Вы тут

Панадкусаныя яблыкі


У хрушчоўцы, дзе я зараз жыву, распачаўся капітальны рамонт. Таму апошнія два месяцы ўвесь наш пад'езд пакутуе без газу. За гэты час я адкрыла для сябе шмат новых бістро, сталовак і піцэрый паблізу з месцам працы і домам. Не абышлося і без расчаравання. На днях завітала ў адну з «мажорных» кавярняў. У абедзенным меню ўгледзела свой любімы гарохавы суп. Але ў першай жа лыжцы мяне чакаў сюрпрыз. Кавалачак металічнай ніткі, падобны да тых, з якіх робяць мачалкі для чысткі патэльні. Я з міскай супу і сваёй нечаканай знаходкай падышла да афіцыянткі. Тая тут жа паклікала кухарку. Жанчына гадоў сарака пакруціла ў руцэ маю знаходку і выдала: «Дзяўчына, у нас такіх няма! Розуму не дабяру, дзе вы яе ўзялі». І пасля гэтых слоў кінула жалезку на падлогу. У гэты момант з кухні выйшаў малады мужчына, як пасля высветлілася, гаспадар той кавярні... Ён вярнуў мне грошы за суп разам з выбачэннямі і абяцаннем больш такога не дапусціць... Я ж усё думала пра тую кухарку і пра тое, што большасць людзей не ўмее прызнаваць сваю віну. Адразу ж па інерцыі спрабуюць спіхнуць яе на іншага...


Трохгадовы Алесь носіцца па кватэры, крычыць і кідаецца ў гасцей цацкамі. Урэшце спатыкнуўся аб машынку і са слязамі накінуўся на Жэньку, што стаяў побач: «Гэта ўсё з-за цябе, кінуў мне яе пад ногі». Хоць некалькі хвілін таму зрабіў гэта сам. Кажу яго тату, маўляў, звярні ўвагу. Алесь яшчэ такі малы, а ўжо сваю віну на іншых перакладае. На што чую ў адказ: «Што тут зробіш. У садок жа пайшоў. А там дзеці яшчэ і не таму навучаць». Пасля гэтых слоў мне не захацелася больш нічога тлумачыць. Недарэмна кажуць, яблык ад яблыні...

З гэтай нагоды прыгадалася даволі жорсткая інгушская прытча.

Хлопчык украў у суседскім садзе некалькі яблыкаў і прынёс дадому. Бацька пахваліў малога. І года не прайшло, як сын ужо прынёс украдзеную курыцу. Затым прывёў чужую карову. І кожны раз атрымліваў пахвалу ад бацькі. Ішлі гады, і малады чалавек стаў сапраўдным злодзеем. Аднойчы ён вырашыў прысвоіць казну знакамітага князя, але яго злавілі. Хлопца чакала смяротнае пакаранне. Суддзя даў злодзею апошняе слова, і той сказаў:

— Вось там сядзіць мой бацька, які заахвочваў мяне да крадзяжу, своечасова не спыніў. На ім столькі ж віны, колькі і на мне.

Калі суддзя пераканаўся, што малады чалавек кажа праўду, ён памяняў сваё рашэнне. Наказаўшы хлопцу больш не красці, адпусціў яго, а бацьку прыгаварыў да смяротнага пакарання.

У мяне дома вісіць малюнак мастачкі Вікторыі Кірдзій. На ім непасрэдная вавёрка, якая панадкусвала цэлую кучу яблыкаў. Штораз, калі бачу яе, успамінаю дачушку сваёй знаёмай. Неяк я зайшла да іх у госці. Сядзім, размаўляем. Раптам у пакой забягае Аленка з двума вялікімі яблыкамі ў руках. Сяброўка з усмешкай спытала сваю маленькую прынцэсу: «Мілая, ты не магла б даць сваёй мамачцы адзін з двух яблыкаў?» Дзяўчынка паглядзела на маму і хуценька надкусіла адзін яблык, затым другі. Усмешка застыла на твары сяброўкі, яна вельмі старалася не паказаць сваё расчараванне. Я таксама паспела расстроіцца... І раптам дзяўчынка працягнула адзін з укушаных яблыкаў і сказала: «Мамачка, вазьмі вось гэты, ён больш салодкі».

Гэта быў чарговы ўрок... для мяне таксама. Ніколі не варта спяшацца судзіць іншых. Дайце ім магчымасць растлумачыць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.