Вы тут

Актывізацыю рынку здымнага жылля ў сталіцы чакаем у сярэдзіне мая


Традыцыйна вясна з'яўляецца слабым сезонам для рынку доўгатэрміновай арэнды. Скарачаецца колькасць ахвотных зняць кватэру на працяглы тэрмін, арэндадаўцаў, наадварот, становіцца больш. На гэтым фоне коштавая дынаміка ў першы вясновы месяц была рознанакіраванай — адны кватэры таннелі, іншыя раслі ў цане. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.


Ахвотных паменела

Другі месяц запар ахвотных зняць кватэру ў Мінску становіцца менш. Мяркуючы па тым, як часта ў сеціве шукалі здымнае жыллё, попыт у сакавіку скараціўся на 11,3 %. Цяперашні ўзровень актыўнасці арандатараў самы нізкі за апошнія 10 месяцаў. Наўрад ці сітуацыя зменіцца ў красавіку, але ў другой палове мая, як правіла, попыт пачынае ўжо расці.

Заканамерным вынікам невысокага попыту з'яўляецца рост прапановы, лічаць аналітыкі партала REALT.by «Нерухомасць». У сакавіку колькасць свабодных для засялення кватэр вырасла на 6,1 %. Найбольшы прыток новых аб'ектаў на рынак назіраўся ў двухпакаёвых кватэр (+10,9 %). Сегмент трохпакаёвак вырас у аб'ёме на 3,4 %, а «аднушак» стала больш на 3,2 %.

У параўнанні з сакавіком мінулага года прапанова на рынку арэнды вырасла на 4,1 %. Пры гэтым сёння менш аднапакаёвых кватэр, а «двушак» і «траячак» больш. Дынаміка сярэдніх цэн арэнды ў сакавіку 2018 года адзінствам не вылучалася.

Аднапакаёўкі — 180 долараў

Мінімальныя цэны на аднапакаёвыя кватэры ў агенцтвах нерухомасці цяпер пачынаюцца са 180 долараў. Гэта невялікія кватэры з не вельмі сучаснай мэбляй або ўвогуле без мэблі, але з рамонтам. Такія варыянты сёння сустракаюцца не толькі ў новабудоўлях у Фрунзенскім і Заводскім раёнах або Шабанах. Бюджэтныя варыянты з такім цэннікам арэнды невялікіх кватэр можна адшукаць амаль ва ўсіх мікрараёнах сталіцы.

Таксама сустракаюцца сёння на рынку часам і ўвогуле танныя варыянты маленькіх кватэр, якія прапануюцца за 160—170 долараў. Гэта так званыя слабенькія кватэры з мэбляй савецкіх часоў, са старой бытавой тэхнікай або абстаўленыя толькі часткова. Звычайна жыллё такога цанавога ўзроўню сустракаецца ў старых дамах у Чыжоўцы, мікрараёнах Сухарава і Шабаны. Падобных варыянтаў сёння няшмат, але яны ёсць.

Наш эксперт адзначае, што цяпер кліенты падзяліліся на дзве катэгорыі. Першая выбірае выключна танныя кватэры, калі на камфорт жылля (якасная мэбля і свежы рамонт) звяртаецца мінімальная ўвага. А вось сучасны мінскі кватарант з большай цікавасцю разглядае варыянты кватэр цалкам укамплектаваныя нестарой мэбляй, дзе сярод бытавых прыбораў абавязкова прысутнічае пральная машына. Сярэдні цэннік арэнды такіх аднапакаёвак у сталіцы складае 200 долараў. Сярод амаль аднолькавых па якасці і кошце кватэр прыярытэт аддаецца жыллю ў новабудоўлях з развітой інфраструктурай. Аднапакаёвыя кватэры з даволі прымальным рамонтам і з усім наборам сучаснай мэблі і бытавой тэхнікі (пажадана плоскі тэлевізар і прасторны халадзільнік) прапануюцца сёння ад 200 да 250 долараў.

Двухпакаёўкі — ад 200 долараў

Бюджэтны варыянт двухпакаёвай кватэры мае мінімальны цэннік, які пачынаецца са 180 долараў за месяц. Па такім кошце прапануюцца кватэры ўвогуле без рамонту або з мінімальным наборам старой мэблі і бытавой тэхнікі. Сярэдні кошт арэнды стандартных двухпакаёвых кватэр, якія карыстаюцца стабільным попытам у кліентаў, складае 220—250 долараў. Цалкам укамплектаваныя і максімальна падрыхтаваныя для камфортнага жылля двухпакаёўкі, дзе прысутнічаюць ужо сучасныя пральныя машыны і часам мікрахвалёўкі, здаюцца ў арэнду сёння за 250—280 долараў.

