Вы тут

Як пазбегнуць варыкозу і навошта яго лячыць?


Статыстыка сцвярджае, што каля паловы насельніцтва зямнога шару пакутуе на варыкознае расшырэнне вен. Частка людзей з усёй адказнасцю... ігнаруе гэту праблему — і дажывае да трафічных язваў. Але большасць сёння ўсё ж цікавіцца сучаснымі метадамі лячэння і прафілактыкі. Як не трапіць у лік ахвяр гэтай немачы і якімі спосабамі з ёй змагацца, мы распыталі ўрача-хірурга 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Ганну БЛІЗНЕЦ.


— Ганна Анатолеўна, як вызначыць, што ўзнікла варыкознае расшырэнне вен і трэба звяртацца да ўрача?

— Варыкоз заўсёды бачны візуальна. Але многія пацыенты чамусьці лічаць, што неабходна зрабіць ультрагукавую дыягностыку (УГД) сасудаў. Вера ў такі метад у гэтым выпадку неабгрунтаваная. Паказанняў да УГД вен ніжніх канечнасцяў толькі два: перад аперацыяй, бо хірург павінен бачыць, што выдаляць. І трамбозы глыбокіх вен: каб вызначыць, ці ёсць флебатрамбоз, і адсочваць у перспектыве, як ідзе рэканалізацыя — аднаўленне прапускной функцыі сасуда пасля закупоркі.

— Дарэчы, што такое флебатрамбоз і як яго не прапусціць?

— Флебатрамбоз — тромб у глыбокіх венах галёнкі ці сцягна. Гэта востры стан, які мае сваю клінічную карціну. З'яўляецца рэзкі боль, нага павялічваецца ў памеры, робіцца тугой. У такім выпадку ўрач можа западозрыць трамбоз. Часта пацыенты на прыёме кажуць, што ногі апошнія гады ныюць і ацякаюць, таму трэба праверыць вены, бо, напэўна, ёсць тромб. У такіх выпадках даводзіцца тлумачыць, што яны памыляюцца, бо хадзіць з тромбам два-тры гады немагчыма! Таксама пацыенты павінны ведаць, што трамбоз амаль ніколі не сустракаецца ў двух нагах адначасова. Паўтаруся, што тромб у венах, які флаціруе (замацаваны толькі ў адной кропцы і гайдаецца ў прасвеце сасуда разам з токам крыві), — гэта востры стан. І калі ён адарвецца, можа здарыцца бяда, у тым ліку інфаркт ці інсульт. Трамбоз часта здараецца ў людзей, якія маюць мігальную арытмію.

— Давайце вернемся да варыкозу. З-за чаго ён здараецца?

— У нашых нагах дзве сістэмы вен: паверхневая і глыбокая. Варыкоз здараецца толькі на паверхневай. Нагрузка на вены размяркоўваецца наступным чынам: 10 % — на паверхневыя і 90 % — на глыбокія. Калі глыбокія вены «лянуюцца» і паверхневыя бяруць на сябе дадатковую нагрузку — больш, чым у 10 %, і кроў, якая павінна ісці па глыбокай сістэме, ідзе па паверхневай, узнікае варыкоз. Напрыклад, кроваскід ідзе па паверхневай сістэме, што з'яўляецца адной з прычын гэтай хваробы.

— Варыкоз — спадчынная паталогія?

— Так, вельмі часта можна адсачыць спадчынны фактар.

— Гэта праблема больш характэрная для жанчын?

— Яна часта сустракаецца ў жанчын. Ёсць нават адна з тэорый, якая тлумачыць гэту паталогію гарманальным фонам, у прыватнасці наяўнасцю вялікай колькасці эстрагенаў. Але нярэдка з такой праблемай звяртаюцца і мужчыны. Вельмі часта варыкознае расшырэнне вен здараецца ў спартсменаў. Увогуле ў тых, у каго нагрузкі на ногі вялікія, больш рызыкі атрымаць гэту хваробу.

— Што рабіць, каб яе пазбегнуць ці хоць бы замарудзіць яе развіццё?

