Вы тут

Чаму на прадпрыемствах гінуць людзі?


За кожнай лічбай статыстыкі — чалавечае гора. Муж, бацька, сын не прыйшоў з працы дадому, а трапіў на бальнічны ложак. Яшчэ горш, калі атрымаў калецтва, а то і наогул загінуў. Сям'я засталася без кармільца, родныя і блізкія страцілі чалавека, якога ніхто і ніколі не заменіць. Бяду прынесла не хвароба або аварыя, а мінутная неабачлівасць альбо парушэнне элементарных правілаў бяспекі. Толькі за тры першыя месяцы гэтага года на Брэстчыне зарэгістравана 11 смяротных няшчасных выпадкаў і 25 цяжкіх вытворчых траўмаў. Летась на гэты перыяд было адпаведна 3 смерці і 17 траўмаў. Акрамя таго, пяць чалавек сёлета памерлі на рабоце па прычынах, не звязаных з вытворчасцю.


Рыш­та­ван­ні без ага­ро­джы.

Цана неабачлівасці

Першы намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Васіль БАЦУК лічыць, што галоўнай прычынай няшчасных выпадкаў становіцца неабачлівасць саміх пацярпелых. Калі гэтую думку праілюстраваць лічбамі, то ў першыя два месяцы (за апошні месяц прычыны яшчэ не да канца расследаваныя. — Аўт.) у абсалютнай большасці смяротных выпадкаў ёсць віна саміх работнікаў. Людзі ведаюць правілы і, выходзіць, свядома іх ігнаруюць.

Васіль Бацук згадаў даўні выпадак, які давялося расследаваць. Тая трагедыя не выходзіць з памяці, бо здарылася з чалавекам сталым, вопытным і дысцыплінаваным, паводле водгукаў калег.

Справа была ў гадзіну ночы, значыць, у начную змену. Кіроўца КАМАЗа бетоназмешвальніка паставіў аўтамабіль пад загрузку бетонам. Пакуль будаўнічы матэрыял перамяшчаўся са змешвальніка ў кузаў, шафёр рашыў адлучыцца на суседні растворабетонны вузел. Пры гэтым аўтамабіль не быў пастаўлены на стаяначны тормаз альбо перадачу, хоць і стаяла машына пад невялікім ухілам. А скідванне масы бетону ў ёмістасць машыны паводле законаў фізікі заўсёды выклікае невялікі штуршок. Гэтага хапіла, каб цяжкая машына пакацілася. У той момант кіроўца вярнуўся, і жалезная махіна прыціснула яго да сцяны. Чалавек загінуў амаль імгненна... Ён меў 37 гадоў працоўнага стажу. Каго можна вінаваціць у згаданай гісторыі? Толькі яго фармальную неабачлівасць.

— Правілы бяспекі тлумачацца доўга, а беды на вытворчасці звычайна здараюцца вельмі хутка, — працягвае Васіль Бацук. — Скажам, скорасць абарачэння вала дыскавай пілы такая высокая, што варта праявіць няўважлівасць... і пальцы ўжо будуць ляжаць на стале, а чалавек не паспее адчуць, боль яшчэ не прыйшоў. Прыведзены прыклад хоць і крыху натуралістычны, але надта красамоўны. Нашы спецыялісты яго часта прыводзяць, каб закласці ў свядомасць патэнцыйнага работніка патрэбу быць уважлівым. А колькі няшчасцяў здараецца са страхарамі пры будаўніцтве скатнага даху! Варта парушыць дзясятую долю патрабаванняў бяспекі — і вось паслізнуўся, а праз некалькі секундаў ужо ляціш. У той сітуацыі чалавек не паспявае зрэагаваць, напрыклад зачапіцца за што-небудзь. У маёй практыцы шмат падобных выпадкаў станавілася прадметам разбору. На жаль, вельмі часта пасмяротнага.

Таму адказнасць чалавека за ўласную бяспеку ніхто не адмяняў. Кожны, паднімаючыся на будаўнічыя рыштаванні альбо падыходзячы да прыбораў і абсталявання, павінен выконваць правілы бяспекі. Іншага проста не дадзена.

Адказнасць наймальніка

У гэтым годзе два чалавекі загінулі на прадпрыемствах холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў». Яшчэ не высахлі ўсе слёзы ад наступстваў страшнай трагедыі, якая адбылася 25 кастрычніка 2010 года, — тады ад узрыву на адным з прадпрыемстваў холдынга загінулі 14 чалавек, трое сталі інвалідамі. Інцыдэнт назвалі самай буйной прамысловай аварыяй у краіне за некалькі дзесяцігоддзяў. А родныя загінулых да гэтай пары не ў поўнай меры атрымалі вызначаныя судамі кампенсацыі. І вось новыя смерці...

У студзені смяротную траўму атрымаў лушчыльшчык шпоны ААТ «Шперплат». Гэта адно з прадпрыемстваў «Пінскдрэва». Чалавек знаходзіўся ў небяспечнай зоне частак абсталявання, якія рухаюцца. Яго прыціснула рычагом да корпуса абсталявання. Спецыялісты ўстанавілі, што на заводзе не былі прынятыя меры па ўстаноўцы неабходных сродкаў абароны, якія выключылі б магчымасць знаходжання чалавека ў небяспечнай зоне. За гэта адказваюць канкрэтныя службовыя асобы. Іх дзейнасці, вядома, будзе дадзена прававая ацэнка. А пакуль на «Пінскдрэве» нават адмовіліся падпісаць заключэнне спецыяльнага расследавання, праведзенага абласным упраўленнем дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

Усе адказныя за ахову працы ведаюць, што рухомыя часткі абсталявання: ланцуговыя, раменныя, зубчастыя, валы, якія рухаюцца, — усё павінна быць закрыта абароннай агароджай. Як і ў таго, хто паднімаецца на вышыню, павінна быць страхоўка. А стропальшчык ААТ «Спецжалезабетон» у Лунінецкім раёне чамусьці проста палез на вагон, не ўтрымаўся, упаў і атрымаў цяжкую траўму. Гэта таксама адзін з нядаўніх выпадкаў, не прайшло яшчэ і двух месяцаў.