Спецыялісты адзначаюць, што мінімальная цана арэнды трохпакаёвых кватэр складае каля 230 долараў. Звычайна такі цэннік сустракаецца ў старых дамах (без мэблі ці часткова з ёй), у новабудоўлях з кухняй, але без мэблі, а таксама па такім жыллі, дзе ніхто не зарэгістраваны.

Заўважу, што калі ў кватэры ніхто не прапісаны, то камунальныя паслугі там аплачваюцца ў максімальным памеры. Сярэдняя цана стандартных па якасці трохпакаёвых кватэр складае 250—260 долараў. Сапраўды якасныя трохпакаёвыя кватэры ў спальных раёнах сталіцы здаюцца цяпер па цане да 280—300 долараў у месяц і нават вышэй.

Паводле нашых назіранняў, даволі сур'ёзным попытам карыстаюцца ў кліентаў сёння і асобныя пакоі ў прыватных кватэрах. Тут цэннік вагаецца ад 70 да 80 «зялёных». Заўважу, што і цяпер уласнікі такога жылля звычайна не рэгіструюць сваіх кватарантаў, каб не плаціць падаткі. Таму пакоі ў большасці выпадкаў прапануюцца знаёмым у прыватным парадку. Пакойчык па такой схеме будзе каштаваць ужо меней — да 50 долараў за месяц плюс пэўная частка аплаты за святло і ваду.

Доўгатэрміновыя тэндэнцыі

За апошні год падаражэла арэнда ўсіх тыпаў кватэр. У найбольшай ступені арэндныя стаўкі выраслі ў «аднушак» (+7,3 %), крыху менш у двухпакаёвых кватэр (+6,5 %). Арэнда кватэры з трыма пакоямі падаражэла ў сярэднім на 4,1 %.

Мяркуючы па ўсім, момант пікавай даходнасці арэнды ўжо пройдзены — г. зн. купля кватэры з мэтай здачы яе ў арэнду пачынае губляць сваю прывабнасць. За апошнія месяцы сярэдняя даходнасць арэнды скарацілася з 6,09 % да 5,70 % — адбіваецца розная сітуацыя на двух рынках. Цэны на кватэры ў Мінску працягваюць расці, у той час як арэнда стабілізавалася.

Нягледзячы на гэта, бягучы ўзровень даходнасці арэнды па-ранейшаму значна (на 3,24 %) перавышае найлепшую прыбытковасць па валютных дэпазітах

Чакаць ажыятажу ў ліпені — жніўні

Эксперты рынку жыллёвай нерухомасці адзначаюць, што ў апошнія дні мая кліентаў на здымнае жыллё стане крыху больш. Аднак адразу гэты факт ніяк не паўплывае на агульныя тарыфы сталічнай прыватнай арэнды.

Справа ў тым, што будучыя кватаранты проста не маюць магчымасці плаціць большыя грошы за арэнду. Апошнім часам заробкі нават у сярэдняга класа работнікаў у доларавым эквіваленце не павялічыліся. Спецыялісты ўпэўнены, што сітуацыя са стаўкай арэнды застанецца стабільнай да сярэдзіны ліпеня. Потым цэны на здымнае жыллё могуць павысіцца.

Змяненне цэннікаў сёлета можа адбыцца толькі пры выкананні некалькіх умоў. Па-першае, свабодных кватэр на рынку стане менш, чым летась. Другім фактарам можа стаць павелічэнне сур'ёзнага попыту не толькі з боку абітурыентаў, а ўжо студэнтаў-першакурснікаў, а таксама маладых спецыялістаў і маладых сем'яў. За ліпень — жнівень сярэднегарадскія стаўкі арэнды могуць падрасці прыкладна на 10—15 %. Разам з тым эксперты адзначаюць, што падаражанне здымных кватэр можа адбывацца і меншымі тэмпамі. Сёння на гэтым рынку не існуе нейкіх сур'ёзных эканамічных прычын, каб цэннік на падобны тавар увогуле рос. Павелічэнне можа мець ажыятажную прычыну, калі кліентам будзе здавацца, што кватэр усім не хопіць. Аднак падобнае падаражанне звычайна мае толькі часовы характар.

Кліент заўсёды мае рацыю

Цяпер істотна змянілася і само стаўленне ўласнікаў жылля да сваіх патэнцыйных кватарантаў. Калі раней гаспадары свабоднага жылля даволі скрупулёзна выбіралі сабе пастаяльцаў, то сёння іх палітыка наконт гэтага стала больш гнуткай. А ў гэтым выпадку адсутнасць любога дагавора паміж бакамі можа прывесці да сур'ёзных праблем як для гаспадароў жылля, так і для кватарантаў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Выбар — максімальны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».