Вы тут

Як таты змагаюцца ў судах за сваіх крывіначак


«У мяне такая сітуацыя. Цешча настройвае дзіця супраць мяне, а жонка на кантакт не ідзе. Хаджу бачыцца з дачкой у садок. Там дзіця мяне не адпускае. А нядаўна сказала, што ў яе ёсць новы тата. Яшчэ крыху, і я страчу дачку...»

Калі пара разводзіцца, часта чуем нараканні ад жанчын: былы муж не хоча плаціць аліменты, пазбягае сустрэч з дзецьмі. Таму ўсе клопаты аб выхаванні кладуцца на плечы мам. Але ў гэтай сітуацыі, як і ў кожнай іншай, ёсць адваротны бок. Кіраўнік грамадскага аб'яднання «Абарона правоў бацькаў і дзяцей» Алег БАКУЛІН шмат гадоў адстойвае інтарэсы татаў у судзе. Ён прызнаецца: мужчын, якія хацелі б удзельнічаць у жыцці сваіх дачок і сыноў, нямала. Але, на думку эксперта, не заўсёды ім даюць магчымасць гэта рабіць.


Зды­мак но­сіць ілюст­ра­цый­ны ха­рак­тар.

Адвакат расказвае, што судовыя пасяджэнні па дзецях праходзяць вельмі эмацыянальна:

— Каб выйграць спрэчку, дарослыя гатовы ўсіх «сабак» спусціць на іншага, абліць граззю, падтасаваць дакументы, знайсці «сведак». Апошнім часам, калі вырашаюць пытанне аб месцы пражывання малых, бацьку любяць абвінаваціць у педафіліі. Напрыклад, ён «адзін дзяцей у Егіпет павёз» ці «пацалаваў сына, калі адводзіў у школу». За лжывыя абвінавачванні можна і да адказнасці прыцягнуць, але жанчына піша ў заяве «я падазраю, мяркую», каб у яе праблем не было. Органы праводзяць праверку, часам па паўгода, канфіскуюць ноўтбукі, тэлефоны — і нічога не знаходзяць. А былыя жонкі потым прызнаюцца ў асабістых размовах: ты ж не захацеў кватэру нам пакінуць, вось і пайшла на крайнія меры.

Часта справы аб падзеле дзяцей «абрастаюць» адміністрацыйнымі і крымінальнымі пратаколамі — за абразы, прычыненне цялесных пашкоджанняў.

— Чаму таты змагаюцца за дзяцей?

— Бо любяць іх і хочуць удзельнічаць у іх выхаванні. Але часам іншай магчымасці, акрамя як вырашыць гэта праз суд, няма. Ім проста не даюць бачыцца з сынамі і дочкамі, гутарыць з імі, праяўляць увагу і клопат. Некаторыя маці абмяжоўваюць любы кантакт. Напрыклад, жанчына дазваляе сустрэцца з дзецьмі толькі на дзве гадзіны на тыдзень у яе прысутнасці. І тое, калі малыя не хварэюць ці яна не занятая на рабоце. І такое можа цягнуцца гадамі. За гэты час дзецям унушаюць негатыўнае стаўленне да татаў, мяняюць прозвішчы. Гэта прадпрымаецца не ў інтарэсах сына або дачкі, а для таго, каб зрабіць горш бацьку.

Адзін з кліентаў расказваў, што, каб правесці з дзіцем суботу і нядзелю, яму трэба было кожны раз плаціць былой жонцы 100 долараў. Няма грошай — да пабачэння. Пры гэтым ён спраўна плаціў аліменты, купляў усё патрэбнае.

Вядома, ёсць бацькі, якім усё роўна. Але такія на суды і не ходзяць.

— А такіх, каму не ўсё роўна, шмат?

— Кожны год да нас у арганізацыю паступае паўтары тысячы зваротаў. Але гэта не толькі заяўкі на суправаджэнне і абарону правоў у судзе — многія таты просяць проста пракансультаваць, як дзейнічаць у іх сітуацыі.

— На што звяртае ўвагу суд, прымаючы рашэнне аб тым, з кім пакінуць дзіця?

— Ён мусіць сыходзіць з роўнасці правоў абаіх бацькоў. Гэта прадугледжвае артыкул 76 Кодэкса аб шлюбе і сям'і. Калі вырашаецца пытанне аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці пасля разводу таты і мамы, прымяняецца артыкул 74 Кодэкса. Згодна з ім, суд улічвае, хто больш увагі праяўляе да дзіцяці, узрост непаўналетняга і яго прывязанасць да кожнага з бацькоў, асабістыя якасці былых сужэнцаў, ці могуць яны стварыць належныя матэрыяльна-бытавыя ўмовы і маральна-псіхалагічную атмасферу.

