Вы тут

Карысна, танна, актуальна: моладзь прапануе ідэі


Больш за сотню ідэй ад маладых беларускіх навукоўцаў і вынаходнікаў дайшло да фіналу. Самы адказны этап — абарона распрацовак перад рэспубліканскім экспертным саветам —  адбудзецца ў Мінску, дзе пачнецца фінал конкурсу «100 ідэй для Беларусі»

Урачыстае адкрыццё свята навукі і інавацый, якое натхняе моладзь, будзе праходзіць два дні. У 16 намінацыях прадставяць 119 аўтарскіх распрацовак прэтэндэнты з усёй Беларусі. Свае наватарскія прапановы пакажуць і дзесяць аўтараў найлепшых праектаў ад Гомельшчыны.


Дзмітрый Захаранка з Мазыра ажыццяўляе праект «Вырошчванне сеянцаў дуба чарэшчатага з закрытай каранёвай сістэмай».

Імітацыя — на ахове здароўя

Сярод найлепшых ідэй Гомельшчыны — ашыйнік для пошуку хатніх жывёл «SearchPets» Аляксея Кляменцава, праект «Help Me» Максіма Кір'янава, сацыяльны праект «Вывучаем садружнасць разам» Вольгі Музычэнкі і Кацярыны Паповай, «Нам завешчана памяць берагчы» Анастасіі Тарасавец... Ад Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і абласной арганізацыі БРСМ маладыя інаватары атрымалі сертыфікаты фіналістаў і каштоўныя падарункі. Спецыяльны прыз ад рэгіянальнага прадстаўніцтва бізнес-школы ІПМ у Гомелі — сертыфікат на навучанне атрымаў выкладчык кафедры ваеннай і экстрэмальнай медыцыны Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алег Дохаў. Ён распрацаваў трэнажор унутрывенных ін'екцый і забору крыві.

— Мой праект адносіцца да галіны сімуляцыйнага навучання ў медыцыне. Унікальнасць распрацоўкі ў тым, што мы выкарыстоўваем такія матэрыялы, якія дакладна і рэалістычна імітуюць чалавечыя тканкі: скурнае покрыва, вянозную сценку і кроў. Рэалістычнасць такая, што многія студэнты, асабліва першых курсаў універсітэта, спачатку нават палохаюцца. Пры падборы матэрыялаў мы вывучылі асноўныя іх характарыстыкі: візуальныя, тактыльныя, эластычнасць і іншыя параметры тканак чалавека. Трэнажор просты ў эксплуатацыі і вытрымлівае да 350—500 праколаў. Той варыянт, які мы маем зараз, каштуе 65 рублёў. Гэта значна танней, чым аналагі, якія прапануюць замежныя кампаніі.

Зразумее нават кот

Яшчэ адзін зусім просты і карысны праект «разумнага» дома прадставіў студэнт першага курса факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Ф. Скарыны Эдуард Туманскі (на фота):

— Вы самі вызначаеце сцэнарый у праграме мабільнага тэлефона. Далей сістэма аўтаномна кіруе асвятленнем, уключае і выключае электрапрыборы, адкрывае і зачыняе вокны, уключае сістэму праветравання і нават напаўняе ванну. Ёсць падагрэў падлогі, сістэма кіравання бытавой тэхнікай, відэаназіранне. Дапамагае і ў пазаштатных сітуацыях — калі прарвала трубу, аўтаматычна перакрыюцца ўсе вентылі. Гэта сістэма тэсціруецца ў мяне дома — збояў не было. Яна каштуе каля 100 рублёў.

Вядома, аналагі ў свеце і нават у Беларусі ўжо існуюць, але гэта ў большасці сваёй сістэмы маніторынгу параметраў у рэальным часе. У прадстаўленым праекце прадугледжана поўнае кіраванне пры дапамозе любога гаджэта, а таксама магчымасць усталявання сістэмы аж да дачных цяпліц, што дазволіць вырошчваць ураджай дыстанцыйна. Малады чалавек сцвярджае, што ўсё проста: дастаткова голасам задаць каманду ці ўвесці яе на тэлефоне або планшэце па адным кліку. Асабліва гэта ўсё можа спатрэбіцца людзям, якія пакутуюць захворваннямі апорна-рухальнага апарату. Між тым кот Эдуарда Туманскага адным з першых асвоіў аўтаматыку і з задавальненнем ёй карыстаецца: ежу ён «здабывае» ў аўтаматызаванай кармушцы.