— Пажадана насіць кампрэсійны трыкатаж, асабліва калі ведаеце, што давядзецца доўга стаяць. Рэкамендуецца яго выкарыстоўваць і падчас цяжарнасці. Ёсць шэраг практыкаванняў, якія паляпшаюць трофіку і ўмацоўваюць мышачную сістэму ног, таму што кроў па венах, асабліва глыбокіх, рухаецца ў тым ліку і за кошт скарачэння мышцаў. Гімнастыку для ног трэба выконваць штодзень. Увогуле пажадана весці актыўны лад жыцця: прагулкі пешшу, язда на веласіпедзе і заняткі на велатрэнажоры, а таксама плаванне вельмі карысныя, бо папярэджваюць вянозны застой. А вось сілавыя нагрузкі з варыкозным расшырэннем вен непажаданыя, гэтак жа, як і падыманне цяжару. Важна адмовіцца ад курэння і кантраляваць сваю вагу. Цеплавыя працэдуры (гарачыя ванны, саўну, лазню, доўгае знаходжанне на сонцы) лепш выключыць. Карысна абліваць ногі кантрасным душам. Абутак таксама трэба падбіраць правільна: не насіць на плоскай падэшве ці з абцасам вышэй за пяць сантыметраў. Важна і тое, як вы седзіце. Нельга сутуліцца, скрыжоўваць ногі пад крэслам, класці нагу пад сябе ці нагу на нагу. Харчавацца таксама лепш правільна. Асноўную долю рацыёну павінны складаць прадукты з вялікай колькасцю клятчаткі (агародніна, крупы) і з высокім утрыманнем вітамінаў Е, Р і С (морква, шпінат, апельсіны, вінаград, чарніцы). Жывёльныя тлушчы замяняйце на раслінныя (аліўкавы алей, авакада, чырвоная рыба). Сачыце за работай кішэчніка і пры наяўнасці хранічнага запору звяртайцеся да гастраэнтэролага.

Давайце адпачынак нагам днём, а падчас сну падкладайце валік пад матрац у раёне ступняў, каб яны размяшчаліся вышэй узроўню сэрца. Таксама можна прымаць курс венатанізавальных прэпаратаў, у тым ліку ў прафілактычных мэтах.
І пазбягайце прыёму гарманальных супрацьзачаткавых сродкаў.

— Пазбавіцца ад варыкозу лепш да планавання цяжарнасці ці пасля родаў?

— Варыкоз — гэта і рызыка запалення вены, яе трамбіравання. Тромб можа з'явіцца і ў паверхневай вене. Некаторыя жанчыны прыходзяць да ўрача пасля родаў з тромбафлебітам — варыкозным запаленнем, а гэта дастаткова непрыемная сітуацыя. І часцей за ўсё маладая мама жадае захаваць грудное выкормліванне, таму лекі прымаць ёй нельга, аперацыю адразу пасля родаў таксама не хочацца рабіць...Таму ўсё трэба здзяйсняць своечасова. Калі ёсць магчымасць выбіраць, то спачатку лепш зрабіць аперацыю, а затым планаваць цяжарнасць.

— Якімі метадамі зараз пазбаўляюць ад варыкозу? Гэта заўсёды хірургічнае ўмяшальніцтва?

— Варыкознае расшырэнне вен бывае розным. Сёння многія пацыенты добра інфармаваныя, імкнуцца да прыгажосці, і тэхналогіі хутка  развіваюцца. Вялікія гронкі вен, «сінія» ногі цяпер сустракаюцца хіба што ў людзей сталага ўзросту, бо большасць хворых стараюцца пазбаўляцца ад варыкозу раней, чым з'явяцца гіперпігментацыя і маштабнае ўздуцце.
І гэта правільна: калі варыкозныя змяненні пачаліся, то лепш адразу развітацца з гэтай венай. Цяпер вялікая колькасць метадаў — ад склератэрапіі да лазернай каагуляцыі. Улічваючы, што ёсць УГД, а гэта вялікая дапамога для ўрача, флеболаг вызначае, які метад больш падыходзіць у тым ці іншым выпадку, бо ў кожнага свая венозная анатомія. Лячэнне варыкозу мае не толькі эстэтычны складнік, найперш гэта прафілактыка трафічных язваў.

Трэба памятаць, што варыкоз часам імкліва прагрэсіруе, і нават у працаздольным узросце, у 40 з невялікім, могуць з'явіцца трафічныя язвы. Яны ўзнікаюць досыць хутка, а вось лечацца вельмі складана і марудна.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Пагрозы варыкозу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.