Вы тут

МНС працягвае правяраць установы з масавым знаходжаннем людзей


Трагедыя ў Кемераве падштурхнула беларускіх ратавальнікаў да правядзення больш жорсткага кантролю за правіламі пажарнай бяспекі ў месцах вялікага збору людзей. На Магілёўшчыне ў спіс абавязковых для праверак трапіла больш за 1700 аб'ектаў. Гэта кінатэатры, клубы, гандлёвыя цэнтры, установы адукацыі і аховы здароўя і іншыя.


— Па стане на 9 красавіка было праверана 603 аб'екты, 26 чалавек (18 кіраўнікоў і сем службовых асоб) прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога УМНС Вадзім Урублеўскі. — На 10 аб'ектах парушэнняў не было наогул. Гэта гандлёвыя цэнтры «Панарама», «Магніт», «Ома», «Авеню», «Гіпа» ў Магілёве, а таксама «Практык», «Спектр», «Карусель», «Тэхас» і «Карона» ў Бабруйску. Да ўсіх астатніх ёсць пытанні. Найбольш абуральныя і шматлікія парушэнні знойдзены ў гандлёвым цэнтры «Будмаркет» і забаўляльным клубе «Метро» ў Магілёве. У «Метро», напрыклад, сістэма пажарнай аўтаматыкі знаходзілася ў непрацуючым стане, не ўсе памяшканні былі абсталяваны першаснымі сродкамі пажаратушэння, перапланіроўка зроблена без зацверджанай дакументацыі, у эвакуацыйных выхадах размяшчалася абсталяванне, якое перашкаджала бяспечнай эвакуацыі людзей. Персанал не прайшоў навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму. Адказныя за бяспеку людзей не ведалі, што рабіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, і, хутчэй за ўсё, не змаглі б арганізаваць эвакуацыю наведвальнікаў клуба.

Не лепшыя абставіны па «Будмаркеце». Рэканструкцыя памяшканняў там праведзена без наяўнасці праектна-каштарыснай дакументацыі. Будынак не абсталяваны аўтаматычнай сістэмай пажаратушэння і апавяшчэння людзей аб пажары, на 2-м паверсе эвакуацыйны выхад на лесвічную пляцоўку заблакаваны. Кіраўніцтву гандлёвага цэнтра і забаўляльнага клуба вынесены прапановы аб закрыцці, калі недахопы не будуць ліквідаваны ва ўстаноўлены законам тэрмін. У іншым выпадку матэрыялы праверкі накіруюць у суд.

Што датычыцца астатніх месцаў вялікага збору людзей, удакладнілі ратавальнікі, то парушэнні ліквідуюцца. Найбольш распаўсюджанае адступленне ад нормаў — гэта загрувашчванне эвакуацыйных выхадаў. Праверкі між тым працягваюцца. На чарзе школы, бальніцы, гасцініцы, кінатэатры, рэстараны, кавярні і іншыя аб'екты.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Безапеляцыйная прапанова: Выправіць парушэнні ці закрыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?