Істотная эканомія

Аднакурснікі з Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Андрэй Марголін і Дзяніс Соцкі прадстаўляюць на конкурс фрэзерны станок з лічбавым праграмным кіраваннем. Ён прызначаны для апрацоўкі дробных дэталяў і можа каштаваць у тры разы менш, чым існуючыя аналагі:

— У майстэрнях нашага каледжа адсутнічае такое абсталяванне. Таму і з'явілася ідэя зрабіць невялікі настольны станок. Конкурс падштурхнуў нас, каб усё ўдасканаліць і дапрацаваць. Мы хочам зрабіць станок шматфункцыянальным і да яго дапрацоўваем інструмент, які можна будзе хутка замяняць. Аналагічны фрэзерны станок па дрэве каштуе ад 900 рублёў. Наш з улікам абсталявання — 350 рублёў. Распрацоўкай ужо зацікавіліся спецыялісты, якія робяць прылады для правядзення гістарычных рэстаўрацый.

Яшчэ адна ідэя ўжо ўвасабляецца на тэрыторыі пастаяннага ляснога пітомніка Мазырскага лясгаса. Там ствараюць элітныя ўмовы для дубкоў. Студэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Дзмітрый Захаранка ажыццяўляе праект «Вырошчванне сеянцаў дуба чарэшчатага з закрытай каранёвай сістэмай». Юнак рыхтуецца да паступлення ў аспірантуру Інстытута лесу НАН Беларусі і гаворыць, што новая тэхналогія вырошчвання вельмі важная ў сувязі з глабальнымі змяненнямі клімату:

— Мы вырошчваем дубкі ў пластмасавых кантэйнерах у цяпліцах. Справа ў тым, што ў нас на Палессі адбываюцца значныя перапады тэмпературы на працягу зімы. Гэта адмоўна адбіваеццца на росце сеянцаў. Каб максімальна іх захаваць, мы павінны цалкам адмовіцца ад вырошчвання ў адкрытым грунце, дзе гіне амаль палова раслін.

Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат абарона сваіх распрацовак перад экспертным саветам на рэспубліканскім узроўні. Ён будзе ацэньваць не толькі актуальнасць і навізну ідэі, практычную значнасць работы, але і магчымасць яе рэалізацыі. Шмат будзе залежаць і ад таго, як удасца прэзентаваць той ці іншы праект. Цэнтральнай падзеяй першага дня фіналу конкурсу «100 ідэй для Беларусі» стане фарсайт-дыскусія «ІT і моладзь — беларускі прарыў». Сумесна са знакамітымі экспертамі маладыя людзі абмяркуюць шэраг актуальных тэм: ад агульных трэндаў лічбавай трансфармацыі да пабудовы лічбавай эканомікі ў Беларусі. Заўтра ж адбудзецца абарона праектаў.

У другі конкурсны дзень, 12 красавіка, у выставачным комплексе «БелЭкспа» адкрыецца інтэрактыўная выстава рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» і адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў. Дзесяць найлепшых аўтарскіх праектаў гарантавана атрымаюць грашовыя сродкі для распрацоўкі бізнес-планаў. Акрамя таго, партнёры праекта прапануюць маладым людзям адукацыйную падтрымку і магчымасць прайсці курс для пачаткоўцаў у бізнесе, сертыфікаты на бясплатнае навучанне ў стартап-акселератары, рэгістрацыю фірмы і іншыя бонусы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.

Палітыка

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

У Палаце прадстаўнікоў праходзіць чарговае пасяджэнне пятай сесіі.

Грамадства

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй.