэкары, супрацоўнікі архіваў і музеяў (494 рублі ў месяц), а таксама цырульнікі і работнікі салонаў прыгажосці (404 рублі).

Неабходны медыкі і прадаўцы

Свабодных працоўных месцаў у краіне хапае — у Агульнарэспубліканскім банку вакансій налічваецца 59,6 тысячы прапаноў. Кожная пятая з іх — у Мінску. Вырасла патрэба ў рабочых прафесіях: калі на канец 2016 года доля такіх вакансій складала 49 працэнтаў, то на канец 2017-га — 58.

У топ-3 запатрабаваных прафесій традыцыйна ўваходзяць урач, кіроўца аўтамабіля і медыцынская сястра — больш за 2,4 тысячы прапаноў па кожнай са спецыяльнасцяў. Адчуваецца недахоп прадаўцоў і кухараў: для іх адкрыта 1400 і 900 вакансій адпаведна. У Мінскай вобласці сярод самых запатрабаваных прафесій значыцца аператар машыннага даення, у Віцебскай і Брэсцкай — трактарыст-машыніст, у Гомельскай і Гродзенскай — ветэрынарны ўрач. А ў сталіцы пяцёрку актуальных вакансій замыкае прыбіральшчык памяшканняў.

Саіскальнікаў, у сваю чаргу, больш за ўсё цікавяць месцы падсобных рабочых, эканамістаў, грузчыкаў, бухгалтараў і кіроўцаў аўто. Мінчане часта шукаюць таксама вакансіі інжынера, дырэктара і менеджара, жыхары Мінскай вобласці — юрысконсульта і прадаўца, Віцебскай — прыбіральшчыка і дворніка, Брэсцкай — жывёлавода.

Колькі гатовы плаціць саіскальнікам? У 43 працэнтах выпадкаў прапануюцца заробкі, якія не перавышаюць 400 рублёў. Напрыклад, у Полацку на «мінімалку» (гэта 305 рублёў у месяц) шукаюць прадаўцоў, у Оршы на тыя ж грошы хочуць наняць кухара, а ў Магілёве — сталяра, рэжысёра-пастаноўшчыка і выхавальніка ў дзіцячы садок.

Прыкладна столькі ж вакансій (42 працэнты) — з заробкамі ад 400 да 699 рублёў. Ад 700 да 999 рублёў гатовы плаціць на адным з дзесяці свабодных працоўных месцаў. А больш за тысячу абяцаюць толькі 4 % вакансій.

20 тысяч рублёў для пілота

Што да рэкордна высокіх заробкаў, то ў рэспубліканскай базе ёсць дзевяць прапаноў, дзе гатовы плаціць пяць тысяч рублёў і больш. Усе яны — у сталіцы ці ваколіцах. Такую суму, напрыклад, прапануюць дырэктарам кампаній, што будуць знаходзіцца на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у Смалявіцкім раёне. З патрабаванняў — вышэйшая адукацыя, свабоднае валоданне кітайскай мовай, вопыт работы ў будаўніцтве і на кіруючай пасадзе ад трох (ці пяці) гадоў.

Кансалтынгавая кампанія шукае кіраўніка праекта. Каб заняць пасаду і мець 5600 рублёў у месяц, трэба добра ведаць англійскую і нямецкую мовы,  мець вопыт работы ў сферы бізнес-паслуг за межамі Беларусі ад пяці гадоў. Плюс, пажадана, наяўнасць дыплома замежнага ўніверсітэта.

Сетка крам тавараў для дому гатова плаціць свайму менеджару 6100 рублёў. У задачах — развіваць электронную камерцыю. Што трэба? Мець вопыт у гэтай сферы мінімум два гады, разбірацца ў вэб-аналізе, валодаць англійскай і латышскай мовамі. Сюды ж шукаецца дырэктар на 17 тысяч рублёў у месяц.

Кіраўнік неабходны ў фінскую кампанію, якая аказвае бухгалтарскія і юрыдычныя паслугі. Кандыдат павінен мець 10-гадовы вопыт і ведаць англійскую, фінскую і шведскую мовы. Заробак такі ж высокі, як і патрабаванні — 7300 рублёў.

Адкрыта пасада дырэктара медыцынскай кампаніі. Плацяць 12,8 тысячы ў месяц. Каб уладкавацца, неабходны дыплом аб вышэйшай адукацыі ў галіне фармацэўтыкі, добры ўзровень англійскай мовы, вопыт работы кіраўніком не менш за пяць гадоў і ўпэўненыя навыкі карыстання камп'ютарам.

Самы вялікі заробак, які можна знайсці сёння ў рэспубліканскай базе вакансій, — у камандзіра паветранага судна. Пілоту «Белавія» абяцаюць 20 тысяч рублёў у месяц. У патрабаваннях да кандыдата ўказаны вышэйшая адукацыя, выдатная англійская мова і вопыт ад трох гадоў.

Што зменіцца ў Працоўным кодэксе?

Падчас вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутаты разгледзяць папраўкі ў Працоўны кодэкс. Вось толькі некалькі момантаў, якія будуць вынесены на абмеркаванне.

У дакуменце хочуць замацаваць паняцце «дыстанцыйная работа». З тымі, хто працуе аддалена, плануюць заключаць звычайны працоўны дагавор. Будуць дзейнічаць тыя ж нормы па працягласці працоўнага часу, часу адпачынку і атрыманні водпуску, што і ў работнікаў, якія шчыруюць на тэрыторыі наймальніка.

Тым, хто знаходзіцца ў водпуску, дазволяць на гэты час працаваць па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень. Гэтым правам змогуць карыстацца і работнікі, што знаходзяцца ў вымушаных водпусках па ініцыятыве наймальніка.

Наймальнікам, у сваю чаргу, дазволяць часова пераводзіць падначаленых (з іх пісьмовай згоды) на іншую работу ці на іншае прадпрыемства на тэрмін да шасці месяцаў на працягу года. Аплата пры гэтым будзе не ніжэйшай за сярэдні заробак на мінулым месцы.

Прапануюць замацаваць таксама нашумелы бацькаўскі дэкрэт. Работадаўцы абавязаны будуць забяспечваць мужчынам (па іх жаданні) кароткачасовы водпуск пры нараджэнні дзіцяці. Тэрмін такога водпуску — да 14 дзён. Заробак у гэты перыяд за татам захоўвацца не будзе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мінчане хочуць працаваць дырэктарамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».