Сам па сабе большы матэрыяльны дастатак не з'яўляецца падставай для прыняцця рашэння. Усё трэба глядзець у сукупнасці. Але зразумела, што калі ў аднаго з бацькоў ёсць кватэра, а ў другога — толькі ложка-месца ў інтэрнаце, першы ў больш выйгрышным становішчы.

— Калі дзіцяці ўжо споўнілася 10 гадоў, то суд прымае да ўвагі і яго меркаванне. А як зразумець, што малы кажа тое, што адчувае, а не тое, чаму яго навучылі і чаго патрабуе адзін з бакоў?

— Для гэтага робіцца комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. На ёй можна выявіць, ці маецца ўплыў кагосьці з бацькоў. Эксперты гутараць з дзіцем, дарослымі, назіраюць за іх паводзінамі.

— Якія шанцы ў бацькі выйграць справу?

— Так складана адказаць, трэба ведаць канкрэтную сітуацыю. Але, па маіх назіраннях, татам аддаюць дзяцей на выхаванне прыкладна ў 1—2 працэнтах выпадкаў.

— Можа, на гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны?

— Не заўсёды. Вось адна судовая спрэчка цягнецца ўжо пяць гадоў. Калі яна пачыналася, дзяўчынцы было 12 гадоў, а хлопчыку — пяць. Яны не захацелі жыць з мамай, бо тая абыякава да іх ставілася. Ніколі не хадзіла на бацькоўскія сходы, не звярталася ў амбулаторыю наконт здароўя сына і дачкі. Дзеці пераехалі з бацькам у аднапакаёвую кватэру ў іншы населены пункт. Пачаўся суд аб разводзе. У выніку жанчына ад старэйшай дачкі сама адмовілася, а малодшага сына пажадала забраць. Псіхалагічная дыягностыка паказала, што хлопчык хоча застацца з бацькам. Але суддзя заявіла: «Трэба перадаць малога маці, каб ён палюбіў яе і захацеў з ёй жыць».

Іншая жанчына ездзіла за мяжу працаваць у сферы секс-паслуг. Кідала па паўгода дзіця на сястру.

Ці вось яшчэ гісторыя. Бацька з аднаго раённага гарадка змагаецца за дваіх дзяцей. Яны цяпер з яго былой жонкай, якая жыве ў вёсцы, у хаце без выгод. Жанчына нідзе не працавала, трэцяе дзіця мае ад іншага мужчыны. Неяк яна захварэла, і ёй трэба было класціся ў бальніцу. Замест таго каб пазваніць тату малога і папрасіць аб дапамозе, зрабіла так, каб здаровае двухгадовае дзіця таксама паклалі ў бальніцу, бо не было з кім яго пакінуць.

— Чаму тады суддзі становяцца на бок жанчын?

— Я думаю, што гэта ўсталяваная практыка. Законы ў нас добрыя, але іх не заўсёды строга прытрымліваюцца. Спрацоўвае стэрэатып. Ніхто не хоча быць «белай варонай» і вырашаць справу на карысць таты. Плюс сярод суддзяў шмат жанчын, таму яны больш спачуваюць маці.

— Да татаў больш прыдзіраюцца?

— Бацьку на судзе задаюць шмат пытанняў, на маю думку, неістотных. Напрыклад: «Які памер калготак у вашай дачкі?» Калі мужчына не ведае, адразу накідваюцца на яго: маўляў, дык які ж вы бацька? Але з памерам дзіцячага адзення ўвогуле складана ўгадаць. Еўрапейская маркіроўка адна, беларуская — другая. І дзіця хутка расце. Лепш узяць дачку, адвесці ў краму і разам з ёй купіць, што падыходзіць.

Ці просяць назваць прозвішча выхавацеля ў групе ў дзіцячым садку. А многія ведаюць толькі імя і імя па бацьку. Не адкажаш — робяць выснову, што не цікавішся жыццём дзіцяці.

А на тое, што малыя з бацькам падарожнічаюць, развіваюцца, не звяртаюць увагі.

— Справы аб падзеле дзяцей дорага абыходзяцца?

— Так, гэта вялікія сумы. Адна псіхолага-псіхіятрычная экспертыза каштуе 1000—1500 рублёў. Ведаю, адзін мужчына крэдыт у банку браў, 11 тысяч рублёў: частка грошай была патрэбна для паляпшэння жыллёвых умоў, астатняе — на суды. Другі бацька, які ўжо некалькі гадоў судзіцца, каля 30 тысяч затраціў на пасяджэнні. Тут яшчэ трэба ўлічваць, што калі ты прайграеш справу, то плаціш таксама за адваката і іншыя выдаткі з таго боку.

