Вы тут

Інстытут бізнесу будзе створаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце


Як паведамляе сайт ВНУ, адпаведнае рашэнне аднагалосна прынялі члены Савета ўніверсітэта. Новая структура ствараецца шляхам аб’яднання Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ (ІБМТ) і Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій (ДІКСТ). 


Сістэмны аналіз усіх сфер дзейнасці ўніверсітэта, які праводзіўся апошнія паўгода, выявіў шэраг тэндэнцый, якія патрабуюць карэкцыі. Адна з іх тычыцца дубліравання  спецыяльнасцяў унутры комплексу БДУ. Вырашэнне гэтых праблем ляжыць у плоскасці рэалізацыі стратэгіі развіцця ўніверсітэта. Для яе ажыццяўлення была распрацавана “дарожная карта”. Адна з задач — аптымізацыя структуры спецыяльнасцяў. Пачаткам гэтага працэсу стала аб'яднанне двух інстытутаў эканамічнага профілю. Рэарганізацыя дазволіць акумуляваць навукова-інтэлектуальны патэнцыял, ліквідуе ўнутранае дубліраванне і створыць перадумовы для фарміравання галіновага кластара.

На Савеце БДУ канстатавалі, што ІБМТ і ДІКСТ развіваліся паралельна, але іх дзейнасць грунтавалася на розных канцэпцыях. Наспела неабходнасць выбудоўвання адзінай стратэгіі развіцця бізнес-адукацыі ў БДУ і ўнутраная канкурэнцыя тут абсалютна непрымальная.

“Аб'яднанне інстытутаў узмоцніць бізнэс-адукацыю ў Беларусі і створыць магутны аналаг вышэйшай школы эканомікі, якая маецца ў многіх элітарных універсітэтах свету”, — рэзюмаваў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

Стратэгія Інстытута бізнесу будзе арыентавана на падрыхтоўку студэнтаў па пяці спецыяльнасцях і іх напрамках: “маркетынг”, “менеджмент”, “бізнэс-адміністрыраванне” (выкладанне на рускай і на англійскай мовах); “лагістыка” і “кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”. Пры гэтым акцэнт робіцца на ўзмацненне магістарскай, аспіранцкай падрыхтоўкі,  аказанне адукацыйных паслуг па павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і іншыя.

Таксама Савет БДУ зацвердзіў перадачу блока сацыякультурных спецыяльнасцяў з гэтых інстытутаў на профільныя факультэты, што дазволіць акумуляваць адукацыйныя рэсурсы па падрыхтоўцы спецыялістаў. У прыватнасці, будзе аптымізавана структура спецыяльнасцяў факультэта філасофіі і сацыяльных навук і факультэта сацыякультурных камунікацый. Спецыяльнасці першай ступені вышэйшай адукацыі "сацыяльная работа” (па напрамках) і другой ступені вышэйшай адукацыі "сацыяльная псіхалогія”, ”рэабіліталогія”, “псіхалогія” перададзеныя на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. Спецыяльнасці першай ступені вышэйшай адукацыі "дызайн” (па напрамках) і другой ступені вышэйшай адукацыі "дызайн асяроддзя” будуць базіравацца на факультэце сацыякульурных камунікацый.

Рэарганізацыя двух інстытутаў, як запэўніваюць у БДУ, не адаб'ецца на скарачэнні ставак прафесарска-выкладчыцкага саставу, паколькі  кафедры ўсім складам будуць пераведзены на профільныя факультэты і працягнуць сваю дзейнасць з улікам спецыфікі напрамкаў спецыяльнасцей.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.