Пры правядзенні расследавання няшчасных выпадкаў станавілася відавочна, што для папярэджання многіх і многіх парушэнняў тэхнікі бяспекі не спатрэбілася б шмат фінансавых сродкаў, адзначаюць спецыялісты. Бракуе адказнасці ў службовых асоб. Нездарма ж ад адказных за ахову працы патрабуюць тэхналагічную дакументацыю, якая вызначае парадак выканання работ і іх бяспекі. І галоўнае, каб той парадак выконваўся, а не заставаўся на паперы.

Давер і свядомасць

Пі­ла без ахоў­най ага­ро­джы.

Як вядома, апошнім часам дзяржава аказала вялікі давер кіраўнікам вытворчасці ў спадзяванні на іх адказнасць і свядомасць. Цяпер інспекцыя працы праводзіць зусім мала праверак, яна ажыццяўляе найбольш прафілактычную работу. Зараз інспектары самі прапаноўваюць паслугі прадпрыемству. Яны гатовыя прыйсці, паглядзець на вытворчы працэс і даць рэкамендацыі па яго паляпшэнні на карысць бяспекі людзей. Але дзіўная рэч, адзначаюць у інспекцыі, кіраўнікі нярэдка адмаўляюцца, прапануюць адкласці, перанесці візіт на другое паўгоддзе. А некаторыя нават не пускаюць на сваю тэрыторыю мабільныя групы спецыялістаў, створаныя выканаўчымі органамі ўлады. Групы ёсць у кожным горадзе і раёне, яны створаны па рэкамендацыі Мінпрацы. У склад такіх груп, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі энерганагляду, інспекцыі працы, МНС, пракуратуры, іншых службаў. Мэта іх дзейнасці — прафілактыка. Спецыялісты прыходзяць на завод альбо фабрыку, у цэх, дзе за гадзіну альбо дзве аглядаюць вытворчы працэс і абсталяванне. Пры гэтым нікому не перашкаджаюць, нікога ад работы не адрываюць. Праўда, бывае, што самі рабочыя падыходзяць, задаюць пытанні, удакладняюць. Потым удзельнікі груп падагульняюць свае заўвагі і прапановы і пакідаюць іх на паперы ў выглядзе рэкамендацый. Цікавую аналогію правёў Васіль Бацук: «Калі б да грамадзяніна дадому напрошвалася група ўрачоў-спецыялістаў, гатовых правесці агляд і даць рэкамендацыі па тым, як пражыць доўга і захаваць якасць жыцця, хіба хто адмовіўся б? А тут жа таксама гаворка ідзе пра жыццё і здароўе».

Але некаторыя кіраўнікі альбо наймальнікі не лічаць патрэбнымі такія формы ўзаемадзеяння са службамі. Дарэчы, на «Пінскдрэве» мабільную групу гарвыканкама на прадпрыемствы не пускаюць. А там, як ужо гаварылася, дзве смерці — за тры месяцы. Другі выпадак пакуль не расследаваны, таму спецыялісты не даюць каментарыяў. Вядома толькі, што работнік упаў у ванну для прамочвання піламатэрыялаў.

Дык, можа, рана далі паслабленне патэнцыйным наймальнікам у выглядзе лібералізацыі заканадаўчай базы, якая рэгулюе кантроль за аховай працы? Многія аказаліся не гатовымі да найвышэйшай формы кантролю, якой з'яўляецца давер.

З апошнім сцверджаннем згодны і галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Павел ФЯДОТАЎ. Ён заўважыў, што пасля Дырэктывы № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», прынятай у 2004 годзе, вытворчы траўматызм істотна паменшыўся. А цяпер, з заканадаўчымі паслабленнямі, лічбы палезлі ўгору.

Яшчэ ў гутарцы з карэспандэнтам газеты Павел Фядотаў засяродзіў увагу на фактах смерці на вытворчасці, якія не звязаныя з траўматызмам. Летась у вобласці на сваіх працоўных месцах памерлі 47 чалавек ва ўзросце ад 27 да 60 гадоў. Найбольш у сельскагаспадарчай галіне — 14 чалавек, у дарожнай галіне і аўтатранспарце — восем работнікаў, у сістэме ЖКГ — чатыры. Прафсаюзы занепакоены тым, што ў працоўных калектывах удзяляецца мала ўвагі прапагандзе здаровага ладу жыцця. Варта заахвочваць работнікаў, якія займаюцца спортам, вядуць здаровы лад жыцця. І галоўнае, клопатам наймальніка павінны стаць пастаянныя медагляды, дыспансерызацыя членаў працоўнага калектыву. Сёння не рэдкасць, калі людзі хаваюць сапраўдны стан здароўя, бо баяцца застацца без работы. Асабліва гэта стала актуальна цяпер, калі паднялі пенсійны ўзрост. Ясна, што ніхто не хоча застацца без працы, таму і не скардзіцца на здароўе. Напрыклад, з 47 памерлых толькі чатыры чалавекі абмовіліся калегам, што яны не вельмі добра сябе адчуваюць. Астатнія цярпелі моўчкі. Калі медыцынскія агляды праходзілі рэгулярна, можна было б выявіць хваробы на больш ранніх стадыях і дапамагчы людзям. Наймальніку трэба раскашэльвацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З працы дадому — жывым і здаровым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.