Вы тут

Святлана Саханенка: Буду рада, калі мая гісторыя стане прыкладам


Трохразовая параалімпійская чэмпіёнка расказвае пра пераадольванне цяжкасцяў, як жыве са зрокам мінус 12 і ці лічыць сябе чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі.

Святлана Саханенка нарадзілася ў Наваполацку ў шматдзетнай сям, няпростае дзяцінства пакінула шмат успамінаў у яе памяці. У нейкі момант, каб зрабіць яго больш шчаслівым, Света, выдатніца ў школе, запісалася ў спартыўную секцыю, а калі пачала дамагацца сваіх першых поспехаў у лыжных гонках, урачы забаранілі ёй выступаць. У дзяўчынкі імкліва пагаршаўся зрок. Каб перабудаваць сваё жыццё са спартыўнага ў звычайнае, патрабавалася нямала намаганняў. Святлана шукала сябе на працягу 6—7 гадоў, за якія паспела папрацаваць афіцыянткай, менеджарам, адміністратарам, дырэктарам і прыбіральшчыцай. А потым лёс вярнуў яе ў спорт, праз год пасля таго, як Саханенка аднавіла заняткі лыжнымі гонкамі, яна тройчы заваявала «золата» Параалімпійскіх гульняў.


— З моманту вашых перамог прайшло ўжо практычна тры тыдні, якія адчуванні зараз?

— Разгубленасць, бо не ведаю, што рабіць далей. Быццам бы ўсё ёсць, пік ужо прайшоў, а як ставіць чарговыя мэты? Але гэта справа часу, усё напрацоўваецца і вельмі хутка, проста трэба трохі адпачыць.

Паверыла і ўсвядоміла, што я здзейсніла подзвіг, дасягнула такога вяліка поспеху, толькі ў нашым аэрапорце. Эмоцыі, якія былі там, у Карэі, пасля гонак і тут, у Мінску, зусім розныя. Калі ты непасрэдна на месцы спаборніцтваў, то разумееш, што перамога — гэта плён тваёй працы, а калі прыязджаеш дадому, людзі пачынаюць віншаваць, захапляцца і ты пачынаеш разумець, што здабыў гэтую перамогу не толькі для сябе, але і для краіны.

— Гэтыя тры перамогі адрозніваліся неяк па эмоцыях?

— Так. Напрыклад, 15 км — доўгая дыстанцыя, на яе я выходзіла, вядома, перамагаць, але бегла першы раз, таму было непрадказальна. Спрынт — гэта мая любімая дыстанцыя, таму быў велізарны запал. А гонка на 7,5 км, якая была завяршальнай, калі ўсе сокі ўжо выціснуты, стала самай цяжкай, плюс складанае надвор'е, мне здаецца, гэта быў самы цяжкі медаль, але не менш дарагі.

— Якая задача стаяла перад вамі напярэдадні Параалімпіяды ў Пхёнчхане?

— Паказаць тое, што ўмею, магу, і на што гатова на гэты момант. На мяне наогул ніхто не разлічваў, бо на перадалімпійскім зборы паўсталі сур'ёзныя праблемы са здароўем. Калі прыехалі ў Італію, пайшоў збой адаптацыі, гэта значыць, мне не падышлі горы. З італьянскай бальніцы перавезлі ў Беларусь. Я думала, што на гэтым мая Параалімпіяда і скончыцца, але ўрачы выхадзілі. Мы прыехалі ў Карэю, пачалася адаптацыя і зноў узнікла такая ж праблема, тут ужо своечасова дапамаглі спецыялісты, таму хутка вярнулася ў добрую форму.

Пачала выступленні ў Пхёнчхане з біятлона толькі для таго, каб адчуць сваю форму, зразумець, ці гатовая я, ці змагу змагацца. Аказалася, што ўсё магчыма. Пачаць спаборніцтвы з медаля — гэта было крута.

— Вы ўсталі на лыжы ўсяго за год да Параалімпійскіх гульняў — 2018...

— Так, 1 студзеня 2017-га. Да гэтага 6—7 гадоў не займалася спортам. Студзень, люты, сакавік — былі для мяне вельмі цяжкімі, аж да непрытомнасцяў. Падчас летняй падрыхтоўкі таксама было не салодка, па месяцы я проста ляжала, арганізм не мог справіцца. Да зімы 2017-га ўжо больш-менш памацнела.

Вядома, усе гэтыя складанасці пераадольвала толькі дзеля Параалімпіяды. Гэта была рызыка, але яна апраўданая, таму што тыя эмоцыі, якія былі ў Пхёнчхане, не параўнальныя ні з чым. Дзеля іх гэта ўсё я гатова прайсці яшчэ раз.

— Раскажыце пра ролю лідара, «гіда» ў параалімпійскім спорце.

— Магу апісаць на сваім прыкладзе, лідар — гэта мае вочы. Разам з Раманам Яшчанкам мы каталіся вельмі мала, перад Параалімпіядай правялі толькі адзін збор і адзін старт на этапе Кубка свету. Гэта вельмі патрэбны чалавек, бо ў нас рэакцыя больш павольная, чым у звычайных людзей. Я сачу за ім на адлегласці метра, ён паказвае мне дарогу, рэльеф, кажа, куды паварочваць, якім ходам лепш праходзіць пэўныя ўчасткі дыстанцыі.