— Няўжо пытанне аб дзецях нельга вырашыць мірна?

— Можна. Інтэлігентныя людзі, якія клапоцяцца пра сваіх сыноў і дачок, так і робяць. І дзеці гадамі не адчуваюць, што бацькі ў разводзе.

Не трэба рабіць малечу прадметам торгу. Многія выкарыстоўваюць дзяцей, каб вырашыць свае інтарэсы. Неабавязкова матэрыяльныя — проста адпомсціць. Але бацькам варта было б думаць аб тым, што будзе лепш не для іх самаацэнкі, пачуцця ўласнай значнасці ці задаволенасці, а для дзяцей.


Неабходна дамаўляцца, а не захапляцца помстай

Пра тое, як судовыя баталіі бацькоў адбіваюцца на дзіцяці, чаму для рашэнняў пакінуць малога з маці ёсць падставы і як правільна разысціся, разважае галоўны пазаштатны псіхолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Таццяна УШАКЕВІЧ.

— Сям'я для дзіцяці — гэта цэлы свет. Ужо сам факт разводу для яго дастаткова балючы, бо гэты свет руйнуецца, — адразу кажа спецыяліст. — А калі мы кажам пра сітуацыі, дзе дарослыя людзі не могуць дамовіцца адно з адным і дзіця становіцца сродкам помсты іншаму сужэнцу, то малы як мінімум адчувае жах. Бо яму здаецца, што самыя блізкія людзі яму здраджваюць. Для дзіцяці гэта траўма, што маці і бацька настолькі захоплены помстай, перацягваюць яго, як канат, кожны ў свой бок. Але самае неразумнае пытанне, якое мы можам задаць малому: «Каго ты любіш больш?».

Тое, што дзяцей часцей пакідаюць жанчынам, псіхолаг лічыць цалкам лагічным: усё ж такі функцыя мацярынства больш біялагічная, гэта фігура для нас з'яўляецца больш значнай. А вось як адаб'ецца на характары хлопчыка ці дзяўчынкі выхаванне без таты, адказаць адназначна складана.

— Як асоба малога гэту сітуацыю ўспрыме, унутры сябе перапрацуе і ўбудуе ў свае погляды на жыццё, не прадугадаць. Шмат нюансаў. Выказванні пра тое, што хлопчык, які выхоўваецца без бацькі, абавязкова вырасце інфантыльным ці мамчыным сынком, прыцягнуты за вушы. Чамусьці лічыцца, што ў псіхалогіі ёсць простыя адказы: калі я зраблю так, то гэта прывядзе да такога выніку. Паверце, рабіць такія прамыя высновы абсалютна не пісьменна. Так, маці можа занадта апякаць дзіця. Але калі ў яго моцны бунтарскі пачатак, ён будзе выступаць супраць гэтага і вырасце самастойным і мэтанакіраваным. Вядома, гэта не вельмі добра, калі малыя выхоўваюцца ў няпоўнай сям'і. Дзіця заводзяць тата і мама, і прымаць удзел у яго жыцці павінны абодва, незалежна ад таго, жывуць разам ці не. Бо нават калі яны перастаюць быць сужэнцамі, усё адно застаюцца бацькамі.

Таццяна Ушакевіч тлумачыць, што мужчыны і жанчыны выконваюць розныя функцыі ў выхаванні. Маці больш эмацыянальная, прымае ўсё, падтрымлівае. А бацька прыўносіць парадак і закон.

Былыя сужэнцы, якія пераўтвараюць падзел дзяцей у баталію, — гэта людзі ў нейкай ступені нясталыя. Нармальная маці не будзе раўнаваць сына ці дачку да таго, што яны праводзяць час з уласным татам, ездзяць з ім у адпачынак. «Часта ў шлюб уступаюць нясталыя людзі, вось і атрымліваюцца такія дзіўныя разрывы. Магчыма, мы шмат рамантызуем наконт замужжа і жаніцьбы, думаем, што сужэнец будзе выконваць такую ж функцыю, як бацькі, толькі дасць больш свабоды. Але жыццё з іншым чалавекам — гэта заўсёды складанае выпрабаванне».

Псіхолаг раіць: разводзіцца трэба не на эмоцыях, а з халодным сэрцам, калі вы сапраўды разумееце, што ў вашым шлюбе больш нічога няма, не засталося кахання і далейшае жыццё з гэтым чалавекам немэтазгоднае. Неабходна дамаўляцца. Варта рабіць разрыў менш балючым для вашага былога сужэнца, бо гэта сведчыць пра павагу і да сябе ў тым ліку: вы ж самі некалі выбралі гэтага мужчыну (жанчыну) у спадарожнікі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дзіця разладу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.