Вы тут

Што чакае рыбную гаспадарку?


Карп, шчупак, белы амур і сом. Велізарнымі сеткамі рыбу цягнуць да берага. Апускаюць у машыны. І перавозяць у спецыяльныя басейны. А адтуль і да нашага стала...


Рэнтабельныя 7 з 20

Па словах экспертаў, беларусы з'ядаюць да 175 тысяч тон рыбы ў год. «Спажыванне такое — закупляецца ад 120 да 165 тысяч тон у год, плюс каля 10 тысяч тон мы вырошчваем зараз самі. Дзесьці 80 % таго, што вырабляем, — карп. Зараз даводзіцца, каб яго было менш, з'явілася разнастайнасць за кошт будаўніцтва новых індустрыяльных комплексаў, дзе разводзіцца фарэль, асетр. Рух ідзе наперад», — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Мінсельгасхарча Наталля Соніч.

Спецыяліст адзначае, што да 2020 года рыбнаму комплексу неабходна выйсці на вытворчасць 18,2 тысячы тон таварнай рыбы. Гэта павінна быць 15,8 тысячы тон сажалкавай рыбы, 1187 тон азёрнай і каля 1,2 тоны каштоўных парод рыб.

Гэта планы, а пакуль усё не так добра. З 20 найбуйнейшых спецыялізаваных рыбных гаспадарак маюць па мінулым годзе станоўчую рэнтабельнасць усяго сем. У чым справа?

На думку Наталлі Соніч, мінулагодні пачатак лета (май — чэрвень) быў значна халаднейшы за норму. У рыбных гаспадарках пачалі масава выкарыстоўваць камбікорм. І корм быў дарагі. Вось чаму па вытворчасці рыбы большасць комплексаў спрацавала ў мінус. У гэтым годзе спецыялісты чакаюць цёплай вясны і спрыяльнага лета. Акрамя таго, удалося зрабіць таннейшым камбікорм для рыб амаль на 50 %.

Ікра чорная незамежная

У гіпермаркетах з'явілася чорная ікра ад аднаго нашага буйнога, але ўсё ж прыватнага вытворцы. Бляшанка 55 грамаў, ікра асятра. Па гусце нядрэнная. Ну і можна быць упэўненым, што ўсё ж ясі ікру асятра, а не нейкі сурагат.

За мінулы год два прыватныя прадпрыемствы вырабілі парадку 1300—1400 кілаграмаў чорнай ікры. Прадукцыю аднаго з беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці чорнай ікры прызналі найлепшай па якасці ў Расіі, паведаміла Наталля Соніч. «Адно з прадпрыемстваў заняло першае месца па якасці ікры ў Расіі, у іх ёсць адпаведны сертыфікат. Па іх словах, гэта рэнтабельна, улічваючы, што іх магутнасці на дадзены момант укамплектаваны толькі на 30 %», — расказала Наталля Соніч.

Па словах экспертаў, у Расіі прадукт атрымліваюць метадам сцэджвання, якасць ікры ў гэтым выпадку значна ніжэйшая. У Беларусі і заходніх краінах аддаюць перавагу забойнаму спосабу, хоць ён і больш затратны.

«Атрымліваюць яе забойным метадам: вырошчваюцца палаваспелыя самкі, іх адвозяць на паспяванне, пасля чаго — ікра і мяса ідуць на перапрацоўку», — растлумачыў начальнік аддзела рыбалоўнай гаспадаркі і індустрыяльнага рыбаводства «Белвадгаса» Андрэй Сяргееў.

Сабекошт гэтай рыбы значна вышэйшы, чым у карася або шчупака, бо не толькі мяса асятра ідзе на продаж, але і чорная ікра, якую з гэтых рыбін здабываюць. Уладальнік фірмы пад Мінскам прызнаецца, што «асятровы бізнес укладанняў патрабуе немалых, але і прыбытак уражвае. За кілаграм беларускай ікры замежныя пакупнікі плацяць каля дзвюх тысяч долараў».

Чорную ікру, зробленую ў Беларусі, ахвотна купляюць не толькі ў Расіі, але і ў Азербайджане і Казахстане. Партыя каштоўнага тавару адправілася і ў краіны ЕС, але больш маштабная задача — забяспечыць беларусаў рыбапрадуктамі не самымі дарагімі, але не менш карыснымі, а гэта магчыма за кошт павелічэння аб'ёмаў вытворчасці.

Каштоўны весланос

Усе вытворчыя выпрабаванні праводзяцца на адным з участкаў вытворчай базы пры Інстытуце рыбнай гаспадаркі — селекцыйна-племянным участку «Ізабеліна».

«Участак вельмі важны для нас: там цяпер завяршаецца будаўніцтва інкубатарнага цэха вытворчага комплексу, таму што мы плануем вырошчванне племянной прадукцыі ад вытворцаў чыстых пародных лінёў для тыражавання, для рыбалоўных арганізацый і фермерскіх гаспадарак, для зарыблення натуральных вадаёмаў», — расказала намеснік дырэктара па вытворчасці Інстытута рыбнай гаспадаркі Святлана Баніна.

Па словах начальніка ўчастка «Ізабеліна» Юрыя Рудога, тут не толькі праводзяцца ўсе эксперыменты і адпрацоўваюцца новыя тэхналогіі, але і захоўваецца калекцыя амаль усіх відаў рыб, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай прамысловасці; сярод іх — еўрапейскі сом, лінь, каля чатырох відаў асятровых. Вырошчваюць і спецыяльны від.

«Ёсць экзатычны від, ад якога мы зараз спрабуем атрымаць патомства, — гэта весланос (асятровы від). Яго можна выкарыстоўваць не толькі для вэнджання, але і для вырабу кансерваў для дзяцей», — растлумачыў Руды.

Правіла «трох П»

Лепш за ўсё з рыбы ў нашай сям'і гатуецца і з'ядаецца фарэль і сёмга. Праўда, сям'я ў нас шматдзетная, таму часцей мы бяром больш бюджэтнага і, што галоўнае, мясцовага карпа.

Можна выкарыстоўваць і невялікія цэлыя рыбіны, але мае дзеткі не хочуць доўга перабіраць костачкі. Значыць, лепш узяць філе карпа. Зразумела, што страва будзе больш смачнай, калі яго выразаць непасрэдна са свежай рыбы, аднак не кожны з нас можа гэта рабіць сапраўды прафесійна і хутка.

Адразу нагадаю правіла «трох П» гатавання рыбы: пасаліць, паперчыць і палімоніць. Спачатку кавалачкі рыбы абкачаць у муцэ, пасля ва ўзбітых яйках і ў сухарах. Прычым не трэба шкадаваць ні яек, ні сухароў: ад гэтага залежыць, наколькі хрумсткай атрымаецца скурка, а гэта, як вядома, самая смачная частка рыбы. Выкласці падрыхтаванае філе ў разагрэтае топленае масла і на невялікім агні абсмажыць да прыгожага залацістага колеру. Адразу адкінуць на сурвэтку, каб увабралася лішняе масла, а затым падаваць як самастойную страву або з салатай.

Ад сябе асабіста дадам, што ў ідэале працуе правіла «чатырох П» — вядома ж, варта паесці. Мы гэта зрабілі — смак дзівосны...

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Чакаем надвор'я для... карпа

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».