— Раман можа падтрымаць вас маральна, дзесьці матываваць?

— Наогул, лідар павінен гэта рабіць, але Рома ведае мяне, і ведае, што гэта мне не дапаможа. Я ў любым выпадку буду змагацца да канца.

— Важна знайсці агульную мову з лідарам?

— Так, без гэтага не будзе працы, таму што вельмі шмат часу мы праводзім разам. У нас з Ромам дружба. Мне здаецца, без яе немагчыма дамагчыся выніку.

— Вы выраслі ў шматдзетнай сям'і, гэта пакінула адбітак?

— Так, не хапала грошай, рэчаў. Просты прыклад, у нас ніколі не было сыру і я яго не ем да гэтага часу. Выдатна памятаю смак батона і сёння неверагодна радуюся яму. Праходжу міма рэчаў у краме і заўсёды чамусьці хочацца купіць штосьці новае, хоць ужо ўсяго хапае. Гэтыя эмацыянальныя адчуванні, яны нікуды не дзеліся. Шматдзетная сям'я навучыла згуртаванасці і ўменню выжываць, чапляцца за любую магчымасць, каб расці. Проста заўсёды хацелася жыць лепш, быць лепшым.

— Як вы пачалі займацца спортам?

— Запісалася ў спартыўную секцыю, спачатку не разумела, што я ў лыжах, думала, што займаюся футболам, таму што першыя паўгода мы пастаянна ў яго гулялі. Калі далі лыжныя палкі і сказалі ісці ўздым, у мяне ўсё роўна і думкі не было, а калі ўжо паставілі на лыжы, я зразумела, што трэба ў спаборніцтвах па лыжах удзельнічаць.

Мне вельмі падабалася, хоць гэта і цяжкі від спорту, да гэтага часу, чым цяжэй, тым лепш, ты ўдасканальваешся, сёння прабегла на секунду лепш, чым учора і гэта ўжо велізарны стымул, хочацца яшчэ больш працаваць.

— Ужо тады ў вас пачалі з'яўляцца праблемы са зрокам?

— Яны пачаліся з 5 класа, спачатку ўпала адно вока, потым другое. Сур'ёзныя праблемы пайшлі з 2009 года, у мяне ўпала выразнасць зроку, пры гэтым ты адчуваеш сябе як быццам у цэлафанавым мяшку. Урачы самі да гэтага часу не ведаюць, чаму ён падае, чаму так хутка прагрэсуе. Зараз кожныя паўгода абавязкова праколваюць уколы, каб утрымаць тое, што ёсць, інакш будзе яшчэ горш. Я лічу, што спорт таксама дапамагае мне трымаць зрок у тонусе, бо кровазварот становіцца значна хутчэйшы. Падчас перапынку ў 6 гадоў, калі мне забаранілі займацца спортам, зрок упаў удвая.

— Наколькі складана было перажыць гэтае адхіленне ад любімай справы?

— Да гэтага ў мяне ўжо былі пэўныя поспехі. Я станавілася чэмпіёнкай краіны, трапляла ў пераменны склад нацыянальнай каманды, не магу сказаць, што была там лідарам, але 4—5-м нумарам.

Сысці не па сваім жаданні было вельмі складана, бо ты жыў адной мэтай. Спорт — гэта трэніроўкі, трэніроўкі, трэніроўкі. Ты акрамя іх нічога не бачыш, а калі прыходзіш у звычайнае жыццё, там усё па-іншаму. Першы час не магла знайсці сябе, бралася за любую работу, толькі б пра гэта не думаць. Усё трэба было пачынаць з чыстага ліста. Я была маркетолагам, менеджарам па продажах, прыбіральшчыцай, працавала інструктарам-метадыстам, адміністратарам у гасцініцы, трэнерам, афіцыянткай. Са знаёмай нават адкрылі танцавальна-спартыўную студыю, дзе я была выканаўчым дырэктарам, выконвала вельмі шмат функцый.

— Вы верыце ў лёс?

— Так.

— Менавіта ён вярнуў вас у спорт?

— Так! Усё адбылося спантанна, у адзін момант. Калі я працавала адміністратарам у гасцініцы, пазнаёмілася з былым спартсменам, барцом, разгаварыліся пра лёс спартсменаў і ён параіў мне вельмі добрага доктара, які паставіў правільны дыягназ, мне далі бестэрміновую групу. Міжнародныя ўрачы, гледзячы на гэтыя дыягназы дазволілі выступаць на спаборніцтвах для параалімпійцаў. Яшчэ адзін чалавек пераканаў мяне адправіць дакументы ў Міжнародны параалімпійскі камітэт. Раней я таксама спрабавала трапіць у параалімпійскі спорт, але не атрымалася з розных прычын, якія залежалі не ад мяне.

— Як вас прынялі ў новай сферы?

— Ніхто ў мяне не верыў, лічылі безнадзейным варыянтам. У камандзе ніхто са мной не размаўляў. Мая зборная нават не рыхтавала мне лыжы для гонак на чэмпіянаце свету, дапамагалі французы, якіх я прасіла аб гэтым. Што казаць, нават форму не выдалі, такім чынам падкрэсліваючы, што я не ў камандзе. Але пры гэтым мяне вывозілі на спаборніцтвы і лічылі мае медалі ў агульны залік. Не хаваю, у гэты час было мора пралітых у нумары слёз.

— Чым вы заслужылі такое стаўленне?

— Канкурэнцыя. На 15 чалавек было толькі шэсць ставак. Усе былі ў шоку: як адміністратар у гасцініцы можа так выступаць. Думаю, людзі проста не ведалі, як сябе паводзіць.

З той пары мінуў год, у камандзе памяняліся лідары і стала ўсё па-іншаму. У Пхёнчхане мы хварэлі адзін за аднаго ўсёй душой, падтрымлівалі і радаваліся кожнаму медалю.

— Пасля перамог на Гульнях на вас абрынулася вельмі шмат увагі...

— Наогул, я б не хацела да сябе ўвагі, але для таго, каб параалімпійскі рух прасоўваўся, я гатова ахвяраваць сваім часам, здароўем і сіламі. Бо ўсе гэтыя інтэрв'ю даюцца мне няпроста, здаецца часам, што лягчэй было выйграць Параалімпіяду.

Але я буду рада, калі мая гісторыя стане для кагосьці прыкладам. Можа быць, гэта гучна сказана, але, мне здаецца, мой прыклад шмат што можа паказаць людзям.

— Якія ўражанні засталіся ад сустрэчы з Прэзідэнтам?

— Сустрэцца з Аляксандрам Рыгоравічам было маёй марай, і яна спраўдзілася. Было хвалююча да слёз. Калі кіраўнік дзяржавы ставіцца да цябе, як да свайго дзіцяці, гэта ўзрушальна. Прэзідэнт валодае неймавернай энергіяй, калі ён заходзіць, уся ўвага прыкавана менавіта да яго, гэта вельмі цікавыя ўражанні. Для нас пабываць на сустрэчы з ім было вельмі ганарова і знакава, бо ён упершыню запрасіў да сябе параалімпійцаў.

— Святлана, пасля ўсяго, што з вамі здарылася, вы сапраўды лічыце сябе чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі?

— Не. Часцей за ўсё людзі менавіта з абмежаванымі магчымасцямі робяць усё, каб быць цалкам неабмежаванымі. Тая ж Люда Ваўчок, сядзіць у калясцы, але ў яе лад жыцця больш актыўны, чым у большасці звычайных людзей. Яна водзіць машыну, мае ўсё, што ёй трэба, нарадзіла дачку, выхоўвае яе адна, як можна сказаць, што яна абмежаваная? Або Дзмітрый Лобан з Лідай Графеевай, яны абодва справіліся з сур'ёзнымі трагедыямі ў жыцці, але, калі прыходзіш да іх у госці, не адчуваеш, што яны чымсьці ўшчэмленыя.

Я спрабую не паказваць, што дрэнна бачу, таму не нашу акуляры, не хаджу з палачкай. Добра арыентуюся на вуліцах і ў памяшканнях, але бываюць моманты, калі магу ўрэзацца, закрануць штосьці, але пры гэтым папрасіць прабачэння і зрабіць выгляд, што я тут чыста выпадкова. У мяне нават малады чалавек не разумее, чаму я заўсёды ўсё кранаю, а потым успамінае, што я не бачу. Сапраўды, я і сама пра гэта забываю, таму што не хачу жалю, каб мяне вадзілі, каб са мной хадзілі. Жыццё навучыла мяне самастойнасці.

— Чым захапляецеся ў вольны час?

— Люблю маляваць, цяпер ёсць вельмі класныя карціны па нумарах. Мне складана доўга сядзець і трымаць канцэнтрацыю, але я супакойваюся менавіта так. Люблю шпацыраваць па парках. Магу адправіцца ў любы горад Беларусі, каб даведацца нешта новае. Я была ў многіх краінах, але чым больш ездзіш, тым больш хочацца даведацца што тут, на радзіме. Калі я працавала ў гасцініцы, часта чула, як замежныя турысты захапляліся нашымі прыгажосцямі, а жыць у гэтай краіне і не бачыць іх — сорамна. Да таго ж, я калісьці вучылася ў вышэйшай школе турызму, было вельмі цікава складаць туры, праграмы. Дарэчы, люблю яшчэ розныя паходы, палявыя ўмовы.

— Пра што вы марыце?

— Зараз, шчыра кажучы, усе мае мары спраўдзіліся. Усё, што я хацела, у мяне ёсць, і я нават не ведаю, якую планку ставіць перад сабой далей. Час дасць магчымасць падумаць. Я хачу сям'ю, гэта, напэўна, галоўная мэта, а потым ужо другая Параалімпіяда.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?